Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае пазнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў-фантастаў Айзека Азімава і Рэя Брэдберы. Выстава «Наперадзе часу» прысвечана 100-годдзю з дня іх нараджэння. Пра гэта БЕЛТА [1] паведамілі ў НББ.
«Айзек Азімаў і Рэй Брэдберы — наватары, якія сталі класікамі і падарылі чытачам унікальны свет, таленавітыя прароцтвы і засцярогі. Яны пачыналі ў эпоху, калі фантастыка была адной з разнавіднасцяў таннага чытання, pulp fiction. Гэты жанр пасталеў разам з імі і стаў такім, якім мы яго ведаем і любім. У цэнтры ўвагі літаратурнай творчасці пісьменнікаў — сацыяльныя і маральныя аспекты тэхнічнага развіцця, праблемы актыўнай дзейнасці чалавека ў сучасным свеце, барацьба супраць зла і пагрозы вайны», - распавялі ў НББ.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць галоўныя творы пісьменнікаў. Самыя вядомыя з буйных формаў, якія прынеслі славу Рэю Брэдберы, — «451 градус па Фарэнгейце», «Марсіянскія хронікі» і «Віно з дзьмухаўцоў». На выставе можна ўбачыць вядомы раман «Насоўваецца бяда» і незавершаны твор «Маскі» аб адзінокім чалавеку, які стварае сабе несапраўдны твар як адказ на абыякавасць навакольных. Але самая вялікая па аб’ёме частка творчасці Рэя Брэдберы — апавяданні. Менавіта ў гэтай форме ён дасягнуў вяршыняў майстэрства, таму на выставе значнае месца адводзіцца зборнікам апавяданняў розных гадоў: «Чалавек у малюнках», «Лекі ад меланхоліі», «Цёмны карнавал».
Галоўныя тэмы ў творчасці Айзека Азімава — ачалавечванне робатаў і рассяленне людзей у космасе. «Тэме робатаў прысвечаны шматлікія апавяданні і аповесці «Я, робат», «Стальныя пячоры», «Аголенае сонца» і цыкл раманаў «Дэтэктыў Элайджа Бейлі і робат Дэніэл Аліва». Кнігі раскрываюць праблему ўзаемадзеяння людзей і робатаў і звязаныя з гэтым маральныя прынцыпы. тры закона робататэхнікі, прыдуманыя Айзекам Азімавым, ляглі ў аснову навукі аб штучным інтэлекце.
Азімаў быў самым знакамітым папулярызатарам навукі свайго часу, навукова-папулярных кніг у яго было нават больш, чым мастацкіх. Яны ахопліваюць разнастайныя тэмы — ад фізікі і астраноміі да гісторыі і псіхалогіі. На выставе можна пазнаёміцца з спадчынай Айзека Азімава і ў гэтым ракурсе.
Выстава будзе працаваць да 8 лістапада.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/nbb-priglashaet-poznakomitsja-s-tvorchestvom-pisatelej-fantastov-azimova-i-bredberi-401054-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/fantastyka