Узгадаў Прэзідэнт у сваёй прамове [1] і пра рэформы і «перамены». Заклік ажыццявіць «перамены» праз вяртанне ў 90-я і вярнуць Канстытуцыю 1994 года ён назваў «падарункам крыміналу і крымінальнаму бізнесу».
«Таму ніякага вяртання ў ліхалецце 90-х быць не можа. Гэта будзе «добрай», мутнай умовай для правядзення тых «рэформаў», пра якія сёння талдычаць нашы «альтэрнатыўшчыкі». Вярнуўшы Канстытуцыю 94-га года, мы адродзім безуладдзе, абязлічым адказнасць кадраў. Тым, хто стаіць за гэтымі заявамі, патрэбна блытаніна ў краіне, каб «распілаваць», парэзаць дзяржуласнасць, дзяржаўныя прадпрыемствы і «прыхватызаваць», як раней казалі, іх! Увесці прыватную ўласнасць на зямлю і пазбавіць народ таго, на чым ён стаяў і стаіць заўсёды, і стаяць будзе», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Ён упэўнены: ажыццяўляючы «перамены», трэба ісці ад людзей і станка. Перамены павінны прыносіць карысць краіне, умацоўваючы яе, а не руйнуючы. Таму беларускі шлях рэформаў — гэта цярплівае, удумлівае ўдасканаленне той вытворчасці, якая створана ў нашай краіне і заснавана на ўласных сыравіннай базе, навуцы і кампетэнцыі. Трэба займацца тым, што ты ўмееш рабіць перш за ўсё, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
«Рэформы — гэта не кампанія, гэта працэс, часам цяжкі і балючы. Нездарма ў народзе кажуць: «Крый божа жыць у перыяд рэформаў і перамен». Але калі не ажыццяўляць перамены, яны пройдуць без нас і міма нас. Таму, трымаючы руку на пульсе, трэба своечасова заўважыць імкненне грамадства да рэальных перамен і адрэагаваць. Шлях «разбурыць ушчэнт, а затым...» — не наш шлях. Ліміты рэвалюцый і разбурэнняў беларускі народ вычарпаў ў мінулым стагоддзі. Ніякага перадзелу ўласнасці не будзе! Чым ён сканчаецца, мы бачылі на прыкладзе краін, якія спрабавалі пайсці па гэтым шляху» — заявіў Прэзідэнт.
Варвара МАРОЗАВА
Прэв’ю: БЕЛТА
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20200804/1596526802-syonnya-prezident-belarusi-alyaksandr-lukashenka-zvernecca-da-naroda-i
[2] https://zviazda.by/be/tags/paslanne-da-belaruskaga-naroda-i-nacyyanalnaga-shodu