Уначы 1 жніўня ў Слуцкі РАУС паведамілі, што ў двары прыватнага дома ў вёсцы Малая Падзер гарыць аўтамабіль. Калі пажарныя і міліцыянеры прыбылі на месца, Opel амаль згарэў. Уладальнік выказаў здагадку, што іншамарку маглі падпаліць, паведамляе МУС [1].
Высветлілася, што пацярпелы працуе начальнікам аховы на раённым камбінаце хлебапрадуктаў. Напярэдадні здарэння ён пасварыўся з мясцовым індывідуальным прадпрымальнікам, які займаецца грузаперавозкамі: той прывёз на прадпрыемства сыравіну, ігнаруючы санітарныя меры. У выніку фуру не разгрузілі.
Камерсант вырашыў адпомсціць: ноччу ў сваім гаражы зрабіў «кактэйль Молатава» і паехаў да крыўдзіцеля. Уваход у двор аказаўся свабодным, а дзверы аўтамабіля не замкнёнымі. Таму вясковец разліў запальную сумесь па ўсім салоне і падпаліў.
Калі 42-гадовы мужчына ўцякаў, то забыўся бутэльку з пакінутай вадкасцю на ганку дома пацярпелага. У наступным гэта стала яшчэ адным пацвярджэннем, што машыну падпалілі.
Раніцай аператыўнікі планавалі апытаць падазраванага і прыехалі да яго дадому. Аднак прадпрымальнік схапіўся за сякеру і пачаў пагражаць міліцыянерам, выганяючы іх з двара. Маці нападніка спрабавала яго спыніць.
Тым не менш вяскоўца затрымалі і даставілі ў ІЧУ. Заведзены крымінальныя справы за наўмыснае знішчэнне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам, і пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Спасылкі
[1] https://t.me/pressmvd
[2] https://zviazda.by/be/tags/sluck
[3] https://zviazda.by/be/tags/kryminal