Па меншай меры восем ваеннаслужачых загінулі ў выніку падрыву у суботу тэрарыстам-смяротнікам начыненага выбухоўкай аўтамабіля ў вайсковай базы ў сталіцы Самалі Магадзіша. Пра гэта паведаміў Самалійскі інфармацыйны партал Goobjoog News са спасылкай на медыцынскіх работнікаў, піша [1] ТАСС.
Яшчэ 14 чалавек атрымалі раненні. Выбух адбыўся на скрыжаванні Бар-Аян у сталічным раёне Варта-Набада недалёка ад гарадскога стадыёна. Машына, па словах відавочцаў, спрабавала прарвацца праз армейскі КПП. На выкладзеным у Інтэрнэт відэароліку бачна, як над горадам у раёне выбуху падымаецца густое воблака белага дыму.
Улады Самалі падазраюць ісламісцкую групоўку «Аш-Шабаб» у падрыхтоўцы і правядзенні тэрарыстычнай атакі, паведаміў самалійскі партал навінаў GaroweOnline.
Партал прыводзіць словы палкоўніка Ахмеда Алі, згодна з якім колькасць ахвяр можа павялічыцца, бо ёсць цяжка параненыя. Цяпер яны знаходзяцца ў шпіталі.
Тэрарыст атакаваў размяшчэнне вайсковай брыгады, якое носіць назву «12 красавіка». У гэты дзень былі створаны Узброеныя сілы Самалі. Зараз база ачэпленая матарызаванымі падраздзяленнямі, якія прыбылі ў раён інцыдэнту.
Прэв’ю: Goobjoog News
Спасылкі
[1] https://tass.ru/proisshestviya/9151581
[2] https://zviazda.by/be/tags/samali
[3] https://zviazda.by/be/tags/vybuh