«Добры дзень, — напісаў у звароце ў рэдакцыю сын гэтай жанчыны. — Так атрымалася, што я знаходжуся за мяжой, а маю маці, пенсіянерку, у гэты час высяляюць з дома, які будавалі яшчэ мае прадзед і дзед. Ёй не хочуць ацэньваць дом каля 100 квадратных метраў, лазню, гаспадарчыя пабудовы, уласную краму плошчай 45 квадратных метраў, сад з пладовымі дрэвамі і кустоўем... Замест усяго гэтага прапануюць двухпакаёўку на апошнім паверсе шматпавярховіка. Яна звярталася ва ўсе інстанцыі, каб адстаяць свае правы, але безвынікова». І прыклаў да паслання ліст ад маці на дзевяці старонках.
У Марыі Сяргееўны шмат афіцыйнай дакументацыі.
Рашэнне на знос
Цагляны дом Марыі Валенцій у Горках шукаць доўга не давялося: ён вельмі зручна размясціўся, лічы, у самым цэнтры горада — непадалёк ад райвыканкама і аўтавакзала. Як расказала Марыя Валенцій, усё пачалося ў лістападзе 2018 года, калі да яе прыйшла прадстаўніца раённага агенцтва па нерухомасці і зямельным кадастры, каб апісаць маёмасць. Яна паведаміла, што дом знаходзіцца ў зоне перспектыўнай забудовы і, згодна з рашэннем Горацкага райвыканкама, яшчэ ў 2009 годзе быў прызначаны пад знос. Для Марыі Сяргееўны гэтая заява стала, мякка кажучы, нечаканай. Жанчына вырашыла аспрэчыць рашэнне выканкама аб зносе дома. Але ні Горацкі суд, ні Магілёўскі абласны, куды яна напісала апеляцыю, не задаволілі яе патрабаванні. А ў чэрвені ў Горках па справе Валенцій адбыўся яшчэ адзін суд, пасля якога жанчына атрымала прадпісанне на перасяленне. Ёй прапануюць тэрмінова пераехаць з прасторнага прыватнага дома ў сціплую двухпакаёўку.
Няўлічаныя метры
Да размовы з карэспандэнтам гаспадыня падрыхтавала цэлы стос афіцыйных папер з дазволамі, тэхнічнай дакументацыяй, перапіскай з райвыканкамам за апошнія паўтара года, рашэннямі судоў. Жанчына паказвае ўсё гэта і плача. Кажа, што для яе перасяленне — вялікі стрэс. Гэта ж дом яе продкаў, пабудаваны з любоўю. А пачынаць жыццё на новым месцы, калі ты вырас тут і пражыў амаль 60 гадоў, балюча. Яшчэ больш яе абурае, як праводзілася ацэнка нерухомасці.
— Ацэньвалі, лічы, «на вока», казалі, што гэта робіцца для вызначэння прыблізных затрат, якія трэба ўключыць у бюджэт раёна, — расказвае жанчына. — Па той ацэнцы, дом з выгодамі агульнай плошчай 90 квадратных метраў у самым цэнтры горада, з садам, дваром, лазняй, гаспадарчымі пабудовамі і крамай каштуе ўсяго... 25 тысяч долараў. Палову дома насупраць чатыры гады таму купілі за 16 тысяч долараў, дык там ні вады, ні газу, ні каналізацыі.
Між тым высвятляецца, што дом у Марыі Сяргееўны дэ-факта адных памераў, а дэ-юра — зусім іншых. Фактычна яго плошча 90 квадратных метраў, але ў Агенцтве па нерухомасці і зямельным кадастры юрыдычна аформлена нашмат менш.
У спіс нерухомасці, за якую прадугледжана кампенсацыя, не ўвайшла таксама крама плошчай болей за 40 «квадратаў», якую сямейства Валенцій пабудавала ў пачатку 2000-х. Гаспадыня падрабязна расказвае, як атрымалі дазвол, як будавалі, як гандлявалі. Запэўнівае, што ўсё было аформлена па правілах, і дэманструе асобную папку па краме — з праектамі на электрычнасць, зазямленне, іншымі дазволамі, экспертызамі і плацёжкамі. Пры гэтым не хавае, што ёсць адно «але».
— Крама існавала з 2004 года, але я нават не ведала, што на яе не было тэхпашпарта, — прызнаецца жанчына. — Даведалася пра гэта ўжо пасля смерці маці, калі ўступіла ў спадчыну. Спрабавала ў 2016 годзе зарэгістраваць пабудову і аформіць пад яе зямлю ў арэнду на 30 гадоў, але сума была непад'ёмная. На растэрміноўку ў райвыканкаме не пагадзіліся, і я пакінула ўсё як было.
У выніку гаспадыні вялікага дома прапанавалі зрабіць выбар. Тут таксама не абышлося без праблем. Згодна з Указам Прэзідэнта № 58, Марыя Валенцій можа прэтэндаваць на кватэру, або грашовую кампенсацыю, або будаўніцтва новага аднапавярховага дома, або «пераезд» таго, што ўжо ёсць, у іншае месца. Да кожнага з варыянтаў жанчына мае прэтэнзіі. Кампенсацыя, якую ёй прапанавалі за дом, малая: за 25 тысяч долараў у Горках нешта раўнацэннае купіць немагчыма. Будаваць новы дом на новым месцы яна таксама адмовілася — растлумачыла, што тыя ўчасткі, дзе дазволена ўзводзіць жыллё, знаходзяцца на ўскрайку горада. Можна было б пераехаць у іншае месца з ужо існуючым домам, але зноў такі прапануюць толькі перыферыю. Ад кватэры жанчына адразу ж катэгарычна адмовілася, бо не ўяўляе сябе ў іншым месцы, акрамя прыватнага дома. У роспачы яна падпісала пратакол рознагалоссяў, які ёй прапанавалі ў райвыканкаме, афіцыйна заверыўшы сваю пазіцыю, — ніводны з варыянтаў не задавальняе. У выніку мясцовая ўлада зрабіла выбар за яе — выдзеліла двухпакаёўку агульнай плошчай 58 «квадратаў» у пяціпавярховіку на той жа вуліцы Калініна, дзе яна жыве: нумар яе цяперашняга дома 21, а новага — 31. Новабудоўля была здадзена ў эксплуатацыю ў студзені гэтага года.
Погляд з іншага боку
У Горацкім райвыканкаме запэўніваюць, што парушэнняў правоў грамадзянкі Марыі Валенцій няма і тое, што яе не папярэдзілі пра знос 11 гадоў таму, законна.
— Генплан — гэта перспектыўны дакумент. Мы можам пачаць будаўніцтва заўтра, паслязаўтра, а можам праз 30 гадоў, — кажа намеснік старшыні Горацкага райвыканкама па жыллёва-камунальнай гаспадарцы, будаўніцтве і архітэктуры Андрэй Камко. — Ёсць дэталёвы план забудовы, ёсць заданне ўрада і аблвыканкама па ўводзе агульнай плошчы жылля, якое даводзіцца да райвыканкама. Зыходзячы з гэтага, мы фарміруем сваю гадавую праграму. Пралічваем, колькі будзе пабудавана індывідуальнага і шматкватэрнага жылля на вольных участках. Сёння мы будуем дамы за кошт ушчыльнення існуючай жылой забудовы або зносу індывідуальных жылых дамоў. У студзені мінулага года на месцы дома грамадзянкі было запланавана пабудаваць пяціпавярховік.
А ў тым, што агульная ацэнка дома Марыі Валенцій у грашовым эквіваленце атрымалася сціплая, жанчына сама вінаватая, лічыць Андрэй Камко. Трэба было своечасова ўзаконьваць свае метры і змяненні, тады б і пытанняў не ўзнікала. Мясцовыя ўлады некалькі разоў прыцягвалі Марыю Валенцій да адміністрацыйнай адказнасці за самабуд.
— Крама наогул пабудавана з парушэннямі, — адзначае Таццяна Баложка, намеснік начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Горацкага райвыканкама. — Маці Марыі Валенцій далі ўчастак для абслугоўвання дома, а не крамы. Спадчынніца не зарэгістравала правы ні на краму, ні на зямлю. Іншымі словамі, зямля дагэтуль выкарыстоўваецца не па мэтавым прызначэнні.
— Нельга рабіць самавольныя перапланіроўкі, пабудовы, — кажа Андрэй Камко. — Усё павінна праводзіцца ў адпаведнасці з рашэннямі выканкама. У 58-м указе выразна агаворваецца, што пры ацэнцы ўлічваецца ўсё, акрамя самавольна пабудаванага. У рашэнні на будаўніцтва заўсёды пазначана, што да справы трэба прыступаць толькі пасля атрымання пашпарта забудоўшчыка. А гэта праектная дакументацыя. Дзе яна? Дазвол выканкама — гэта толькі пачатак справы. Калі ўжо зроблены нейкія змяненні, трэба ісці ў райвыканкам і ўзаконьваць, а не чакаць, калі гром грымне. Мы спецыяльна ходзім па горадзе, каб выявіць факты самавольнага будаўніцтва, але да кожнага не завітаеш. А вось у такіх сітуацыях усё і выплывае на паверхню.
Афіцыйна
Як растлумачылі ў Камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама, дэталёвы план паўднёва-ўсходняга раёна ў горадзе Горкі зацверджаны ў 2009 годзе ў адпаведнасці з дзеючым на той час заканадаўствам. У адпаведнасці з рашэннем Горацкага райвыканкама ад 21 студзеня 2019 года № 2-21, шэраг зямельных участкаў, у тым ліку і ўчастак Марыі Валенцій па вуліцы Калініна, 21, падлягае перадачы для дзяржаўных патрэб у сувязі з запланаваным будаўніцтвам шматкватэрнага жылога дома. Грамадскае абмеркаванне не праводзілася, таму што аб'ект прадугледжаны горадабудаўнічай дакументацыяй. Грамадзяне, зямельныя ўчасткі якіх падлягаюць перадачы для дзяржаўных патрэб, былі апавешчаныя ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку рэалізацыі маёмасных правоў грамадзян і арганізацый пры канфіскацыі ў іх зямельных участкаў. Вышэйназванае рашэнне накіравана заяўніку Горацкім райвыканкамам 23 студзеня 2019 года. У сувязі з тым, што Марыя Валенцій ад усіх прапанаваных варыянтаў рэалізацыі яе правоў адмовілася, Упраўленнем капітальнага будаўніцтва Горацкага раёна на адрас Марыі Валенцій накіраваны ліст з паведамленнем аб выдзяленні ёй двухпакаёвай кватэры тыпавых спажывецкіх якасцяў на пятым паверсе ў шматкватэрным жылым доме, уведзеным у эксплуатацыю ў сакавіку бягучага года.
P.S. Справа з перасяленнем Марыі Валенцій пакуль застаецца адкрытая. Як паведаміў дырэктар Горацкага УКБ Максім Быкаў, жанчына не прызнала рашэнне Горацкага суда і абскардзіла яго ў Магілёўскім абласным судзе. Пакуль канчатковае рашэнне не прынятае. Адпаведна, будаўніцтва жылога шматпавярховага дома па гэтым адрасе таксама зацягваецца
Кампетэнтна
Генадзь Міхалап, адвакат Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў:
— Калі чалавек уступае ў спадчыну, натарыус выдае яму пасведчанне аб праве на спадчыну. Яго трэба зарэгістраваць у Агенцтве па нерухомасці і зямельным кадастры. У пасведчанні даецца поўная інфармацыя і па метражы дома, і па прыбудовах, і па зямельным участку, які стаў аб'ектам спадчыны. Калі ніхто з папярэднікаў не праводзіў адпаведную тэхнічную рэгістрацыю змяненняў дома, разлічваць на поўную яго ацэнку не даводзіцца. Заканадаўства прадугледжвае, што трэба рабіць, калі ты хочаш прыбудаваць лазню або веранду, пашырыць дом. І калі чалавек робіць выгляд, што нічога не ведаў пра неабходнасць рэгістрацыі, гэта не вызваляе яго ад адказнасці. Калі на ўчастку, які быў прадстаўлены для будаўніцтва жылога дома, зрабілі яшчэ нешта, гэта будзе лічыцца самавольным будаўніцтвам. У Агенцтве па нерухомасці і зямельным кадастры можна ўдакладніць, што з пабудаванага законна, а што не. Самавольныя пабудовы ніхто ацэньваць не будзе. Усю інвентарызацыю, каб нешта аблічыць і выплаціць, робяць на падставе тэхнічных дакументаў, якія знаходзяцца ў Агенцтве па нерухомасці і зямельным кадастры. Толькі яны маюць юрыдычна значны характар і могуць вызначаць, што з'яўляецца законным. Усё астатняе незаконна.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/situacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/dom
[7] https://zviazda.by/be/tags/vysyalenne
[8] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanerka