Гэтым летам у інтэрнэце зноў актывізаваліся махляры, якія крадуць грошы з картак беларусаў. І робяць гэта праз папулярныя сайты па продажы і куплі тавараў накшталт «Куфара». Ледзь не стала адной з такіх ахвяр і я — што рабіць, такая вось дурніца.
У аферу мяне ўцягнула дачка — знайшла на «Куфары» прыватную аб'яву аб продажы іPhone11 (не новага, але мара-мара), напісала прадаўцу і пакінула мой нумар тэлефона. Праз нейкі час аб'ява знікла, а мне на «Вайбер» прыйшло паведамленне: «Добры дзень, Алена, вы мне пісалі наконт іPhone11. У колькі зможаце пад'ехаць да мяне?» Не да канца верачы ў сваё шчасце (бо такія айфоны па прымальнай цане — усяго 1500 рублёў — забіраюць вельмі хутка), адказваю, што ў любы час. Дзяўчына-прадавец паведамляе, што яна знаходзіцца ў Маладзечне. Паколькі я ў адпачынку і на машыне, то гатова паехаць і ў Маладзечна. Гадзіна ў дарозе — хіба перашкода на шляху да мары?
Прадавец удакладняе, ці з Мінска я паеду, і прапануе зрабіць па-іншаму: «У мяне тэлефон цяпер з сабой, бо раніцай павінна была сустрэцца з чалавекам, а ён не прыйшоў. Працую на складзе транспартнай кампаніі. Магла б сама кур'ера са зніжкай аплаціць да вас. Вам бы яго ў Мінск прывезлі, плюс вы б праверыць яго маглі пры кур'еру. Як вам такі варыянт? Праз дзве-дзве з паловай гадзіны яго вам ужо прывязуць. Заадно і грошы на бензіне сэканоміце». Ніякія падазрэнні на той момант у мяне яшчэ не зарадзіліся, пагаджаюся і на такі варыянт.
Прадавец запісвае мне гукавое пасланне: «І глядзіце, забыла вам сказаць. Я прапаную так правесці здзелку. Я працую на складзе ў кампаніі СДЭК (сапраўды такая кампанія існуе, займаецца экспрэс-дастаўкай грузаў. — «Зв.»). Прапаную вам зрабіць аплату праз іх сайт, праз разліковы рахунак. Калі мне прыйдзе трэк-код, вы ўносіце грошы проста на іх сайт, і яны ляжаць да атрымання і праверкі вамі тэлефона. Гэта зроблена для таго каб... ну, раптам у вас там нейкі мужчына па галаве кур'еру дасць і ўцячэ з тэлефонам. Такія выпадкі бывалі. Каб гэтага не адбылося, прапаную зрабіць такім чынам». На месцы «раптам у вас там нейкі мужчына па галаве кур'еру дасць» дачцэ стала смешна, а я зразумела, што маю справу з дзіўнаватым чалавекам.
На ўсякі выпадак пытаюся: а як забраць свае грошы, калі раптам кур'ер не даедзе? Прыходзіць чарговае гукавое паведамленне: «Глядзіце, я растлумачу, як працуе гэта сістэма. Я ў гэтай кампаніі працую ўжо цягам трох гадоў і пастаянна адпраўляю пасылкі ў іншыя краіны, калі людзі просяць ці яшчэ штосьці. У гэтым выпадку выкарыстоўваецца часцей за ўсё накладная плата. Кур'ер у любым выпадку даедзе. Вы далі мне свае звесткі, я аформіла заяўку на сайце ў электронным фармаце. Калі пасылку адсартуюць на складзе і яна будзе ў машыне ў кур'ера, мне прыйдзе на пошту электронны трэк-нумар. Я дасылаю яго вам. Вы звяраеце ўсе даныя. Калі ўсё правільна, кладзяце грошы ў рэзерв на іх сайт. Грошы ляжаць да атрымання і праверкі там. Калі кур'ер перадае вам тэлефон, з'яўляюцца дзве кнопкі: адна — так, мяне ўсё задаволіла, а другая — не, вярнуць тавар прадаўцу і вярнуць грошы. Калі кур'ер прыязджае, вы маеце 15 хвілін на праверку, усё аглядаеце, калі вас усё задавальняе, вы націскаеце адну кнопку. Калі нешта не спадабалася, мы дамаўляемся на зніжэнне цаны або націскаеце кнопку «не» і вам вяртаюць грошы».
Сістэма адразу здаецца мне сумнеўнай, і я кажу, што не ўпэўнена, што на картцы ў мяне дастаткова грошай. Прадавец адказвае, што гатова скінуць цану да 1400 рублёў — адразу 100 рублёў! Здавалася б, я канчаткова павінна заглынуць нажыўку, але ў мяне, наадварот, усе сумненні знікаюць. Пішу, што сістэма для мяне занадта складаная і рызыкаваць не хачу. Мяне пераконваюць, што нічога складанага няма, праз пяць хвілін павінен прыйсці трэк-код. «Усё, што ад вас патрабуецца, — унесці грошы і пацвердзіць здзелку, калі прыедзе кур'ер».
Сапраўды праз колькі хвілін яна дасылае інтэрнэт-спасылку на старонку, мяркую, што фішынгавую (такія старонкі капіруюць інтэрфейс і маскіруюцца пад сайт рэальнай кампаніі, іх выкарыстоўваюць інтэрнэт-аферысты для атрымання звестак, напрыклад, такіх як лагін, пароль і даныя банкаўскіх картак). Яна з лагатыпам СДЭК, і нібыта мне адпраўлена пасылка: указаны мае прозвішча, адрас і тэлефон, нумар заказу. Мне трэба ўвесці даныя карты і аплаціць. Зразумела, я не збіраюся. Але дзяўчына працягвае ціснуць мне на сумленне: «Апошнія лічбы тэлефоннага нумара правільныя?», «Калі штосьці не разумееце, напішыце ім у падтрымку праз трэк-нумар, вам растлумачаць», «Чакаю адказу ад вас», «Тэлефон ужо едзе да вас», «Ужо хвілін 10–15», «Дык вы мне адкажаце?» — дзясятак паведамленняў цягам лічаных хвілін.
Ну а што адказаць? Здаецца, я ўжо дала зразумець, што аплачваць не буду. Я заходжу на сапраўдны сайт кампаніі СДЭК, уводжу нумар заказу, які мне даслалі. Заказ не знойдзены, прадказальна піша мне сайт. Скрын гэтай старонкі адпраўляю маёй настойлівай суразмоўніцы. Яна тлумачыць, што ён яшчэ не актыўны, бо я не пералічыла грошы. Упэўнена, што ён ніколі і не будзе актыўны, нават калі б і пералічыла.
Першае, дарэчы, што ўбачыла на афіцыйным сайце СДЭК, — аб'яву «Увага, махляры!» А ў ёй — якраз амаль мой выпадак. «Паважаныя кліенты, будзьце ўважлівыя і асцярожныя. Махляры, выкарыстоўваючы кампанію СДЭК, уціраюцца ў давер да пакупнікоў тавараў. Пад выглядам прадаўцоў тэлефонаў, мэблі і іншага на розных гандлёвых пляцоўках знаходзяць пакупнікоў. У пацверджанне нібыта ажыццёўленай адпраўкі тавару махляры дасылаюць фота накладной кампаніі СДЭК, на якой прысутнічае толькі штрых-код, але няма нумара накладной. Такія накладныя — гэта падробка. На арыгінальнай накладной кампаніі СДЭК заўсёды ёсць нумар адпраўкі для адсочвання накладной на сайце. Будзьце пільныя!» Адпраўляю спасылку на гэтае паведамленне: калі не адчэпяцца, то хоць цікава, чым растлумачаць.
«І што там напісана? Вы самі прачыталі? Там напісана пра накладную без нумара. У мяне пакуль ніякай накладной нават няма!» — паведамленнямі крычыць на мяне прадавец. Мяне зноў просяць перайсці на ссылку, аплаціць і даслаць фота. Бо тэлефон, на хвіліначку, да мяне ўжо едзе. Разумею, што проста так ад мяне не адчэпяцца, таму ўжо проста да канца працягваю выконваць навязаную мне ролю не зусім разумнай жанчыны і задаю свае наіўныя пытанні. Чаму нельга заплаціць кур'еру наяўнымі грашыма? На сайце, між іншым, напісана, што такая магчымасць ёсць. Адказваюць, што заказ зроблены з дапамогай інтэрнэту, таму і такі від аплаты. «І кур'ер можа грошы прывезці праз два-тры дні. А мне заўтра крэдыт заплаціць трэба апошні за кватэру. Іпатэку закрыць». Цікаўлюся: няўжо ў Беларусі ёсць іпатэка?
«У Беларусі няма, у Расіі ёсць» (насамрэч у Беларусі таксама ёсць, але памятаем, што я не надта дасведчаная жанчына). «А, дык вы з Расіі працуеце?» — пытаюся. — «Не, я не працую з Расіі. У мяне малады чалавек з Расіі. Купіў кватэру ў іпатэку, застаўся апошні плацеж. Я родам з Беларусі, але буду адсюль пераязджаць, перавядуся з гэтага філіяла СДЭК у Расію».
Ад гэтай жаласлівай гісторыі пра хлопца і іпатэку, праз якіх прыходзіцца прадаваць апошні іPhone, мой недавер павінен канчаткова растаць. Але я працягваю і ўжо не хаваю, што падазраю махлярства. Кажу, што дасланая мне старонка СДЭК для аплаты фішынгавая, і пытаю, ці магу я схадзіць у офіс СДЭК і ўдакладніць гэта. Мне адказваюць, што ўжо позна і ўсе офісы кампаніі зачыненыя. Далей у мяне яшчэ дзясяткі пытанняў, на якія мне цярпліва адказваюць: яшчэ і яшчэ тлумачаць пра трэк-нумар, які абавязкова актывізуецца, і я змагу адсачыць сваю пасылку, і пра службу падтрымкі, у якую з гэтай старонкі можна напісаць і дзе чакаюць маіх пытанняў, і пра тое, што кур'ер абавязкова даедзе, нягледзячы на тое што абяцаныя 2,5 гадзіны даўно прайшлі. Нават пасля маіх слоў, што ўсё гэта махлярства, мяне пераконваюць, што не. Шматгадзінная перапіска абрываецца а восьмай гадзіне вечара, толькі пасля майго апошняга нахабнага паведамлення пра тое, што я пракансультавалася ў міліцыі, і мне параілі нічога не аплачваць, бо нават калі аплачу, тэлефон наўрад ці атрымаю.
Як расказваюць прадстаўнікі «Куфара», у асноўным махляры выкарыстоўваюць стандартныя схемы, апрабаваныя ў Расіі. Нярэдка яны самі знаходзяцца ў Расіі і працуюць адтуль. Падмануць могуць як тых, хто прадае тавар, так і тых, хто набывае. Выкарыстоўваюць даверлівасць і адкрытасць беларусаў: могуць расказаць, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю і прадаюць рэч, бо трэба аплаціць лячэнне блізкаму, выратаваць бізнес ці аплаціць крэдыт.
Адна з такіх схем — для тых, хто набывае тавар, калі махляр кажа, што гатовы адправіць тавар поштай. Ён накіроўвае ахвяры ссылку на падробленую старонку трэкінгу пасылкі ці скан падробленага дакумента аб аплаце. Калі ахвяра запэўніваецца, што тавар адпраўлены, махляр высылае спасылку на фішынгавы сайт для правядзення аплаты.
Падобная схема — калі злаўмыснік таксама адмаўляецца ад асабістай сустрэчы (кажа, што жыве ў іншым горадзе) і прапануе скарыстацца паслугай халдыравання сродкаў (рэзервавання іх на пэўны тэрмін). Перадаплата замарожваецца на картцы пакупніка, і сродкі спісваюцца толькі пасля таго, як ён атрымае тавар. Зразумела, што спасылка, на якую прапануе прайсці прадавец-махляр, каб увесці даныя карткі, вядзе на фішынгавы сайт і звесткі будуць скрадзены.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: akket.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mahlyarstva