Віцэ-спікер Савета Рэспублікі Анатоль ІСАЧАНКА правёў выязны прыём грамадзян і прамую лінію ў Клічаўскім раёне, што на Магілёўшчыне.
— Званкі паступалі з розных рэгіёнаў краіны. Звароты датычыліся жыллёвых праблем, удасканалення аўтадарог, добраўпарадкавання населеных пунктаў, якасці мабільнай сувязі, — расказаў парламентарый.
Так, жыхара вёскі Буднева Клічаўскага раёна непакоіў стан пад'язной дарогі да прыпыначнага пункта Альхоўка. Гэтая праблема вядомая мясцовым органам улады, і яны шукаюць шляхі вырашэння. Жанчына, якая жыве ў вёсцы Усакіна, паведаміла аб нізкай якасці мабільнай сувязі ў гэтай мясцовасці.
На асабісты прыём да віцэ-спікера Савета Рэспублікі прыйшла жыхарка Клічава, якую турбуе будаўніцтва шматкватэрнага дома паміж вуліцамі Бабруйская і Сацыялістычная. Яна ўпэўнена, што такое будаўніцтва істотна паменшыць дваровую тэрыторыю, а таксама дзіцячую пляцоўку і паркоўку для аўтамабіляў.
Анатоль Ісачанка паабяцаў звярнуць на гэтае пытанне асаблівую ўвагу — накіраваць адпаведныя службы для праверкі адпаведнасці будаўніцтва гэтага аб'екта ўсім неабходным патрабаванням.
Асобныя пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне, былі аператыўна вырашаныя, а тыя, што патрабуюць дадатковага вывучэння, узятыя на кантроль.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/anatol-isachanka
[5] https://zviazda.by/be/tags/klichauski-rayon-0