Гэтая акцыя нагадвае пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе і заахвочвае людзей карыстацца альтэрнатыўнымі сродкамі перамяшчэння.
Сярод забруджвальнікаў атмасфернага паветра першае месца займаюць выкіды ад аўтатранспарту. Яны ўтрымліваюць шмат рэчываў, шкодных для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя. Калі нават частка кіроўцаў адмовіцца ад аўтамабіляў хоць бы на адзін дзень, паветра гарадскіх вуліц стане крыху чысцейшае.
Кожны раз Eўрапейскі тыдзень мабільнасці засяроджваецца на пэўнай тэме, звязанай з устойлівай мабільнасцю. Сёлета абвешчана тэма: «Мабільнасць без шкодных выкідаў» пад слоганам «Выбірай, на чым перамяшчацца!» Стымулююцца прагулкі на роварах і пехатой, а таксама карыстанне грамадскім транспартам з нізкім узроўнем або адсутнасцю шкодных выкідаў.
Зараз у Eўрапейскім тыдні мабільнасці ўдзельнічаюць 2306 гарадоў з 41 краіны. У Беларусі да акцыі далучыліся 63 населеныя пункты. Наша сталіца бярэ ў ёй удзел пяты раз.
Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацаваў план мерапрыемстваў Eўрапейскага тыдня мабільнасці ў Мінску, у тым ліку гарадской экалагічнай акцыі «Дзень без аўтамабіля».
У межах акцыі выконваюцца работы для паніжэння бартавога каменя ў месцах з найбольш інтэнсіўным веласіпедным рухам і ўладкаванне велапарковак.
Eўрапейскі тыдзень мабільнасці будзе шырока асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі. Адпаведныя мерапрыемствы пройдуць у навучальных установах. Цікавыя падзеі рыхтуюцца ў кожным раёне сталіцы.
Магчыма, дзякуючы акцыі некаторыя аўтааматары задумаюцца, ці неабходны ім штодня персанальны транспарт. Насамрэч для паездак па горадзе больш танным і зручным варыянтам могуць стаць метро, электробус ці ровар. А на кароткія адлегласці карысна прайсціся пешшу.
Увогуле ж Еўрапейскі тыдзень мабільнасці — добрая нагода, каб болей шпацыраваць і займальна бавіць вольны час, пакуль прырода адорвае нас бабіным летам. Давайце падтрымаем міжнародную акцыю і 22 верасня пакінем аўтамабілі ў гаражах. Зробім свядомы крок да паляпшэння гарадскога асяроддзя!
Святлана ІШЧАНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/svyatlana-ishchanka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/autamabil
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-bez-autamabilya-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyski-tydzen-mabilnasci-0