Аляксандр Вярсоцкі, старшыня Свіслацкага райвыканкама:
— Маё сяброўства са «Звяздой» пачалося, можна сказаць, з дзяцінства. Мае бацькі заўсёды выпісвалі найстарэйшую газету краіны, значным плюсам было і тое, што яна на роднай беларускай мове. Гэта сямейная традыцыя працягваецца і цяпер.
«Звязда» трывала ўвайшла ў маё жыццё, яна заўсёды на маім працоўным стале разам з іншымі выданнямі. Шмат карыснага для сябе знаходзіў у ёй цяпер у час работы на розных пасадах, бо матэрыялы вельмі разнастайныя. Падчас работы ў сферы культуры звяртаў увагу на матэрыялы па гэтай тэматыцы. Зараз, як прадстаўнік вертыкалі, знаходжу шмат карыснага ў дадатку «Мясцовае самакіраванне». Гэта свайго роду компас для вырашэння важных жыццёвых пытанняў. Што я маю на ўвазе? Напрыклад, карэспандэнт узнімае праблему пітной вады ў нейкім рэгіёне. Але яна сустракаецца паўсюдна ў малых населеных пунктах. Таму адсочваю гэты кірунак і ў сваім раёне, гляджу, як вядзецца работа з забеспячэннем якаснай пітной вадой у нашых вёсках і аграгарадках. Дарэчы, з многімі пытаннямі даводзіцца сутыкацца падчас прыёму грамадзян. У прыватнасці, якасць дарог, нарыхтоўка паліва і многае іншае. Перад дзяржавай стаіць задача стварыць у сельскай мясцовасці новую інфраструктуру, каб людзі тут жылі не горш, чым у горадзе. Такі курс вызначаны і кіраўніком дзяржавы. «Звязда» стабільна ідзе дзяржаўным курсам. А значыць, канструктыўным. Асабліва важным лічу акцэнт на развіццё сяла. На гэту стратэгію скіравана і адпаведная дзяржаўная праграма.
Выданне не стаіць убаку ад надзённых актуальных палітычных праблем. І гэта вельмі важна, бо нашы людзі давяраюць найстарэйшай газеце краіны. Грамадзяне могуць прачытаць аб тым, які размах набыў рух «За Беларусь»: у краіне паўсюдна праходзяць канцэрты, шматлікія велапрабегі і акцыі. Усё гэта адлюстравана на старонках «Звязды».
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda
[6] https://zviazda.by/be/ya-znou-vybirayu-zvyazdu