Паўабаронцы БАТЭ Ігар Стасевіч і Станіслаў Драгун пасля вяртання са стану зборнай Беларусі здалі станоўчыя тэсты на каранавірус.
У адпаведнасці з Медыцынскім пратаколам УЕФА па вяртанню да гульні, у аўторак, 15 верасня, барысаўская каманда, якая праз два дні будзе змагацца з балгарскім ЦСКА з Сафіі ў рамках 2-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы-2020/21, прайшла кантрольнае тэставанне на наяўнасць SARS-CoV-2-RNA. Амаль ва ўсіх прадстаўнікоў БАТЭ — футбалістаў, трэнераў і адміністрацыйнага персаналу — вынікі зноў аказаліся адмоўнымі.
Выключэнне склалі толькі тыя, хто праходзіў працэдуру асобна ад астатніх — Ігар Стасевіч і Станіслаў Драгун. У абодвух пасля адлучкі ў нацыянальную зборную Беларусі з’явіліся прыкметы каранавіруснай інфекцыі, у сувязі з чым вопытныя паўабаронцы на працягу тыдня знаходзіліся ў ізаляцыі. У іх пацвердзіліся станоўчыя вынікі тэстаў.
«Па зразумелых прычынах гэтыя хлопцы ў Балгарыю не паляцяць. Адзначым, што яшчэ трое зборнікаў — Павел Няхайчык, Максім Скавыш і Яўген Яблонскі — не ўдзельнічалі ў трэніровачным працэсе «жоўта-сініх» да таго часу, пакуль не атрымалі два адмоўныя вынікі тэстаў», — паведамляе [1] прэс-служба БАТЭ.
Спасылкі
[1] https://fcbate.by/ru/infocenter/club-news/id12711
[2] https://zviazda.by/be/tags/barysauski-bate
[3] https://zviazda.by/be/tags/bate
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus