16 верасня ў Жодзінскім участку паштовай сувязі Барысаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП «Белпошта» на праспекце Міра, 9 прайшоў Дзень падпісчыка.
Вядучы спецыяліст аддзела падпіскі і маркетынга РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Святлана Поўх расказала наведвальнікам паштовага аддзялення пра перыядычныя выданні, звярнула ўвагу, што падпісацца на іх на 4 квартал гэтага года можна да 25 верасня. Галоўны рэдактар часопіса сатыры і гумару «Вожык» Юлія Зарэцкая засяродзілася на прэзентацыі «калючага» выдання: нагадала пра яго славутую гісторыю, расказала пра творчыя планы рэдакцыі, адказала на пытанні. Дарэчы, у наступным, 2021 годзе, часопісу «Вожык» споўніцца 80 гадоў.
Наведвальнікі цікавіліся, з якой перыядычнасцю выходзяць газеты і часопісы, на якой мове, якая іх тэматыка, як на іх падпісацца ці надрукавацца і многае іншае, захапляліся, што выданні маюць такую багатую гісторыю і выпускаюцца па сённяшні дзень. Найбольш актыўныя жыхары Жодзіна атрымалі прызы ад РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», падпісаліся на газету «Звязда», часопісы «Вожык» і «Алеся».
Трэба заўважыць, што Дзень падпісчыка на гэтым паштовым аддзяленні стаў ужо добрай традыцыяй, праходзіць не першы раз. Кіраўніцтва і работнікі пошты ствараюць усе ўмовы для зацікаўленага і плённага дыялогу выдаўцоў друкаваных СМІ і падпісчыкаў.
Юлія ЗАРЭЦКАЯ
Фота Святланы ПОЎХ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-padpischyka