Выстава арыгінальных графічных партытур «Sketches, візуальныя эцюды (ор.1)» інтэрдысцыплінарнага мастака, дызайнера, кампазітара і кандыдата філасофскіх навук Алены Юрцэвіч працуе ў арт-гасцёўні «Высокае мѣста», піша [1] БЕЛТА са спасылкай на арганізатараў.
У экспазіцыі прадстаўлена калекцыя з 10 аўтарскіх візуальных эцюдаў (графічных партытур) Алены Юрцэвіч. «Неад’емнай часткай нашага жыцця з’яўляецца гук. Часта на ўзроўні вібрацый гук, як і хвалевы рух у прасторы, можна пачуць, адчуць фізічна або ўбачыць выкліканыя ім візуальныя вобразы. Выстава з’яўляецца часткай мастацкага даследавання аб візуальнай і фізічнай прыродзе гуку, а таксама крос-мадальнасці чалавечага ўспрымання», — адзначылі арганізатары.
Графічная партытура — гэта альтэрнатыўная форма запісу музыкі, калі замест прывычных нот выкарыстоўваецца мова візуальных знакаў і тэкставых пазначэнняў. У другой палове ХХ стагоддзя такі від музычнай натацыі быў шырока распаўсюджаны ў эксперыментальнай музыцы ў Амерыцы і Еўропе. «Гук — гэта мова стасункаў і выказвання творчай, ментальнай або эмацыянальнай думкі. Пошук новых форм — сінтэз эстэтыкі, графікі, дызайну і гуку праз фізічны рух, які прывёў Алену Юрцэвіч да стварэння новай арыгінальнай візуальнай мовы для больш дэталёвай перадачы ўяўнага гуку», — расказалі ў арт-гасцёўні.
У час выставы пройдзе перформанс. 1 верасня публіка зможа наведаць «Канцэрт; дыялог з аўтарам і ўдзельнікамі, якія раскрываюць працэсы гукавой і фізічнай інтэрпрэтацыі графічных партытур».
Выставачны праект прадоўжыцца па 4 кастрычніка.
Прэв’ю: erarta.com
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/ab-vizualnaj-i-fizichnaj-pryrodze-guku-raskazvae-vystava-rabot-aleny-jurtsevich-u-minsku-92044-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[3] https://zviazda.by/be/tags/guk
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastak
[5] https://zviazda.by/be/tags/dyzayner