Амаль 90% з 129 тыс. ложкаў, разгорнутых у Расіі для пацыентаў з новай каранавіруснай інфекцыяй, занятыя. Пры гэтым у выпадку неабходнасці колькасць ложкаў можа быць павялічана, паведаміў [1] ТАСС памочнік міністра аховы здароўя Расіі Аляксей Кузняцоў.
«У пачатку распаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі ў нашай краіне да прыёму інфекцыйных пацыентаў было гатова каля 50 тыс. ложкаў. У перыяд высокага захворвання COVID-19 нам аператыўна ўдалося нарасціць іх колькасць да 184 тыс. ложкаў. У далейшым у сувязі са зніжэннем колькасці хворых і шпіталізаваных мы перавялі частку інфекцыйных ложкаў у рэзерв — для прыёму пацыентаў па асноўным профілі і аказання планавай медыцынскай дапамогі. У цяперашні час для пацыентаў з COVID-19 разгорнута 129 750 ложкаў, з якіх занятыя 115 500, што складае 89%. Пры неабходнасці ў выпадку росту захворвання дадатковыя ложкі будуць пераведзены з рэзерву для прыёму пацыентаў з каранавірусам», - сказаў ён.
Пры гэтым Кузняцоў адзначыў, што ўрачы заклікаюць жыхароў краіны не выпрабоўваць сістэму аховы здароўя і максімальна выконваць усе меры прафілактыкі COVID-19: насіць маскі ў грамадскіх месцах, выконваць сацыяльную дыстанцыю і правілы гігіены рук, выкарыстоўваць антысептыкі і па магчымасці пазбягаць людных месцаў. «Усеагульнае прытрымліванне гэтых простых парадаў дапаможа не дапусціць росту захворвання. Пры першых сімптомах нядужання звяртайцеся па медыцынскую дапамогу», — сказаў на заканчэнне памочнік кіраўніка Міністэрства аховы здароўя.
Раней кіраўнік Расспажыўнагляду Ганна Папова паведаміла пра тое, што ў РФ вольныя каля 51% бальнічных ложкаў для пацыентаў з каранавірусам.
У Расіі, па дадзеных федэральнага аператыўнага штаба па барацьбе з каранавірусам, зарэгiстравана 1 159 573 выпадкі заражэння, ачунялі 945 920 чалавек, памерлі 20 385.
Прэв’ю: ТАСС
Спасылкі
[1] https://tass.ru/obschestvo/9574403
[2] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[4] https://zviazda.by/be/tags/lozhki