У структуры насельніцтва яны складаюць не менш за 15 %, і як і ва ўсіх развітых краінах, у нас штогод расце іх доля. Каля 2,5 мільёна беларусаў атрымліваюць пенсіі, пры гэтым каля 24 % пенсіянераў працягваюць працаваць. Якія меры сацыяльнай падтрымкі сёння даступныя і запатрабаваныя ў пажылых людзей, а таксама пра тое, што перашкаджае мужчынам «дагнаць» жанчын па працягласці жыцця, расказалі спецыялісты.
Больш за 600 тысяч пенсіянераў працягваюць працаваць
Яшчэ 10 гадоў таму пажылых людзей у краіне было 13 %. Але працягласць жыцця, у прыватнасці, на еўрапейскім кантыненце, расце, і наша краіна — не выключэнне. Таму з кожным годам доля людзей сталага веку павялічваецца.
— Павелічэнне колькасці пажылых людзей закранае ўсе бакі нашага жыцця. Гэта не толькі сістэма аховы здароўя і сацыяльнай абароны, але і ўстановы культуры, спорту і турызму, адаптацыя і даступнасць транспарту. З улікам гэтай праблематыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацавала праект Нацыянальнай стратэгіі «Дастойнае даўгалецце — 2030», — расказвае намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.
Адным з немалаважных аспектаў жыцця пажылога чалавека з'яўляецца матэрыяльны дабрабыт. Каля 2,5 мільёна беларусаў атрымліваюць пенсіі па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці. Сярэдні памер працоўнай пенсіі — 473 рублі 82 капейкі.
— Нягледзячы на розныя сацыяльна-эканамічныя змены, выплата пенсій вядзецца рэгулярна ва ўстаноўленыя дні, — падкрэслівае намеснік міністра.
Выплачваюцца і надбаўкі па ўзросце — пенсіянерам, якія дасягнулі 80 гадоў, інвалідам 1-й групы. Больш за 600 тысяч пенсіянераў у Беларусі працягваюць працаваць (а гэта 24 %). Каля 10 тысяч пажылых людзей штогод атрымліваюць або штомесячную, або аднаразовую дапамогу. Апошняя налічваецца пасля звароту ў органы сацыяльнай дапамогі, калі сталы чалавек мае патрэбу ў дарагіх леках, аперацыі. Памер такой дапамогі дасягае 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (цяпер ён складае 256 рублёў 10 капеек).
— Сацыяльныя службы не чакаюць, пакуль чалавек звернецца сам, а абследуюць умовы жыцця адзінокіх людзей сталага веку. Штогод такім чынам наведваюць каля 200 тысяч чалавек. За першы квартал гэтага года абследаваны 140 тысяч адзінокіх пажылых людзей. Дапамога, якая ім патрабуецца і аказваецца найчасцей, — рамонт даху, электраправодкі і газавага абсталявання, — расказвае Аляксандр Румак.
Дарэчы, у структуры сацыяльных службаў у краіне дзейнічае 71 гаспадарчая брыгада, якая аказвае паслугі па доглядзе прысядзібных участкаў, і 148 мабільных брыгад, якія выязджаюць для аказання сацыяльных паслуг на аўтамабілі. Акрамя таго, маецца 1200 стацыянарных і нестацыянарных пунктаў па аказанні сацыяльных паслуг. Пераважна такія брыгады і пункты размешчаны ў сельскай мясцовасці, дзе доля пажылога насельніцтва вышэйшая, чым у гарадах.
Аднымі з самых запатрабаваных у пажылых людзей з'яўляюцца паслугі дома. Сёння іх атрымлівае 95,5 тысячы беларусаў. І штогод колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе дома, расце прыкладна на 1 %.
— Сацыяльны работнік наведвае пажылога чалавека два-пяць разоў на тыдзень. Ёсць і паслугі сядзелкі, калі стары чалавек не можа пра сябе паклапаціцца. Пры пяціразовым наведванні па дзве гадзіны ў дзень кошт паслугі складае каля 30 рублёў у месяц. Такую суму аплачваюць тыя пажылыя людзі, якія маюць дзяцей. Адзінокія і малазабяспечаныя вызваляюцца ад аплаты. Праўда, каля 80 % нашых падапечных маюць дзяцей — тыя аплачваюць паслугі сацработніка, — адзначыў Аляксандр Румак.
Далечванне і аздараўленне ў санаторыі — без чаргі
Свае карэктывы ў работу сацыяльных службаў сёлета ўнесла распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі. У сувязі з гэтым была прыпынена дзейнасць аддзяленняў дзённага знаходжання. Тым часам актыўна вялася дастаўка прадуктаў, лекаў і іншых неабходных тавараў.
— Мы разгарнулі такую работу ў сакавіку, інтэнсіўна дзейнічалі ў красавіку-маі. Сацработнікі і валанцёры працавалі штодзённа без выхадных. І цяпер гэта дзейнасць не спынена, заяўкі па-ранейшаму прымаюцца, — паведаміў Аляксандр Румак.
Намеснік міністра звярнуў увагу, што з 20 мая адзінокія пенсіянеры, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю, з медустаноў пры жаданні маглі адразу паехаць на двухтыднёвае далечванне ў санаторый. Чатыры здраўніцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прымалі такіх людзей (санаторыі «Ясельда», «Белая Вежа», «Беразіна» і «Вяжуці»). Такое далечванне прайшлі 475 чалавек. А з ліпеня на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне ў гэтыя санаторыі пенсіянеры, якія перанеслі СОVІD-19, маглі паехаць без чаргі.
Што пагаршае якасць жыцця ў старасці?
Адным з важных аспектаў якасці жыцця пажылога чалавека з'яўляецца стан яго здароўя.
— Сённяшнія тэхналогіі, у тым ліку імплантацыя суставаў, аортакаранарнае шунціраванне, трансплантацыі дазваляюць павялічыць працягласць жыцця. У жанчын яна дасягае 78 гадоў. У мужчын, на жаль, больш чым на дзесяць гадоў менш — 64, — кажа галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч. — І карані гэтай праблемы — у дзяцінстве. Калі чалавек курыў 50 гадоў, а ў старасці кінуў, то чакаць, што ўсе негатыўныя наступствы адразу знікнуць, не трэба. Але пры гэтым калі ў 60 гадоў кінуць курыць, то рызыка раптоўнай каранарнай смерці зніжаецца на 25 %. На жаль, такія фактары рызыкі, як курэнне, ужыванне алкаголю, маларухомы спосаб жыцця пакуль не даюць мужчынам «дагнаць» жанчын па працягласці жыцця.
Герантолаг падкрэсліла, што ёсць пяць-шэсць хранічных захворванняў, якія істотна пагаршаюць якасць жыцця ў сталым узросце. Сярод іх — хваробы сістэмы кровазвароту, у першую чаргу, хранічная сардэчная недастатковасць, а таксама цукровы дыябет. Вялікую праблему ствараюць і хваробы апорна-рухальнага апарату. Яшчэ адна бяда, з якой сутыкаюцца пажылыя людзі, — дэменцыя. Колькасць яе выпадкаў расце, што таксама з'яўляецца наступствам павелічэння працягласці жыцця.
— У 10 % пажылых людзей назіраецца раннія праявы дэменцыі. Яны захавалі самакрытыку і могуць звярнуцца па дапамогу. Існуюць методыкі для прафілактыкі і спынення развіцця дэменцыі. Наступная фаза — калі людзі не захавалі крытычнага стаўлення да сябе і патрабуюць догляду. Іх блізкія сутыкаюцца з праблемай: яны вымушаны пакінуць работу, каб дапамагаць такому чалавеку, — адзначае Людміла Жылевіч.
Аляксандр Румак паведаміў, што з гэтага года ўнесены змены ў пералік сацыяльных паслуг пажылым людзям. З'явіліся магчымасці, у першую чаргу для людзей з дэменцыяй, дастаўляць іх на дзень у сацыяльную ўстанову, напрыклад, аддзяленне дзённага знаходжання, а на ноч забіраць у сям'ю, каб пажылы чалавек заставаўся ў дамашніх умовах, і ў той жа час атрымліваў кваліфікаваныя догляд і дапамогу.
Алена КРАВЕЦ
Фота: odessa-life.od.ua
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pazhylyya-lyudzi
[4] https://zviazda.by/be/tags/pensiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanery
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzen-pazhylyh-lyudzey