У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку другая кніга зборніка «Родны небасхіл у сэрцы». Першая выйшла месяц назад і была прысвечана беларуска-расійскім гістарычным, культурным, гуманітарным сувязям. Другая кніга, як і папярэдняе выданне, выйшла ў серыі «Адрасы Беларусы ў свеце». Пад адной вокладкай гэтым разам расказваецца пра повязі Беларусі, народа нашай краіны з дзяржавамі Цэнтральнай Азіі — Казахстанам, Узбекістанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам.
На старонках «Роднага небасхіла ў сэрцы» чытача чакаюць сустрэчы з ураджэнцамі Міншчыны, Магілёўшчыны, Гродзеншчыны, іншых куточкаў Беларусі, якія пакінулі свой след у гарачай старонцы. А гэта — і блізкія да нас сучаснікі: краязнавец, гістарычны пісьменнік Мікола Калінковіч з Лунінеччыны, беларускі і рускі паэт Міхась Карпенка з Хоцімшчыны, гістарычны празаік Леанід Чыгрын з дубровенскага Асінторфа, паэтэса, публіцыст Любоў Шашкова з Акцябршчыны...
У кнізе расказваецца і пра тых сяброў нашай краіны, якія спрыяюць у сваіх старонках пашырэнню ведаў пра Беларусь і беларускую культуру: пра Святлану Ананьеву, Кайрата Бакбергенава, дактароў філалагічных навук Нурдаўлета Акыша з Казахстана, Алімжана Хамраева, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменннікаў Таджыкістана Ато Хамдама, перакладчыцу Бягуль Анабаеву, празаіка Максата Бяшымава, паэта Агагельды Аланазарава, дзіцячага пісьменніка Касыма Нурбадава з Туркменістана, перакладчыцу, гістарычнага раманіста Рысалат Хайдараву, журналіста Кучкора Наркабіла з Узбекістана... Менавіта дзякуючы іх творчым, арганізацыйным намаганням у Цэнтральнай Азіі і сёння выходзяць пераклады твораў беларускіх класікаў і сучасных літаратараў на розныя мовы — і асобнымі кнігамі, і на старонках літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных газет і часопісаў. Дзякуючы іх руплівасці жыхары гэтых дзяржаў набываюць магчымасць разгледзець калектыўны мастацкі партрэт Беларусі, беларускага народа, адкрыць для сябе менталітэт беларусаў.
Мікола Раўнапольскі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-raunapolski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura