Спектакль Мікалая Рымскага-Корсакава «Царская нявеста» з удзелам сусветных зорак оперы Надзеі Кучар і Аксаны Волкавай адбудзецца 25 кастрычніка ў Вялікім тэатры Беларусі, піша [1] БЕЛТА са спасылкай на арганізатараў.
Перад гледачамі разгорнецца драма на фоне падзей эпохі Івана Грознага. Дзве прымы сусветнай оперы Надзея Кучар і Аксана Волкава будуць змагацца за сэрца Станіслава Трыфанава. Выключна на сцэне. Таксама ў галоўных партыях — Андрэй Валенцій, Алег Мельнікаў, Аляксандр Міхнюк, Аляксандр Жукаў, Святлана Марусевіч, Марына Мароз, Марына Аксёнцава.
За дырыжорскім пультам — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Калядка. Паводле яго слоў, «Царская нявеста» — опера, якая цікавая ўсім пакаленням слухачоў, і перш за ўсё — праўдай пачуццяў. «Такія вечныя тэмы, як здрада, узаемнае і нераздзеленае каханне, лёс, разбураючая шчасце ўлада, раскрыты шчыра, моцна і зразумелыя кожнаму. А вось калі адысці ад бытавога разумення сюжэту, убачыць сапраўды трагедыйны размах, можна разгадаць містычную тайну гэтай оперы, схаваную ў цудоўнай музыцы, цудоўным тэмбравым гучанні аркестра, неверагодна меладычным вакале, драматычным выкананні», — сказаў ён.
Пераможца многіх міжнародных конкурсаў, у тым ліку «Спявак свету — 2015» у Кардыфе, лаўрэат дзвюх «Залатых масак», уладальніца сапрана Надзея Кучар прызналася, што для яе роля Марфы была марай. «Гэта опера была для мяне сапраўдным адкрыццём і чымсьці неверагодным застаецца дагэтуль. Я адчуваю гэту музыку і эмацыянальную драматычную нагрузку, якая ў ёй закладзена, проста на 200 працэнтаў», — адзначыла яна.
Опера «Царская нявеста» — адзін з першых твораў, з якога пачыналася гісторыя Вялікага тэатра Беларусі. Першая пастаноўка на мінскай сцэне датуецца 1933 годам, партыю Любашы выканала легендарная Ларыса Александроўская. Праз пяць гадоў да спектакля звярнулася ўжо новая творчая група, а трэцюю пастаноўку ажыццявілі ў 1950-м. Розныя гады галоўныя партыі выконвалі Тамара Ніжнікава, Ірына Шыкунова, Наталля Касценка, Людміла Златава, Тамара Глаголева, Алена Бундзелева, Лідзія Галушкіна, Святлана Данілюк, Наталля Руднева і іншыя. У 2015-м опера зноў была пастаўлена ў тэатры. За гэту пастаноўку рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ і мастак Аляксандр Касцючэнка былі ўдастоены спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Опера таксама атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію, стаўшы лепшым оперным спектаклем 2016 года.
Прэв’ю: rg.ru
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/vjaliki-teatr-belarusi-pakazha-tsarskuju-njavestu-z-udzelam-susvetnyh-zorak-opery-92801-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/spektakl
[3] https://zviazda.by/be/tags/pesa
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-teatr-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/opera