Спад у сусветным гандлі з-за пандэміі каранавіруса складзе ў 2020 годзе 7-9 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. З такім прагнозам выступіла Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), паведамляе ТАСС [1].
«ЮНКТАД прагназуе на 2020 год спад у глабальным гандлі ад 7 да 9 працэнтаў у вартасным выражэнні, нягледзячы на прыкметы ажыўлення ў трэцім квартале», — адзначаецца ў інфармацыйным бюлетэні арганізацыі.
Па выніках трэцяга квартала 2020 года ў сусветнай камерцыі зафіксавана пяціпрацэнтнае скарачэнне ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Гэты вынік, аднак, істотна лепшы, чым у другім квартале, калі спад дасягнуў 19 працэнтаў, тлумачаць эксперты. Згодна з папярэднімі прагнозамі на чацвёрты квартал, выбрацца з чырвонай зоны сусветнаму гандлю не атрымаецца і паказчыкі будуць на 3 працэнты ніжэйшыя, чым у чацвёртым квартале 2019 года.
У ЮНКТАД звяртаюць увагу на «характэрнае ажыўленне гандлю ў Кітаі». «Экспарт гэтай краіны, які зведаў спад у першыя месяцы пандэміі, стабілізаваўся ў другім квартале і моцна вырас у трэцім», — гаворыцца ў бюлетэні. Эксперты прагназуюць для КНР па выніках 2020 года рост гандлю амаль на 10 працэнтаў. «У адрозненне ад іншых буйных эканомік кітайскі імпарт стабілізаваўся ў ліпені і жніўні і вырас на 13 працэнтаў у верасні», — канстатуюць у ЮНКТАД.
Гандаль медыцынскімі матэрыяламі, якія маюць адносіны да барацьбы з каранавірусам, вырас з красавіка ў сярэднім больш як на 50 працэнтаў. Пры гэтым найбольшую выгаду з гэтага росту атрымалі, згодна з інфармацыйным бюлетэнем, перш за ўсё краіны з высокім узроўнем даходу на душу насельніцтва.
Спасылкі
[1] http://tass.ru
[2] https://zviazda.by/be/tags/aan
[3] https://zviazda.by/be/tags/gandal