Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун распавёў пра беларусаў, якія выехалі ў мэтай працаўладкавання ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі, перадае БЕЛТА [1].
«Мы маніторым гэтую сітуацыю, адсочваем перамяшчэнне нашых грамадзян праз знешні контур, улічваем, што шэраг дзяржаў падалі для беларускіх грамадзян рэжым пэўных прэферэнцый. Але лічым, што сітуацыя не крытычная і не наносіць сур’ёзнай шкоды нацыянальнай бяспецы. Мы не адчуваем значнай страты працоўных нацыянальных рэсурсаў», — распавёў Аляксей Бягун.
Паводле яго слоў, ва Украіну з верасня з’ехалі каля 3 тыс. чалавек. «Мы зрабілі разбіўку па ўсіх катэгорыях грамадзян, улічылі, колькі непаўналетніх, пенсіянераў, непрацуючых. На тэрыторыю Польшчы быў самы вялікі ўезд — каля 10 тыс. чалавек. Латвія і Літва — значна менш. Вобразна кажучы, не больш за 500 чалавек выехалі ў гэтыя дзве краіны, — адзначыў начальнік дэпартамента. — І тут трэба ўлічваць, чаму людзі не вяртаюцца. У тым ліку гэта ўмовы каранціну, якія ўстаноўлены краінамі. Таму міграцыйная тэндэнцыя будзе бачная па выніках квартала і наогул шасці месяцаў».
Аляксей Бягун упэўнены, што ў сваёй большасці гэта працоўная міграцыя. «Частка з іх выязджае як працуючыя асобы. Думаю, гэта не беззваротная, гэта працоўная міграцыя. Зразумела, што ўкраінцы падалі пэўныя прэферэнцыі айцішнікам, палякі дагэтуль прадастаўляюць прэферэнцыі ў дачыненні да працуючых беларусаў, якія ў спрошчаным парадку прыцягваюцца для працоўнай дзейнасці і выязджаюць на працу», — сказаў ён.
Начальнік дэпартамента мяркуе, што нельга казаць, што пэўныя падзеі ў краіне справакавалі выезд беларускіх грамадзян. «Можа, пэўныя асобы, якія ставілі сваёй мэтай ужо досыць даўно пераехаць на ПМЖ у іншыя краіны, выкарыстоўвалі гэты ўнутрыпалітычны крызіс для таго, каб звярнуцца з хадайніцтвам у кампетэнтныя органы Літвы ці Польшчы аб прадастаўленні статусу бежанца, і вельмі часта стваралі так званую інфармацыйную карцінку, каб пацвердзіць, што з’яўляюцца ахвярамі за свае палітычныя погляды на тэрыторыі Беларусі», — сказаў на заканчэнне ён.
Прэв'ю: zarya.by
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/migracyya