19-гадовы жыхар Верхнядзвінскага раёна раней ужо двойчы прыцягваўся да адказнасці за тое, што без дазволу браў чужыя транспартныя сродкі.
На гэты раз аўтаўладальнік пакінуў свой старэнькі «Мэрсэдэс» на ўзбочыне дарогі і з напарнікам сышоў секчы лес. Як паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама, машына была не зачынена, а ў замку запальвання тырчалі ключы. Больш за тое, у салоне знаходзіліся ўсе дакументы, а таксама банкаўская картка і пін-код ад яе.
Угоншчык адправіўся ў бок абласнога цэнтра. Калі праехаў больш за сто кіламетраў, у яго скончылася паліва. Малады чалавек узяў пустую каністру і з ёй пайшоў да бліжэйшай запраўкм. Не забыўся ён прыхапіць з сабой і чужую картку. Па дарозе зламыснік у краме набыў сякія-такія тавары. Пра тое, што на гэтым грошы скончыліся, высветлілася толькі на АЗС.
Здзіўлены знікненнем сваёй машыны, уладальнік звярнуўся ў міліцыю. Пошукі угнанай іншамаркі вяліся ў шасці раёнах вобласці. У выніку злачынец быў затрыманы недалёка ад той самай запраўкі, куды хадзіў за палівам. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа.
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота з сайта УУС Віцебскага аблвыканкама
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/verhnyadzvinski-rayon
[2] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne