Двухдзённая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы гуманітарнай адукацыі» адкрыецца 22 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Мерапрыемства пройдзе ў вочна-дыстанцыйным фармаце.
У рабоце навуковага форуму прымуць удзел каля 100 экспертаў у галіне культуралогіі, філасофіі, дызайну, лінгвістыкі, мастацтвазнаўства з Беларусі, Расіі, Украіны і Арменіі.
Запланавана работа шасці секцый: «Сацыяльна-эканамічныя аспекты гуманітарнай адукацыі», «Інтэграцыйная сутнасць сучасных гуманітарных ведаў і іх дыдактычныя аспекты», Моўная карціна свету і ўзаемадзеянне культур«, «Лінгвадыдактычныя тэхналогіі фарміравання гатоўнасці да міжкультурнага дыялогу», «Вышэйшая школа — перспектывы прымянення інфармацыйных тэхналогій у «новай рэальнасці», «Дызайн і дызайн-адукацыя ў транскультурным свеце».
У рамках канферэнцыі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё імянной аўдыторыі, прысвечанай дызайнеру, праекціроўшчыку выстаў да гадавін Чарнобыльскай катастрофы, дацэнту кафедры камунікатыўнага дызайну БДУ Аляксандру Азончыку. Памяці дызайнера таксама прысвецяць фотавыставу «А1» з работамі яго вучняў.
Акрамя таго, падчас канферэнцыі адкрыюцца дзве экспазіцыі. На выставе «Прыступка» прадставяць працы першакурснікаў факультэта сацыякультурных камунікацый, выкананыя ў розных жанрах: пейзажы, нацюрморты, інтэр’ерныя і прасторавыя малюнкі. А экспазіцыя «Галовы, галавешкі і галавастыкі», прысвечаная дню нараджэння Пабла Пікаса, уключае прадметы з пластыліну, паперы і гіпсу.
Па выніках форуму апублікуюць зборнік навуковых матэрыялаў удзельнікаў, які будзе размешчаны ў Электроннай бібліятэцы БДУ.
Арганізатарам канферэнцыі выступае факультэт сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв’ю: mulerasfireplace.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[2] https://zviazda.by/be/tags/eksperty
[3] https://zviazda.by/be/tags/bdu