Міхась МІРАНОВІЧ
Страчкі і смаржкі
Грыбны сезон пачынаецца ў нас страчкамі і смаржкамі адразу, як сыдзе снег.
Спачатку жонка ўспрымала ў штыкі ўсе мае спробы прывезці іх дадому: «Не хапала яшчэ атруціцца гэтымі паганкамі!..»
Але аднойчы, калі жонкі і дачкі не было дома, я прывёз кошык першых вясновых грыбоў і пачаў іх гатаваць. Адварыў раз — зліў ваду. Потым зноў паўтарыў. Затым добра прамыў. (Гэта каб падстрахавацца, бо ці то страчкі, ці то смаржкі ўтрымліваюць ядавітыя рэчывы. А каб не зблытаць, лепш двойчы адварыць і тыя, і другія.) І нарэшце падсмажыў іх з цыбуляй на алеі, з мукою і смятанаю.
Калі жонка з дачкою вярнуліся дадому, адразу ж пабеглі на кухню.
Адбыўся наступны дыялог.
— Чым гэта так смачна пахне, што ажно ў пад’ездзе чуваць?
— Ды вы ўсё роўна есці не будзеце, — абыякава адказаў я. — Гэта тая самая атрута — страчкі са смаржкамі. А ты сам каштаваў?
— Ды адну патэльню ўжо з’еў.
— А даўно?
— Гадзіны са дзве назад.
— І пакуль нічога не адчуваеш?
— Адчуваю. Хачу і гэтую патэльню спажыць.
Але мне не далі. З’елі без мяне.
З таго часу страчкі і смаржкі я збіраю кожную вясну.
Па компасе
Паехалі мы аднойчы на службовым аўтобусе ў лес у грыбы. Дамовіліся далёка не адыходзіцца, паколькі мясцовасць усё ж незнаёмая.
— Мне баяцца нечага, — сказаў Іван Іванавіч, былы лётчык, штурман эскадрыллі. — У мяне армейскі
компас.
У вызначаны час сабраліся каля аўтобуса. Прыйшлі ўсе, няма толькі Івана Іванавіча. Пакрычалі, пасігналілі… Безвынікова. Пачакалі гадзіну звыш дамоўленага часу. Пасля яшчэ адну. І яшчэ... Калі пачало цямнець, вырашылі вяртацца.
Іван Іванавіч знайшоўся толькі ўвечары наступнага дня. Па сваім компасе ён выйшаў… недзе ў Расіі.
І ўжо адтуль на рэйсавым аўтобусе дабіраўся дадому.
— У самалёце па компасе прасцей арыентавацца, — апраўдваўся ён потым. — Там усё зверху бачна, як на далоні, а тут...
Мы не спрачаліся.
Гаркушкі
Як любілі выхваляцца грыбнікі нашага аддзела адзін перад адным у курылцы пасля выхадных:
— Я мінулы раз сотню падасінавікаў прывёз!
— А я два вядры маслякоў сабраў!
— А я браў толькі баравікі — на іншыя месца не было!
Наслухаўшыся гэтых «зуброў ціхага палявання», у наступны раз, вяртаючыся з імі з грыбоў, ты ўпотай запіхваеш свой кошык далей пад сядзенне, каб ніхто не ўбачыў твае сыраежкі ды мачонікі-гаркушкі...
Але высветлілася, што іх збіраў не я адзін. У Віктара Барысавіча ў кошыку ляжалі менавіта адны гаркушкі. У мяне хоць для прыліку зверху красавалася некалькі «выпадковых» баравікоў.
Віктар Барысавіч, як пасмейваліся з яго бывалыя грыбнікі, ішоў па лесе, як бульдозер — збіраў усё!
Пасля яго не заставалася ні адной сыраежкі, ніводнай гаркушкі… Таму ўся порцыя кпінаў і насмешак падчас дарогі дадому даставалася менавіта гэтаму «ўсёеднаму» грыбніку.
Калі перад Новым годам пачалі абмяркоўваць меню навагодняга калектыўнага стала (у тыя часы застолле на рабоце хоць афіцыйна не заахвочвалася, але і не забаранялася), то адзін з бывалых грыбнікоў паабяцаў прынесці слоік марынаваных лісічак, другі — маслякоў, трэці — саміх баравікоў. А Віктар Барысавіч прынёс гаркушкі.
Потым, за сталом, назіралася такая карціна: усе каштуюць лісічкі, маслякі, баравікі і потым ядуць… толькі гаркушкі Віктара Барысавіча!
Ён прыгатаваў іх так, што ніякі масляк, ніякі баравік не ішоў з імі ні ў якое параўнанне.
У наступны грыбны сезон кпінаў у адрас Віктара Барысавіча і яго гаркушак больш не чулася.
Спыніся, дождж!
Цэлы тыдзень ідзе дождж.
У чарговы раз ранкам, зірнуўшы ў залітае дажджом акно, не вытрымаўшы, я абурыўся:
— Ну, навошта нам столькі грыбоў? Куды іх падзенем?!
Збор
«па-замежнаму»
Пасля аперацыі мне забаранілі ўжываць грыбы і падымаць цяжар больш за пяць кілаграмаў.
А пачатак восені ў тым годзе выдаўся такім грыбным!..
— Нельга табе ў грыбы! — у каторы раз строга заўважае жонка.
Я не здаюся. А згадаўшы кадры з тэлеперадачы «Дыялогі пра рыбалку» пра «замежную» традыцыю, дзе рыбу ловяць, узважваюць, фатаграфуюцца з ёй, а затым адпускаюць, бадзёра адказваю:
— І я грыбы буду гэтак жа рэзаць! Назбіраю пяць кілаграмаў — высыплю пад дрэва, сфатаграфую на мабільны тэлефон і пайду шукаць далей…
Ідэя
Хадзіў у грыбы позняй восенню. Лес спрэс засыпаны лісцем. Дзе ты той грыб убачыш!
Але з’явілася адна ідэя: ісці варта разам з жонкай. Яна крочыць уперадзе і разганяе мятлой лісце, а ты ззаду збіраеш грыбы…
Тэорыя і практыка
Вяртаючыся дадому з поўнай кашолкай, з набітым рукзаком ды яшчэ з торбамі ў руках і ледзьве не ў зубах, ідзеш, намагаючыся глядзець толькі пад ногі, каб, крый бог, не заўважыць дзе яшчэ грыб, якому ўжо зусім няма месца! Але грыбы, як наўмысна, раз-пораз перабягаюць табе дарогу. І такія харошыя, маладыя, што ніяк нельга не спыніцца, і, нягледзячы на тое, што тэарэтычна няма ніякага месца, ты ўсё ж практычна зразаеш іх ды спрабуеш кудысьці запіхнуць…
Як добра!..
За акном — зіма. На вуліцы — мароз ды завея. А я ляжу на канапе і гляджу па чарзе на Youtubе відэаролікі пра рыбалку і пра збор грыбоў.
Ролікі вельмі рэалістычныя. Нібыта сам закідваеш вудачку, напружана сочыш за паплаўком, імкнешся не прапусціць момант, каб своечасова падсекчы (калі паплавок, крыху патанцаваўшы, пачынае тануць), а потым выцягваеш на бераг карася…
Або ідзеш па ўзлеску, зазірнеш пад асінку — бачыш падасінавік-мезенчык, каля яго — другі, трэці. Пад елкай зразаеш таўстапузага здаравяка баравіка. Непадалёк заўважаеш яшчэ некалькіх яго братоў! Іншы раз хочацца падказаць аператару, што ён прапусціў баравічок за пяньком ці падасінавічак пад лістом…
Ляжыш на канапе і думаеш: «Як усё-ткі добра, што раней не было відэаролікаў! А то так бы прамарнаваў час і ніколі не патрымаў бы ў руках ні вудачкі, ні кошыка з грыбамі!..»
г. Віцебск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gryby