Два жыхары Лельчыцаў для лепшай захаванасці хавалі марыхуану пад зямлёй. Незвычайны факт захоўвання наркотыкаў выявілі аператыўнікі наркакантролю Лельчыцкага РАУС, паведамляе сайт [1] УУС Гомельскага аблвыканкама.
19-гадовы жыхар Лельчыц разам з непрацуючым 22-гадовым прыяцелем у жніўні недалёка ад гарадскога пасёлка знайшлі дзікарослыя каноплі. Траву нарвалі, высушылі, здрабнілі. Трохі зелля хлопцы пакінулі для асабістага ўжывання, астатняе паклалі ў шкляныя слоікі, шчыльна зачынілі і закапалі ў лесе. «Так бы мовіць, зрабілі закладкі самі для сябе», — адзначылі ў аддзяленні інфармацыі і па сувязях з грамадскасцю.
Захоўваліся «нарказакаткі» нядоўга. «Праз пару тыдняў хлопцам прыйшлося выкопваць ёмістасці і аддаваць праваахоўнікам. Тое, што ўнутры слоікаў марыхуана вагой амаль 150 г, пацвердзіла экспертыза», — дадалі ва УУС.
Па факце незаконнага абароту наркатычных сродкаў распачата крымінальная справа.
Спасылкі
[1] https://gomel.mvd.gov.by/ru/news/4234
[2] https://zviazda.by/be/tags/lelchycy
[3] https://zviazda.by/be/tags/maryhuana