Мы павінны паказаць усім, хто ў нашай краіне гаспадар, заявіў у эфіры «Беларусь 1» старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён прыняў удзел у сустрэчы з маладзёжным актывам галіновых прафсаюзаў у Лагойскім раёне, паведамляе [1] БелТА.
«Мы сёння бачым, што людзі кансалідуюцца, таму што разумеюць, да чаго могуць прывесці беспарадкі, якія адбываюцца ў краіне, а таксама заклікі ў інтэрнэце. Мы, безумоўна, бачым, што людзі стаміліся ад таго, што адбываецца, і самае галоўнае — яны разумеюць, што можна сёння страціць, — сказаў Міхаіл Орда. — Мы падалі заяўку на правядзенне мерапрыемства і запрашаем усіх жадаючых, якія хочуць выказаць сваю пазіцыю, каму неабыякавы лёс нашай краіны, прыйсці ў нядзелю і гэту пазіцыю выразна і дакладна выказаць і паказаць. Па вялікім рахунку, паказаць, хто ў нашай краіне гаспадар і што намі не будуць кіраваць з-за мяжы і камандаваць намі. Беларусы — недурныя людзі. Гэта мерапрыемства мы праводзім разам з нашымі грамадскімі арганізацыямі — маладзёжнымі, жаночымі, ветэранскімі, „Белай Руссю“. Нас шмат, і мы разам».
Старшыня ФПБ адзначыў, што на камунікацыйных пляцоўках, арганізаваных прафсаюзамі, разглядаюцца ўсе актуальныя для грамадства пытанні. У час сустрэчы з маладзёжным актывам галіновых прафсаюзаў абмяркоўваліся самыя розныя пытанні — ад практыкі прымянення працоўнага заканадаўства, абароны сацыяльна-эканамічных правоў людзей да прапаноў па змяненнях у Канстытуцыю і ў цэлым па сітуацыі ў краіне.
У гэтыя дні ў Лагойскім раёне праходзіць шостая змена курсаў маладзёжнага прафсаюзнага актыву. Кожны тыдзень тут навучаюцца 60 чалавек — прадстаўнікі двух галіновых прафсаюзаў. На гэтым тыдні — актыў прафсаюзаў работнікаў АПК і будаўніцтва. Галоўная мэта — навучыць маладых прафсаюзных актывістаў прымяняць на практыцы навыкі эфектыўнай работы па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў як у дасудовым парадку, так і ў судах.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/orda-my-pavinny-pakazats-usim-hto-u-nashaj-kraine-gaspadar-92974-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/mihail-orda-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/prafsayuz