Гэта першы падобны аб’ект у гісторыі суверэннай Беларусі. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло напярэдадні ў аграгарадку Бабовічы Гомельскага раёна.
Візы ў першага зварачнага шва нафтаправода паставілі намеснік прэм’ер-міністра Юрый Назараў, намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Віталь Мілевіч, старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, генеральны дырэктар ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Алег Барысенка і генеральны дырэктар ВА «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў.
Першы стык труб нафтаправода зварыў робат — сучасны арбітальны зварачны апарат. Гэта забяспечвае стопрацэнтную гарантыю высакаякаснага шва.
Нафтаправод «Гомель – Горкі» будзе ўяўляць сабой перамычку даўжынёй у 207 кіламетраў, якая злучыць два магістральных трубаправода: «Унеча – Полацк» і «Унеча – Мазыр – Адамава».
Асноўная мэта праекта — дыверсіфікацыя паставак нафты. Нафтаправод дазволіць перапампоўваць сыравіну паміж Мазырскім і Наваполацкім нафтаперапрацоўчымі заводамі (зараз перавозяць па чыгунцы). Магутнасць нафтаправода складзе 6 мільёнаў тон у год. Ён пройдзе па тэрыторыі Гомельскага, Буда-Кашалёўскага, Чачэрскага, Кармянскага раёнаў на Гомельшчыне, а таксама Чэрыкаўскага, Слаўгарадскага і Крычаўскага на Магілёўшчыне.
Як адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, будаўніцтва нафтаправода забяспечыць загрузку Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода і прынясе істотныя эканамічныя выгады не толькі Гомельшчыне, але і ўсёй краіне.
Намеснік прэм’ер-міністра Юрый Назараў падкрэсліў, што новы трубаправод стане найважнейшым лагістычным звяном, якое звяжа рэзервуарныя паркі двух нафтаперапрацоўчых заводаў-гігантаў на поўдні і поўначы Беларусі і дазволіць стварыць стратэгічны запас сыравіны для краіны.
Увесці аб’ект у эксплуатацыю плануецца восенню 2022 года.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naftapravod
[2] https://zviazda.by/be/tags/gomeltransnafta-druzhba-0