Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца прыхільнікам правядзення ў Мінску маштабнага мітынгу, які арганізуе Федэрацыя прафсаюзаў разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі краіны. Пра гэта ён заявіў сёння, адказваючы [1] на пытанне карэспандэнта БелТА.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што на гэты мітынг з усёй краіны выказалі жаданне прыбыць шмат людзей — парадку 250-300 тыс. І галоўнае, што хвалюе Прэзідэнта, — пытанне забеспячэння бяспекі.
«Я сёння патэлефанаваў прэм’ер-міністру і кажу: Раман Аляксандравіч, збяры людзей, губернатараў і іншых, парайцеся. Нам не трэба ў Мінск збіраць людзей. Гэта будзе калапс. Мы паралізуем цалкам Мінск, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Чалавек едзе Бацьку падтрымаць, але ён жа Бацьку хоча і ўбачыць. А як ён убачыць? Я думаў, выступлю на Кастрычніцкай плошчы. Ну, 15 тыс. мяне ўбачаць».
«І галоўнае — мы не забяспечым бяспеку людзей. Вось што галоўнае. Мы ўжо атрымліваем гэтую інфармацыю. Гэта мяне насцярожвае. Я не баюся, але мяне насцярожвае. Адзін выбух недзе ў натоўпе — і людзі пачнуць ціснуць, як на Нямізе», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што на мерапрыемства збіраліся прыбыць многія людзі сталага ўзросту, ветэраны. А таму стаіць пытанне іх бяспекі, аператыўнага аказання меддапамогі, калі ўзнікне такая неабходнасць.
«А пратэстуны па вуліцах ходзяць. Мы што, міліцыю зараз забярэм для забеспячэння бяспекі... А хто будзе кантраляваць астатнюю частку?» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«І калі я вось гэта ўсё ў кучу сабраў, тэлефаную прэм’ер-міністру, кажу: вельмі прыкрая табе навіна. Яны ўжо ўсё начарцілі, хто куды будзе ехаць і іншае. Я кажу: мерапрыемства трэба адмяняць, уяўляеш, 250 тыс. — мы не пераварым . І галоўнае, з якім настроем чалавек з’едзе з Мінска», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Плюс да ўсяго яшчэ і фактар каранавіруса, адзначыў Аляксандр Лукашэнка: «Старыя, яны рвуцца, мы іх не ўтрымаем. Яны ўсе могуць заразіцца. І ў нас будзе яшчэ большы кавід, чым у краінах вакол».
«Таму маё меркаванне на сённяшні дзень — нельга, не трэба нам збіраць людзей. Пераб’ёмся. Чаго нам прыпадабняцца ім (удзельнікам пратэстаў. — Заўвага. БелТА), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я, вядома, вельмі ўдзячны грамадскім арганізацыям, прафсаюзам нашым, што яны не пабаяліся вылучыць гэтую ініцыятыву. Але за 3-4 дні, пакуль гэта ўсё разгортвалася, я прыходжу да высновы, што нам нельга рызыкаваць людзьмі».
Аляксандр Лукашэнка выказаў прапанову вясной, калі будзе цёпла, правесці масавае мерапрыемства і сабраць там усіх жадаючых.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-ne-javljaetsja-storonnikom-provedenija-v-minske-masshtabnogo-mitinga-412377-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/mityng