Тэатр эстрады падрыхтаваў вялікую праграму для дзяцей на канікулах, паведаміў [1] БЕЛТА рэжысёр тэатра Іван Клешчанка.
«Тэатр эстрады заўсёды стараецца не проста зрабіць разнастайным дзіцячы адпачынак на працягу канікул, але і здзівіць новым і цікавым. Менавіта таму кожны год мы выпускаем некалькі прэм’ерных пастановак для нашых юных гледачоў. На асенніх канікулах пройдзе адразу некалькі мюзіклаў, адзін з якіх новы. Гэта будзе наша вясенняя прэм’ера, якую з-за розных абставін шмат гледачоў не змагло ўбачыць. Новы дзіцячы мюзікл «Ох і Ах і Гаргамель» у Тэатры эстрады пакажам 1 і 2 лістапада, — расказаў рэжысёр тэатра Іван Клешчанка. — Гэта будзе казачная гісторыя пра маленькіх чалавечкаў Ох і Ах, якія дзякуючы свайму таце Пупсу змаглі на час стаць вялікімі і вырашылі супрацьстаяць злой чараўніцы Гаргамель. Вядзьмарка захацела захапіць казачны свет, але маленькія казачныя істоты выпіваюць эліксір празрыстасці і становяцца нябачнымі для вачэй злой чараўніцы. І тут пачынаюцца самыя цікавыя прыгоды, якія толькі можна ўявіць».
Акрамя новай пастаноўкі, на асенніх канікулах юных гледачоў чакаюць яшчэ два даўно ўпадабаныя музычныя паказы. 7 лістапада тут пакажуць дзіцячы мюзікл «Двое з куфэрка — аднолькавыя з твару», а 8 лістапада — дзіцячы мюзікл «Мяшок з сюрпрызам». Пастаноўкі Тэатра эстрады заўсёды вызначаюцца цікавымі сюжэтамі, яркімі персанажамі і касцюмамі, музычнасцю, а абавязковы элемент усіх паказаў — шмат інтэрактыву і гульняў з гледачамі.
Зімовыя канікулы ў Тэатры эстрады таксама абяцаюць быць цікавымі і чароўнымі. Для маленькіх гледачоў рыхтуюць адразу дзве навагоднія прэм’еры: дзіцячы мюзікл і квест-казку. Дзве новыя вельмі цікавыя гісторыі, сустрэчы з любімымі героямі, вясёлыя гульні з Дзедам Марозам і Снягурачкай, шмат музыкі, песень і танцаў, святочныя фотазоны ў фае — гэта толькі невялікая частка навагодняга свята, якое рыхтуе Тэатр эстрады.
Прэв’ю: БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/teatr-estrady-padryhtavau-vjalikuju-pragramu-dlja-dzjatsej-na-kanikulah-93032-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[3] https://zviazda.by/be/tags/teatr-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/spektakl
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr-estrady-0