Да рыбгаса «Сялец», што ў Бярозаўскім раёне, прысуседзілася цэлая група крымінальных рыбаловаў. Гэтая брыгада з сямі чалавек наладзіла незаконны прамысловы лоў рыбы на возеры Чорнае каля вёскі Спорава. Але злодзеі трапілі ў поле зроку рэйдавай групы ў складзе інспектараў Бярозаўскай міжраённай інспекцыі і супрацоўнікаў міліцыі.
— У ходзе затрымання парушальнікаў было канфіскавана 133 кілаграмы рыбы на суму 428 рублёў — расказаў намеснік начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей МЫЧКО. — Заведзена крымінальная справа.
Яшчэ адна крымінальная справа па факце ўрону прыродзе ў суме 165 172 рублёў распачата ў Івацэвічах. Там зламыснікі на рацэ Мышанцы лавілі рыбу з дапамогай электравуды — забароненага прыстасавання. У выніку больш за 78 кілаграмаў шчупакоў, акунёў, ляшчоў браканьеры паспелі пагрузіць у лодку. Колькі яшчэ пацярпела рыбы ад такога варварскага спосабу здабычы, невядома. Названае прыстасаванне знішчае ўсё жывое ў радыусе паражэння.
Двое грамадзян — жыхар Івацэвіцкага раёна і жыхар Баранавічаў — затрыманыя і будуць прыцягнуты да адказнасці па законе.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота абласной інспекцыі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/brakanerstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc