Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў прыняў удзел у форуме «Спалучэнне Еўразійскага эканамічнага саюза і кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» у фармаце відэасувязі, паведамілі [1] БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Форум праводзіўся па ініцыятыве Еўразійскай эканамічнай камісіі, падтрыманай усімі дзяржавамі — членамі ЕАЭС. У сваім выступленні Аляксандр Гур’янаў адзначыў, што развіццё адносін з Кітаем з’яўляецца стратэгічным напрамкам знешняй палітыкі Беларусі, а поўнамаштабны ўдзел у рэалізацыі ініцыятывы кіраўніцтва КНР «Адзін пояс, адзін шлях» зробіць эканомікі дзяржаў-партнёраў больш устойлівымі да глабальных выклікаў.
Спрыяльныя ўмовы для інтэнсіўнага развіцця ўзаемадзеяння стварае пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР, якое ўступіла ў сілу год таму. Для эфектыўнай рэалізацыі пагаднення створана сумесная камісія, яна будзе садзейнічаць вырашэнню прыкладных задач па спрашчэнні ўзаемнага гандлю і развіцці сумесных эканамічных праектаў.
«Ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» — гэта не толькі грузаперавозкі і лагістычная інфраструктура, але і стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, выбудоўванне транснацыянальных вытворчых ланцужкоў. У якасці еўразійскага цэнтра па вытворчасці новых высокатэхналагічных тавараў і паслуг прапанавана шырэй задзейнічаць патэнцыял Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», — гаворыцца ў паведамленні.
Аляксандр Гур’янаў падкрэсліў, што ўдзел фінансавых інстытутаў ЕАЭС і КНР — Еўразійскага банка развіцця і Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый — у суфінансаванні сумесных праектаў можа значна актывізаваць работу па спалучэнні і ўзаемадапаўняльнасці інтэграцыйных працэсаў у Еўразіі.
Прэв’ю: minsknews.by
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/politics/view/razvitstse-adnosin-z-kitaem-zjauljaetstsa-strategichnym-napramkam-zneshnjaj-palityki-belarusi-gurjanau-93093-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-guryanau-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[4] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva