Незлічоныя пропісі і размалёўкі, якія прадаюцца ледзьве не на кожным рагу і закліканы дапамагчы дашкольніку падрыхтаваць руку да пісьма, справа, безумоўна, добрая. Але ж адных толькі дапаможнікаў недастаткова, каб дзіця навучылася прыгожа пісаць. Малыя цудоўна абводзяць элементы літар па пункціры, аднак уласныя «палачкі» і «кручочкі» атрымліваюцца надзіва няроўныя, з няправільным нахілам, рознай вышыні і шырыні. Чаму так адбываецца, і што рабіць, раіць Таццяна КУЛАШЧЫК, настаўнік-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Перш за ўсё, трэба звярнуць увагу на тое, як малы трымае ручку. Часта дзеці захопліваюць яе чатырма пальцамі — гэткай «курынай лапай». Калі малыя загінаюць кісць рукі ўнутр, гэта не толькі абцяжарвае сам працэс напісання, але і робіць літары або роўнымі, або з нахілам у адваротны бок. Нагадаю, што правільна напісаныя літары злёгку нахіляюцца да правага верхняга куточка радка. Рука, якая «вісіць у паветры» замест таго, каб ляжаць на стале, таксама хутка стамляецца і піша непрыгожыя літары. Калі вы бачыце ў свайго малога ўсе гэтыя памылкі, то колькі б ён ні выводзіў пропісі, каліграфічныя ўменні ў яго значна не палепшацца.
Пачынаць рыхтаваць руку да пісьма трэба не з пропісяў у чатыры-пяць гадоў, а значна раней, і з... лыжкі. Так, карані праблемы пачынаюць прарастаць з моманту, калі дзіця толькі вучыцца трымаць сталовыя прыборы, яшчэ да года. І першы важны крок: навучыць дзіця ўтрымліваць лыжку правільна. Калі малы да трох гадоў утрымлівае лыжку ў кулаку, — гэта першы крок да прапедэўтычных мерапрыемстваў. Прапедэўтыка ў адукацыі — уводны курс, які дазваляе коратка азнаёміцца з асноўнымі паняццямі, прынцыпамі і падыходамі, якія ў далейшым будуць засвойвацца больш глыбока і сістэматычна. Так і тут. Неабходна прывучаць дзіця захопліваць, набіраць кашу, суп і, не разліўшы іх, даносіць да рота. Далей па праграме дзіцячага садка малых вучаць карыстацца відэльцам і нават нажом. Гэта садзейнічае ўсведамленню розных відаў захопу, развівае зрокавую маторыку і зрокава-маторную каардынацыю.
Другі крок: умець правільна размалёўваць прадметы. Падчас выканання заданняў па мастацкай дзейнасці важна, каб рука малога правільна ўтрымлівала фламастар, аловак, крэйду і ляжала на лісце паперы, а не «вісела ў паветры». Самым маленькім можна прапанаваць маляваць «клубочкі» і «траўку», праводзіць прамыя і косыя лініі, якія аб'ядноўваюць прадметы на розных адлегласцях.
Важна вучыць дзіця ўтрымліваць кісць рукі прама і выконваць ім гэткія «косыя махі». Падчас замалёўвання дзіця наносіць кароткія і доўгія лініі. Кароткімі яно запаўняе прастору па контуры выявы, доўгімі — астатняе поле ў яе сярэдзіне. Нахіл гэтых ліній (і доўгіх, і кароткіх) павінен быць аднолькавы, крыху наўскасяк, адрозніваецца толькі іх даўжыня. Менавіта такія лініі і стануць правобразамі вялікіх і маленькіх літар.
Навучыце свайго дашкольніка правільна трымаць ручку і размалёўваць прадметы, а таксама сачыце, каб рука ляжала на стале і не загіналася ўнутр. І тады ў школе ў вас будзе вучыцца не «каляка-маляка», а маленькі «каліграфіст», почыркам якога ўсе будуць захапляцца.
Запісала Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[6] https://zviazda.by/be/tags/pochyrk
[7] https://zviazda.by/be/tags/ruchka