Інфармацыйнае суправаджэнне арганізацыі і правядзення дыялогавых пляцовак будзе ўзмоцнена, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы са старшынёй партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Сяргеем Чэрачнем. Аб гэтым БелТА паведамілі [1] ў прэс-службе верхняй палаты парламента.
«Некалькі дзён раней партыйны лідар звярнуўся з просьбай да спікера верхняй палаты беларускага парламента абмеркаваць у дыялогавым фармаце найбольш актуальныя грамадска-палітычныя аспекты развіцця краіны, у тым ліку ў рамках анансаванай канстытуцыйна-прававой рэформы», — расказалі ў прэс-службе.
У час сённяшняй сустрэчы падрабязна і канструктыўна абмеркаваны пытанні арганізацыі і правядзення дыялогавых пляцовак, якія цяпер праходзяць па ўсёй краіне. Было адзначана, што ў дыскусіі, якія закранаюць найбольш важныя пытанні, што ў тым ліку патрабуюць свайго вырашэння на ўзроўні асноўнага закона, неабходна ўключаць як мага больш удзельнікаў, якія прадстаўляюць усе слаі беларускага грамадства.
Наталля Качанава расказала, што ў бліжэйшы час інфармацыйнае суправаджэнне дыялогавых пляцовак будзе ўзмоцнена — пра час і месца іх правядзення будзе паведамляцца зацікаўленым максімальна поўна і аператыўна.
Таксама ў час сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі з лідарам партыі БСДГ была дасягнута дамоўленасць аб правядзенні на пляцоўцы верхняй палаты парламента круглага стала з удзелам членаў Савета Рэспублікі, прадстаўнікоў палітычнай партыі, экспертаў па пытаннях удасканалення Канстытуцыі.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/kachanava-infarmatsyjnae-supravadzhenne-dyjalogavyh-pljatsovak-budze-uzmotsnena-93164-2020/https://blr.belta.by/society/view/kachanava-infarmatsyjnae-supravadzhenne-dyjalogavyh-pljatsovak-budze-uzmotsnena-93164-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[3] https://zviazda.by/be/tags/partyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya