Пандэмія можа даць істотны імпульс развіццю раней не вельмі паспяховым тэрыторыям, лічаць эксперты ААН, замежныя і айчынныя навукоўцы, аналітыкі і даследчыкі. Яны ў сваіх рэкамендацыях звяртаюць увагу на малыя і сярэднія гарады, якія ў цяперашніх умовах могуць стаць рухавікамі развіцця рэгіёнаў. На чым заснавана гэта ўпэўненасць?
Урбанізацыя і рурбанізацыя
Апошнім часам атрымаў распаўсюджанне тэрмін «рурбанізацыя». У адрозненне ад добра вядомай урбанізацыі (працэс распаўсюджвання гарадскіх формаў і ўмоў жыцця на сельскую мясцовасць), рурбанізацыя ўяўляе міграцыю гарадскога насельніцтва ў вёскі, райцэнтры, малыя паселішчы, перанос туды пэўных відаў гаспадарчай дзейнасці, больш характэрных для гарадоў, развіццё там прамысловасці, сферы абслугоўвання, малога бізнесу. На фоне пандэміі рурбанізацыя набыла асаблівую актуальнасць і акрэсленасць у свеце.
Напрыклад, у Расіі падлічылі, што, згодна з данымі сігналаў сотавай сувязі, з Масквы на перыяд самаізаляцыі з'ехала некалькі мільёнаў чалавек. Хтосьці на дачу ці ў загарадны дом, многія арандавалі жыллё ў малых гарадах. Там масквічы сумяшчалі жыццё з аддаленай работай або вучобай. І мяркуючы па ўсім, многія пакуль не спяшаюцца вяртацца. У цэлым, гэты трэнд так ці інакш узнік даўно, а пандэмія зрабіла яго відавочным. Малыя гарады пачынаюць выглядаць усё больш прывабна. Аказваецца, і ў негатыве ёсць свой пазітыў.
Што не так у мегаполісах?
Сёння вялікія гарады пад уздзеяннем такіх негатыўных з'яў, як каранцін, непажаданая самаізаляцыя, абмежаванні ў перамяшчэнні і іншыя забароны, скажам, на сустрэчы са сваякамі і сябрамі ў барах, кафэ і рэстаранах, святкаванні вяселляў, юбілеяў і г. д. становяцца ўжо не самым зручным месцам для жыцця.
Псіхолагі гавораць, што ва ўмовах пандэміі вялікія гарады ўсё мацней правакуюць у людзей абыякавасць, нівеліруюць сямейныя і сяброўскія адносіны, спрыяюць узнікненню агрэсіўных паводзінаў у адказ на строгія меры перасцярогі. Асабліва, калі працаздольнага чалавека звольнілі не па яго віне. Дадайце сюды рост вулічнай злачыннасці. Нават у вядомых сваёй бяспекай краінах, напрыклад, на Кіпры, з-за строгіх мер супраць распаўсюджвання пандэміі ўспыхнулі жорсткія беспарадкі незадаволеных стратай дробнага бізнесу, сродкаў для існавання.
Ужо сёння ў многіх краінах свету, у тым ліку і на постсавецкай прасторы, з-за выкліканых пандэміяй крызісных з'яў у буйных гарадах шмат людзей страцілі і працягваюць страчваць работу. Пасля безвыніковага пошуку рабочага месца нярэдка стомленыя і расчараваныя новыя гараджане вымушаныя вяртацца на малую радзіму, у невялікія населеныя пункты.
У чым «магніт» невялікіх гарадоў?
Аднак гэтыя людзі едуць дадому не з пустымі рукамі. Яны ўжо набылі, лічаць эксперты, як негатыўны, так і станоўчы досвед вялікага горада, у іх ёсць пэўны багаж ведаў і кваліфікацыя. Яны ўжо здольныя шукаць канкрэтныя шляхі паляпшэння якасці ўзроўню мясцовага жыцця. Верагодна, такім чынам, пандэмія можа даць істотны імпульс развіццю малых гарадоў.
На погляд экспертаў, перавагі невялікіх гарадоў відавочныя. Менавіта там адкрываюцца магчымасці для фарміравання канкурэнтаздольнай рабочай сілы, стварэння ўмоў для аддаленай работы, развіцця тэлекамунікацый, авалодання камп'ютарнымі навыкамі. Вялікая перавага і ў тым, што малыя і сярэднія гарады могуць даць людзям камфортнае асяроддзе, пастаянную і прыемную сувязь з прыродай, даступныя гарадскія сэрвісы. І пры гэтым дазваляюць працаваць дыстанцыйна, вядома, пры наяўнасці адпаведнай інфраструктуры.
У адрозненне ад мегаполісаў малыя гарады, наадварот, узмацняюць сувязі паміж членамі мясцовых супольнасцяў, даюць магчымасці для новых знаёмстваў, актыўней далучацца да тых працэсаў, якія адбываюцца ў гэтых гарадах. Там з'яўляецца шмат мясцовых энтузіястаў, нараджаюцца новыя праекты, узнікаюць малыя вытворчасці і г. д. Запыт на такія кантакты для жыхароў буйных гарадоў узрастае.
Штуршок для роздуму
Дарэчы, матэрыялы для гэтай публікацыі далі эксперты «Зялёных гарадоў» — міжнароднага праекта Глабальнага экалагічнага фонду і ПРААН, які ўжо не першы год паспяхова працуе з мясцовымі ўладамі нашых рэгіёнаў. Супрацоўнікі праекта ўпэўненыя, што малыя гарады Беларусі маюць высокі патэнцыял для таго, каб стаць жаданым месцам жыцця. Толькі вось як яго рэалізаваць?
Сітуацыя з COVІD-19 — гэта і штуршок для роздуму над тым, як прывесці ў адпаведнасць з рэаліямі часу састарэлую сістэму мясцовага кіравання і самакіравання, пра неабходнасць глыбокага рэфармавання якой сёння праходзяць гарачыя дыскусіі на дыялогавых пляцоўках. Цікавых прапаноў і прагнозаў на найбліжэйшую і на далёкую перспектыву шмат.
Хто толькі незаклапочаны гэтай тэмай. Вядома, усім на месцах не хапае сродкаў на розныя карысныя справы. Толькі дзе ўзяць свабодныя мільёны?
Сярод тых, хто мае права нешта параіць, на мой погляд, эксперты «Зялёных гарадоў». Яны пастаянна аналізуюць вялікія аб'ёмы інфармацыі па сучасным горадабудаўніцтве менавіта невялікіх населеных пунктаў, акумулююць замежны досвед, раяць шляхі яго выкарыстання.
Праз пандэмію сацыяльныя кантакты моцна звузіліся. Экспертам праекта стала складаней асабіста ўдзельнічаць у рабоце мясцовых груп. З гэтай нагоды праектам быў створаны відэакурс «Распрацоўка плана зялёнага горадабудаўніцтва», які можа дапамагчы мясцовым адміністрацыям, напрыклад, у самастойным пошуку новых падыходаў і рэсурсаў для развіцця сваіх тэрыторый.
Леанід Лахманенка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-lahmanenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/malyya-garady