Як аднойчы гарох патапіў акіянскі параход
Гэты выпадак адбыўся яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя. Аднойчы вялізны акіянскі параход «Днепр» каля праліва Басфор наскочыў на рыфы, атрымаўшы нязначныя пашкоджанні. Патрабавалася толькі адкачаць ваду з-пад палубы і ліквідаваць прабоіны, але…
Усе трумы парахода былі запоўнены сухім гарохам, які пад уздзеяннем вады пачаў імкліва разбухаць. У выніку ціску гарошын, што значна павялічыліся ў памерах, не вытрымала нават сталёвая канструкцыя карабля — і яго разнесла на часткі, нібыта спрацавала моцнае выбуховае прыстасаванне. Вось табе і маленькая гарошынка!..
Як Вашынгтона спрабавалі атруціць памідорамі
У час, калі жыў Джордж Вашынгтон, людзі лічылі плады памідораў не толькі неядомымі, але нават смяротна небяспечнымі. Гэтыя расліны вырошчвалі выключна на кветніках, дзеля прыгожых чырвоных плодзікаў.
У перыяд вайны паўночнаамерыканскіх калоній за незалежнасць кухар, якога падкупілі англічане, зрабіў спробу атруціць Джорджа Вашынгтона: прыгатаваў для яго спецыяльную страву з памідорамі. Будучы першы прэзідэнт ЗША з задавальненнем з’еў смачную ежу і... пайшоў займацца далей важнымі дзяржаўнымі справамі. Ён так і не даведаўся пра здрадніцтва чалавека, якому цалкам давяраў. А вось кухар-небарака не вынес усёй цяжкасці ўласнага «злачынства» і ў той жа дзень скончыў жыццё самагубствам.
Як памідоры і морква сталі садавіной
Памідоры і сапраўды доўгі час адносілі да садавіны, а не да гародніны (пасля таго, зразумела, як людзі пераканаліся ў іх ядомасці). Але ў 1893 годзе Вярхоўны суд ЗША пастанавіў лічыць таматы гароднінай. І зусім не таму, што вучоныя-батанікі падалі скаргу. Прычынай сталі эканамічныя інтарэсы. У той час імпарт гародніны ў ЗША (у адрозненне ад садавіны) абкладаўся высокімі пошлінамі.
І толькі ў 2001 годзе Еўрасаюз — ці па ўласнай ініцыятыве, ці па просьбе самога «сіньёра-памідора» — аднавіў гістарычную справядлівасць і зноўку пастанавіў лічыць памідоры садавінай. Нягледзячы на гэта, большасць насельніцтва па-ранейшаму працягвае называць чырвоныя плады гароднінай.
У тым жа годзе ў Еўропе моркву пачалі лічыць не гароднінай, а садавінай. І зноўку вучоныя-батанікі тут ні пры чым. Хутчэй за ўсё, за карняплод уступілася Партугалія. У гэтай краіне вельмі папулярнае варэнне з морквы, і большая частка гэтага прадукту ідзе на экспарт. А па еўрапейскіх стандартах варэнне можна рабіць толькі з садавіны.
Як парсючкоў хацелі прымусіць вырабляць каўчук
У перадваенныя гады ў СССР існавала праблема з набыццём каўчуку. Купіць яго можна было толькі за валюту, а яе катастрафічна не хапала. Таму вырашылі вырошчваць па ўсім Саюзе казахскі дзьмухавец кок-сагыз, у млечным соку якога ўтрымліваецца крыху каўчуку. Сказана — зроблена… Паўсюднае насаджэнне кок-сагызу дайшло нават да Беларусі, дзе яго актыўна культывавалі.
Практыка паказала, што каўчуку ў кок-сагызе малавата, ды і выдзяляць яго з расліны даволі складана… Тады камусьці з вучоных прыйшла ў галаву «геніяльная» ідэя: карміць кок-сагызам парсючкоў. Паколькі каўчук у жывёльным арганізме не ператраўліваецца, потым застанецца здабываць яго з адходаў свіной жыццядзейнасці.
Парсючкі такую ідэю не падтрымалі: кок-сагыз прыйшоўся ім не даспадобы, і яны ўпарта адмаўляліся яго спажываць. Неўзабаве ж вучоныя навучыліся вырабляць сінтэтычны каўчук — і інтарэс да кок-сагызу рэзка ўпаў. Парсючкі спакойна ўздыхнулі…
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dziva-dziunae