Пачытайце дзецям
Міхась СЛІВА
Гісторыйка
Калі Верачка пайшла ў першы клас, бацькі прапанавалі ёй займацца яшчэ і ў музычнай школе. Пасля праслухоўвання педагогі параілі вучыцца па класе баяна.
— Яна ж яшчэ зусім малая, — нясмела запярэчыў бацька. — Ці адужае такі інструмент?
— А мне падабаецца! — сказала як адрэзала Верачка.
Цяпер дзяўчынка прыходзіць са школы, адпачывае, потым робіць урокі і бярэцца за баян.
Хоць і цяжкавата расцягваць мяхі інструмента, настойліва асвойвае музычную грамату.
Гэта не заўсёды падабаецца яе старэйшаму брату Алежку. Ён часта па-добраму сваволіць, хавае баян. А сёння чамусьці стаў прасіць:
— Пайграй, Верачка, хачу паслухаць!
Дзяўчынка з задавальненнем узялася за інструмент. Алежка спачатку сядзеў на канапе, а потым шмыгнуў у спальню, затым — на кухню.
Малая перастала граць.
— Грай, Верачка, грай! — зазірнуў у пакой і падбадзёрыў яе брат. — Я слухаю!
Неўзабаве ён вярнуўся і, хітра ўсміхаючыся, сказаў:
— Ты ўжо, відаць, стамілася? Пайграеш ін- шым разам. А я пайду на вуліцу пагуляю…
Праз некаторы час Верачка накіравалася на кухню, каб перакусіць. Сёння ж маці напякла для яе з братам цэлы стос любімых смачных аладак. Зайшла і аслупянела: талерка была пустая! Дык вось чаму Алежка так прасіў пайграць на баяне...
г. Рагачоў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gistoryyka