З 24 лістапада ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будзе працаваць выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, паведамілі арганізатары.
Упершыню на выставе можна будзе ўбачыць кнігі з кабінета і бібліятэкі пісьменніка, а таксама даведацца, якія рукапісы, старадрукі і рэдкія выданні захоўваліся ў яго асабістым кнігазборы.
- Асноўнае месца ў экспазіцыі нададзена экслібрысам Уладзіміра Караткевіча. Пераважная іх частка зроблена самім пісьменнікам: разнастайныя кніжныя знакі, якія адмыслова выкананы і падабраны для пэўных выданняў. На выявах — знакавыя постаці беларускай культуры: Скарына, Гусоўскі, а таксама ўлюбёныя Караткевічам ветразі. Вылучаецца экслібрыс з абрысамі зброі касінераў. Яго пячатку і клішэ можна ўбачыць на выставе, – паведамілі ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Несумненную цікавасць абудзяць экслібрысы, створаныя для пісьменніка мастакамі. Працы Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Уладзіміра Басалыгі, Іосіфа Капеляна, Генадзя Грака і Вячкі Целеша можна будзе ўбачыць на старонках выданняў і даведацца гісторыю іх стварэння.
Выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча» будзе працаваць па 17 студзеня.
Прэв’ю: nlb.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich
[2] https://zviazda.by/be/tags/knigi