У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстаўка «Максімалізм». Пад гэтай назвай аб'яднаны работы беларускага скульптара Максіма Петруля. Шырокаму гледачу аўтар вядомы дзякуючы супрацоўніцтву з метрапалітэнам: станцыі «Малінаўка» і «Грушаўка» ўпрыгожаны яго творамі.
Памятаеце на «Грушаўцы» гэтыя знакамітыя металічныя грушы, якія сімвалізуюць сусветнае дрэва? Мала хто пазбегнуў спакусы сфатаграфавацца каля самай вялізнай ігрушы-ствала... На станцыі новай лініі метро «Плошча Францішка Багушэвіча» ёсць скультура Максіма Петруля «Кніга беларуская», вытанчаная, шматсэнсавая кампазіцыя, якая імітуе адначасова кнігу і адчыненыя дзверы, акно і кросны і абыгрывае словы Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Скульптуры Максіма Петруля вядомыя не толькі ў Беларусі, яны выстаўлены ў кітайскіх гарадах Фучжоў, Куньмін, Чанчунь.
Работы скульптара інтэграваны ў асяроддзе, элементы дэкору станцый метро нясуць не толькі дэкаратыўную, а і рэпрэзентатыўную функцыю. То-бок паўсядзённыя для гарадскога жыхара месцы ўспрымаюцца як альтэрнатыўныя выставачныя прасторы.
На пытанне «Звязды», у чым адметнасць выстаўкі, Максім Пятруль адказаў так:
— Гэта сцвярджэнне вынайдзенага мною новага напрамку ў мастацтве пад назвай «Максімалізм». Яго сутнасць — у тым, каб мінімальнымі сродкамі мастацкай выразнасці прамовіць аб усім, што хачу, пра важныя, глабальныя рэчы. Я бяру геаметрычнае цела або прыродны матэрыял і трансфармую яго ў канцэптуальны знак.
У работах Петруля філасофскія катэгорыі і паняцці набываюць фізічную абалонку, а плаўнасць і непарыўнасць — іх характэрная рыса.
— Для мастака важна эксперыментаваць і ўзаемадзейнічаць з матэрыялам. У чым розніца паміж акадэмізмам і фальклорам? У тым, што народнае мастацтва — гэта свайго роду практыкум работы з матэрыяламі: з ніткамі, саломай, лазой. Гэта не традыцыйнае маляванне графітам на паперы. Я ўпэўнены ў тым, што менавіта трансфармацыя народнай культуры ў мастацкі авангард — тое, што найбольш арганічнае для беларусаў. Гэта абумоўлена і нашай генетычнай памяццю, і нашымі традыцыямі.
Наведаць выстаўку можна будзе да 6 снежня ўключна.
Арына КАРПОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/skulptura
[3] https://zviazda.by/be/tags/metro
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[5] https://zviazda.by/be/tags/maksim-pyatrul