Памёр Дзмітрый Пятровіч — пісьменнік, выдатны знаўца роднай беларускай мовы. У мінулыя гады ён працаваў ў рэдакцыі газеты «Звязда». Чытачы ў той час мелі магчымасць пазнаёміцца з яго вершамі, прозай. Больш за гэта, кожны нумар выдання выходзіў пасля таго, як матэрыялы газеты пабывалі на яго рабочым стале — ён працаваў стыльрэдактарам, усе свае веды і багаты вопыт прысвячаў беларускай мове. Шырока вядомы яго паэтычны зборнік «Святло адвечнай песні», уганараваны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй ў 2019 годзе.
Мы былі сябрамі. Разам неаднойчы хадзілі сцежкамі бліз купалаўскай хаты ў Вязынцы. На адной з такіх сцежак некалькі дзён таму я зрабіў гэта фота. Падаў першы снег.
Ні хмары чорныя, ні белыя аблокі
Не назаўжды над хатаю тваёй –
Іх унясуць бураны ў край далёкі,
Пакінуць толькі сонца ды спакой.
І кветка майская, і жоўты ліст асенні
Сплывуць у нябыт па вечнай плыні дзён,
І год за годам прамільгнуць імгненнем —
Не спыняць іх ні слава, ні праклён.
Але, мінае ўсё каб зноў вярнуцца
І там, дзе сёння жоўты ліст ляжыць
Вясновым ранкам парасткі прачнуцца,
Ў святле адвечнай песні будуць жыць
Яўген ПЯСЕЦКІ
Да друку ў свежым нумары газеты «Літаратура і мастацтва» рыхтавалася нізка вершаў Дзмітрыя Пятровіча. Яе мы і публікуем ніжэй.
Няма натхнення... Прывіднае заўтра —
Нібы міраж, што знікне у завеі.
Дзе тое шчасце, ўбачанае Сартрам?
Халоднасць душ нікога не сагрэе.
Чаму мы, грэшныя, не адмаліўшы ўсіх
Грахоў сваіх, цяжар прыдбалі з новых?
Здаецца, зараз цэлы свет заціх Як перад выбухам…
Шчаслівую падкову Падорыць
Бог не кожнаму з людзей —
Нямала на Зямлі нагод-«хаўераў»…
Каб канчаткова у сябе не страціць веры —
Імкнуцца трэба стаць душой чысцей…
***
Мелодыя дажджу гучыць ратоўча ў цемры:
Я думаў, што аглух ад болю і трывог…
Мо страціўшы любоў, мы можам страціць веру
Ў таго, з кім ты дзяліў жыццёвы пыл дарог…
Шчаслівы чалавек, адчуў я смак кахання.
Яно, як Божы дар, даецца не усім…
Выпрабаванне злом, пакутамі расстання —
На жаль, мая любоў растала, быццам дым…
Зноў стукае ў акно бадзяга вольны — вецер.
Мелодыя дажджу сціхае уначы.
Больш не шукаю я адзіную на свеце —
Цяпер мая душа, аглухлая, маўчыць…
***
Самотна восень паглядзела
Праз летні дождж на нас з табой.
Калісьці сэрца так трымцела,
Любві юначае прыбой
Ахопліваў душу пяшчотна,
Гучаў кахання перыфраз…
…А восень глянула самотна,
На нейкі міг з’яднаўшы нас…
***
Няўжо не сагрэцца азябламу сэрцу?
Дзе той неўтаймоўны дзвюх душаў палёт?
Няўжо адгучала любві нашай скерца,
Пустэча наперадзе, пыл і быльнёг?..
Няўжо, як міраж, знікнуць нашы памкненні
Знайсці свой аазіс з гаючай вадой?..
Калісь у бязмроі азяблых сумненняў
Мы зноў пабудуем між мной і табой
Вясёлкавы мост, што падорыць надзею
Сустрэцца ізноў у эдэме-раі.
Я веру: любоў нашы сэрцы сагрэе.
Каб раны душэўныя нам загаіць…
***
Даспехі на сцяне, і меч у ножнах.
Ды сон, начны ратоўнік, не ідзе,
Бо успаміны стрымна-асцярожна,
Як па крупінках, аднаўляюць дзень.
Палон прыемнай стомы — урачыстасць.
А потым — сноў трывожных забыццё…
Каб зноў перапісаць жыццё начыста…
Бо кожны дзень — маленькае жыццё…
***
Для нас прысуд — халодная зіма
У сэрцах, абыякавых да болю…
Ён не сціхае — ведаеш сама:
Не стрэнуцца ўжо нашыя юдолі…
Няўжо закляцце нечае лягло
На шчасце наша хмаравіннем чорным?
Змяніўся свет, каханне адцвіло,
Яго матыў стаў восеньска-мінорным…
Спявае дождж начны — але дарма:
Быць адзінокім — гэта мая доля…
Мне прыгавор — халодная зіма
У сэрцы, абыякавым да болю...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/litaratura