Тысячы бяздомных у амерыканскім штаце Каліфорнія, якія часова пражываюць у мясцовых атэлях, ужо ў бліжэйшы час могуць быць выселены на вуліцу, паколькі ўлады вымушаны будуць закрыць гэтыя «прытулкі» з-за пандэміі COVID-19, піша [1] БЕЛТА.
Высяленне пагражае больш як 23 тыс. чалавек, якія не маюць пастаяннага жылля. «Цяпер найгоршы час для такіх дзеянняў, — заявіў Боб Эрленбуш, выканаўчы дырэктар базіруемай у Сакрамента Рэгіянальнай кааліцыі па барацьбе з бяздомнасцю. — Цалкам відавочна, што цяпер вельмі складаны час, і надыходзяць халады, будуць дажджы, акрамя таго пандэмія выходзіць з-пад кантролю і плюс яшчэ надыход сезоннага грыпу. І вы сапраўды хочаце ў гэтых умовах выставіць людзей на вуліцу? Гэта проста бесчалавечна».
Да пандэміі ў Каліфорніі налічвалася 151 тыс. бяздомных. З таго часу, як лічаць эксперты, іх колькасць значна ўзрасла з-за абмежаванняў і праблем, выкліканых COVID-19. У гэтым годзе ў Лос-Анджэлесе, Сакрамента і ў іншых гарадах штата былі створаны сотні новых палатачных лагераў для размяшчэння бяздомных. Праваабаронцы апасаюцца, што сітуацыя яшчэ больш абвострыцца ў лютым, калі закончыцца тэрмін дзеючага ў штаце мараторыя на высяленне людзей, якія незаконна ўсяліліся ў чужыя пустуючыя дамы.
25 лістапада ў Каліфорніі быў зафіксаваны чарговы сутачны рэкорд заражаных COVID-19 па краіне — амаль 18 350 новых выпадкаў. На мінулым тыдні губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам аб’явіў аб увядзенні ў штаце з 21 лістапада частковай каменданцкай гадзіны тэрмінам на месяц.
Прэв’ю: california.need.estate
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/world/view/u-kalifornii-z-za-pandemii-tysjachy-bjazdomnyh-vysjaljajuts-z-chasovaga-zhyllja-94100-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/byazdomnyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[4] https://zviazda.by/be/tags/kaliforniya