Доўгатэрміновае забеспячэнне дасягнутага міру ў Нагорным Карабаху з’яўляецца прыярытэтам урада Арменіі. Аб гэтым сёння ў час звароту да нацыі заявіў прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашынян, паведамляе [1] БелТА са спасылкай на ТАСС.
«Сёння важная мэта — захаваць дасягнуты мір, зрабіць яго трывалым і, калі мы зможам зрабіць яго пастаянным, намнога лепш. Важнай задачай з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці і бяспекі вакол Арменіі і Арцаха (непрызнаная Нагорна-Карабахская рэспубліка), арганізацыя бяспекі Арцаха. А для гэтага неабходна выкананне дамоўленасцей ад 9 лістапада», — адзначыў Нікол Пашынян.
Таксама прэм’ер-міністр Арменіі адзначыў, што ў краіне ёсць сілы, якія сваімі дзеяннямі хочуць пасеяць хаос. «Некаторыя сілы спрабуюць стварыць бачнасць адсутнасці ўлады ў Арменіі. Яны хочуць пасеяць хаос у краіне, каб забяспечыць сваё вяртанне да ўлады. Аднак мы гэтага не дапусцім. Мы не трымаемся за ўладу, але народ не хоча іх вяртання», — заявіў ён.
У Арменіі з 10 лістапада праходзяць акцыі пратэсту апазіцыі з патрабаваннем адстаўкі Нікола Пашыняна. Апазіцыя абвінавачвае яго ў падпісанні трохбаковай заявы, згодна з якой пад кантроль Азербайджана павінны перайсці сем раёнаў вакол Нагорнага Карабаха і частка тэрыторыі самой непрызнанай рэспублікі.
Прэв’ю: ТАСС
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/world/view/pashynjan-zabespjachenne-dasjagnutaga-miru-u-nagornym-karabahu-zjauljaetstsa-pryjarytetam-94171-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/nikol-pashynyan
[3] https://zviazda.by/be/tags/armeniya
[4] https://zviazda.by/be/tags/mir