Па ініцыятыве Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўладкавана крыніца ў вёсцы Бялёва Камянецкага раёна. У згаданым раёне многа крыніц з гаючай вадой, а гэтая размешчана найбліжэй да раённага цэнтра.
Сюды прыязджае шмат людзей набраць вады, але раней тэрыторыя зусім не была добраўпарадкавана. Як адзначыла Таццяна МАЖВІЛА, супрацоўніца Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, добрую справу падтрымалі многія людзі, таму атрымалася ладна і прыгожа.
Супрацоўнікі Камянецкай ЖКГ добраўпарадкавалі саму крыніцу, забралі яе ў бетонны калодзеж і ўстанавілі над ім дах. Для камфортнага падыходу зрабілі драўляныя прыступкі. Меліяратары праклалі канал для адводу вады, будаўнікі зрабілі парапет, дарожнікі ўладкавалі з’езд з дарогі да крыніцы. Некалькі працоўных дэсантаў правялі таксама супрацоўнікі абласной і раённай інспекцый прыродных рэсурсаў, валанцёры БРСМ, прадстаўнікі працоўных калектываў. Былі пасаджаны дрэвы, наведзены парадак, устаноўлена таблічка з інфармацыяй пра крыніцу.
Сёння ў Брэсцкай вобласці вядомыя каля 100 крыніц. У гэтым годзе былі ўладкаваны каля дзесяці з іх.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з сайта газеты «Камянецкія навіны»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[2] https://zviazda.by/be/tags/krynicy