Першыя ёлачныя базары пачнуць працаваць у Беларусі 19 снежня, паведамілі БЕЛТА [1] ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
«Старт перадсвяточнага гандлю 19 снежня дадуць лясгасы Брэсцкай і Віцебскай абласцей. З 20 і 21 снежня да іх далучацца лясгасы Гродзенскай вобласці, з 21 снежня — Мінскай, з 23 снежня — Гомельскай і Магілёўскай. Усяго арганізавана звыш 1,1 тыс. гандлёвых кропак ад лясгасаў, дзе будзе прадстаўлена прадукцыя па мінімальных цэнах», - распавялі ў прэс-службе.
Праца ёлачных кірмашоў будзе арганізавана ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах, на тэрыторыі лясніцтваў і лясгасаў. Як і ў мінулым годзе, прадукцыя лясгасаў у сталіцы будзе прадстаўлена толькі ў двух кропках: у ДЛГУ «Мінскі лясгас» па адрасе вуліцы Баграціёна, 70 (запрацуе з 21 снежня), а таксама на ёлачных кірмашах на вул.Прытыцкага, 146, дзе прадукцыю будзе рэалізоўваць Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр (запрацуе з 22 снежня). Разам з тым лясгасы Мінскай вобласці разгорнуць актыўны гандаль у населеных пунктах, якія цесна прымыкаюць да сталіцы: у Бараўлянах, Сеніцы, Валяр’янаве і інш.
У асартыменце традыцыйна будуць ёлкі, сосны, а таксама навагоднія букеты і дрэвы ў кадках. Што тычыцца апошніх, то іх будуць прадаваць ва ўсіх населеных пунктах з колькасцю насельніцтва звыш 30 тыс. чалавек.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/pervye-elochnye-bazary-zarabotajut-v-belarusi-19-dekabrja-418056-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/yolachnyya-kirmashy