Ірына Кадзюкова: «Дзеці разумеюць значна больш, чым мы падазраём, і адчуваюць часам больш тонка»
Думаеце, здымаць мультфільмы лёгка? Зусім не. А ствараць не проста анімацыю, а мастацкія творы — яшчэ цяжэй. «Легенда пра лэдзі Гадзіву», «Брат і сястра», «Дзяўчынка з запалкамі» і іншыя мультыплікацыйныя работы рэжысёркі Ірыны Кадзюковай — вытанчаныя і кранальныя. Наша размова — пра вечную гісторыю кахання Дантэ і Беатрычэ, лепшы дыснэеўскі мультфільм, ролю Вудзі Алена ў беларускай мультыплікацыі і шмат пра што яшчэ.
— У вас цэлы цыкл калядных фільмаў. Як звычайна праводзіце гэтае свята?
— Цяпер вельмі сціпла, з гадамі многае ўспрымаеш прасцей. Абавязкова іду ў храм на калядную службу. Калі сын быў маленькі, вядома, больш увагі адводзілася антуражу, нават ставілі маленькую батлейку. Напэўна, цяпер не так важна ўбранне…
— Гэта ж неверагодна, калі мама дапамагае ажываць казкам. Як вы тлумачылі сыну ў дзяцінстве, кім працуеце?
— Мы жылі досыць скромна, удваіх, практычна без сваякоў. Сыну даводзілася падзяляць маю вечную занятасць. Кіно — гэта заўсёды недахоп часу, праца па выхадных. І нічога не застаецца, як толькі браць дзіця за лапку і цягнуць на студыю. Пакуль здымаю, ён сядзіць. Але не адзін! Бо такія ж «кранутыя» матулі таксама бяруць сваіх дзяцей на працу. Памятаю, ходзяць такія кацяняткі па студыі і ведаюць, што мамам перашкаджаць нельга, толькі і чуеш пад дзвярыма, што нехта дыхае. І другі кажа шэптам: «Нельга перашкаджаць». Абліваюся слязьмі, але трэба заканчваць кіно: па-першае, тэрміны, па-другое, грошы і, патрэцяе, гэта ж любімая справа. І сядзіць ён, такі маленькі, ківае носікам, таму што ўжо засынае. Памятаю, як здымалі «Дзяўчынку з запалкамі». Вельмі цяжкі час, 90-я, і, што такое недакормленае дзіця, я ведала на сваім вопыце, таму «Дзяўчынка з запалкамі» — фільм, які я даставала літаральна з сябе. Там у мяне дзяўчынка пад камерай, а тут — хлопчык, які носам торкае. А калі не зрабіць добрае кіно, то не возьмуць на фестываль. Наш любімы фестываль «Крок» праходзіў на белым параходзе, які плыў з Кіева ў Чорнае мора. Значыць, дзіця паветрам падыхае. Таму ў нас была магічная фраза: «Цярпі, мы зарабляем на белы параход». (Усміхаецца.) Так што з дзяцінства ён ведаў, што кіно — гэта вельмі цяжкая праца. Ніякіх ілюзій, што мама здымае мультфільмы, не было.
— Я чытала вашы словы пра тое, што бацькі фарміруюць дзіцячы густ і што ні адзін нармальны бацька не пакажа новую «Снежную каралеву», калі можна паказаць старую.
— Я, напэўна, занадта крута сказала. Але мне здаецца, што правільней паказаць спачатку старую экранізацыю. Новая «Снежная каралева» — пусты мультфільм, такі ж, як «Халоднае сэрца». Папулярная, халодная, пралічаная карціна. А старая «Снежная каралева» — ёй гадоў пад семдзесят — не проста фільм, гэта мова пакаленняў. Калі дзіця даведваецца, што той жа самы мультфільм у дзяцінстве глядзелі бацькі, — гэта ж неверагодна! Дыснэеўскія фільмы — яркія, прыгожыя, зручныя для ўспрымання, у іх герояў — характары, якія павінны ўсім падабацца і акупляцца. Там усё ўсярэдненае, існуе шмат відэа, дзе параўноўваюць герояў з розных мультфільмаў, а ў тых — аднолькавыя міміка, жэсты, рухі і г. д. А нашу «Снежную каралеву» імкнуліся экранізаваць максімальна дакладна. Вялікі Хаяо Міядзакі такі, які ён ёсць, таму што абажаў савецкі мультфільм пра Снежную каралеву, ён гаварыў гэта ў інтэрв’ю.
— А вам падабаецца які-небудзь дыснэеўскі мультфільм?
— Як жа без «Беласнежкі»! Хто з нас не рыдаў з-за чарапахі, якая не можа ўзлезці на прыступкі. (Замілавана.) Я нядаўна знайшла на дачы сем бутэлечак з-пад адэкалону ў выглядзе гномікаў. Захаваліся яшчэ з майго дзяцінства! Калі стала дарослым мультыплікатарам, дабралася да плёнкі з «Беласнежкай», прагледзела ўсё ўважліва, знайшла недафарбаваную антылопу. (Смяецца.) Але гэта не псуе мультфільм, ён усё роўна выдатны. Дзецям трэба паказваць разумныя і добрыя фільмы, не шырспажыў, а сапраўднае мастацтва. Я абсалютна перакананая ў тым, што дзеці разумеюць значна больш, чым мы падазраём, і адчуваюць часам значна танчэй.
Апошняе кіно ў мяне пра цудоўную гісторыю кахання Дантэ і Беатрычэ. Існаваннем «Боскай камедыі» мы абавязаны таму, што дзевяцігадовы хлопчык схадзіў да сябра-суседа і ўбачыў дзяўчынку. Так што гэта гісторыя дзіцячага кахання. Фільма пакуль няма ў сеціве — два гады стужка не павінна там з’яўляцца, інакш у яе не будзе фестывальнага лёсу. Хоць фестывалі мяне цяпер не вельмі цікавяць, куды важней, што мяне запрасілі паказваць гэтае кіно ў Фларэнцыі, у музеі Дантэ! Ну вісіць у мяне паліца з прызамі. Як гаворыць сын: «Ну а гэты помнік мы куды паставім?» (Усміхаецца.) Мінулым летам на фестывалі ў Грузіі — адным з любімых, бо ён маленькі, — у мяне была якраз прэм’ера «Дантэ». На гэтым фестывалі быў і найцудоўнейшы рэжысёр Міхаэль Дзюдок дэ Віт. Вельмі люблю яго фільм «Бацька і дачка», удастоены прэміі «Оскар». У нас больш вядомая іншая яго поўнаметражная карціна — «Чырвоная чарапаха». Міхаэль вельмі вядомы чалавек, а на тым фестывалі — стасункі нефармальныя: кіно, віно. Дык вось, ён падыходзіць і кажа: «Я бачыў ваша кіно, яно мяне вельмі зацікавіла. Ці не маглі б вы мне яго даслаць, я быў такі стомлены на паказе». А я сама сабе думаю: «Чытай — заснуў». (Смяецца.) Я даслала фільм, а потым атрымала велізарны ліст, вельмі шчыры, пра тое, што ён не ведаў гэтай гісторыі кахання, што яна яго вельмі кранула і ўразіла. Я была настолькі ўзрушаная! І ўзнагароды мне ніякія не патрэбны, я атрымала тое, пра што і думаць не магла, — такі цудоўны водгук лепшага рэжысёра. Так што Дантэ, Дантэ і Дантэ!
— Як быццам знак!
— Так, на гэтым цуды не заканчваюцца! Я выкладаю ў ЕГУ. Вільнюс, вельмі гарачы дзень, еду ў тралейбусе. Насупраць сядзіць малады чалавек у адкрытай майцы, прыгожы — неверагодна. Але гляджу на яго не па гэтай прычыне (усміхаецца), а таму, што ў яго руках кніга. Як рэдка цяпер чытаюць папяровыя кнігі! Прыглядаюся — Дантэ! Хлопец сядзіць і чытае «Боскую камедыю». У мяне якраз мелася быць мастацкая рада ў Міністэрстве культуры, і я пытаюся ў гэтага маладога чалавека:
— Дантэ чытаеце?
— Так, вы ж бачыце.
— Вам цікава?
— Ну я ж у тралейбусе чытаю, значыць, цікава. Мне падарылі, не магу цяпер адарвацца.
— Вы не паверыце, а я вось сяджу і думаю: здымаць кіно пра Дантэ ці не.
— Вы яшчэ думаеце? Ужо камп’ютарную гульню зрабілі, а вы яшчэ кіно не наважваецеся!
«О, вось гэта я і скажу на мастацкай радзе!» — падумала я. (Смяецца.) Ну гэта ўвогуле фантастыка! Калі знаходзіш сваю тэму — знакі пачынаюць проста сыпацца. Таму пра Дантэ я пайду распавядаць куды заўгодна і каму заўгодна. Сапраўды, пра яго ведаюць вельмі прыблізна.
— Вы сказалі, вас запрашалі ў Фларэнцыю!
— Так, павінна была ехаць са сваімі студэнтамі летась. У нас ідзе курс «Артэфакты Фларэнцыі», і ў праграме паездкі была прэзентацыя фільма, абмеркаванне і ўсё-ўсё-ўсё. Але пачалася пандэмія, і мы туды не патрапілі. Але, можа, гэта і да лепшага. Тым больш што музей Дантэ на рамонце, а да наступнага года і дата будзе (2021 год аб’яўлены годам Дантэ), і музей адкрыецца.
Я была ў Фларэнцыі двойчы. Каб пачаць здымаць мультфільм, трэба было паехаць, усё памацаць, убачыць. Мы хадзілі з сынам па горадзе і выпадкова натрапілі на царкву. Нас прыцягнуў плакат пра тое, што там нядаўна адбыўся акт вандалізму — зламалі крыж, разбурылі алтар, і з гэтай нагоды збіралі грошы на аднаўленне. Святла ў царкве не было. Я прысела, звярнула ўвагу, што каля мяне — доўгі прыгожы абраз Раства. Пакуль я адпачывала, сын пайшоў і апусціў манеткі, каб святло ўключылася (там такая сістэма). Я павярнула галаву налева і ўбачыла, што ўнізе ў паглыбленні таблічка: «Тут спачывае Беатрычэ Парцінары». У мяне проста пацяклі слёзы, я такі ўдар адчула ў сэрцы! І зразумела, што з гэтага моманту я адказваю за яе. Пра яго і без мяне распавядуць. Я ў прынцыпе і кіно рабіла з-за Беатрычэ, а не з-за Дантэ. (Усміхаецца.) Гэтую гісторыю трэба ведаць. Я заўсёды за асвету. І анімацыя — цудоўны інструмент для гэтага! Вельмі сумняваюся, што шмат хто проста так раскрые «Боскую камедыю» і будзе яе чытаць. А паглядзець гісторыю пра каханне, асабліва калі яна пачынаецца яшчэ з дзяцінства, — такіх, мяркую, паболей. Я сёння нават думала пра гэта: Божа, усё так проста. Ён дрэнна сябе павёў, праявіў знакі ўвагі да іншай, яна пакрыўдзілася, як звычайная дзяўчынка. Такія простыя рэчы. Толькі чамусьці гэта потым паўплывала на ўсё чалавецтва. Я заўсёды кажу: «Будзьце ўважлівыя да першага кахання!»
— Ці магла б яна падумаць, што праз столькі гадоў пра яе будуць размаўляць, здымаць фільмы!
— Мяне ўзрушвае, што я датычная да іх жыццяў! Дарэчы, пра тое, што дзеці нічога не разумеюць... Ёсць у мяне ў Грузіі сяброўка-журналістка, якая піша пра кіно, я ёй пакінула паглядзець і мой фільм пра Дантэ. Яе сын Андрэа, выдатны дзевяцігадовы хлопчык, таксама захацеў паглядзець, але яму не давалі: «Ты не зразумееш, гэта для дарослых». Дык гэты цудоўны малы чалавек і адказаў з характэрнай грузінскай інтанацыяй: «Чаму я не разумею? Я ўсё разумею: яна памерла, а ён ажывіў яе сваімі вершамі!» І сяброўка мне з гэтай нагоды тэлефануе: «Ты ўяўляеш, што ён мне сказаў?!» Я абсалютна не думала пра такі сэнс, калі здымала, а хлопчык прачытаў фільм так! Лезу на сценку ад фраз тыпу «дзіцяці гэта будзе не зразумела». Ды што вы разумееце? Ніколі не кажыце за дзяцей! Колькі ведаю па сваіх фільмах, якія даводзілася часта паказваць дзіцячай аўдыторыі: тыя сцэны, ад якіх, думаецца, яны будуць віскатаць ад задавальнення, пакідаюць іх абыякавымі. А якая-небудзь цалкам прахадная сцэна, дзе, напрыклад, ляціць самалёт і міргае агнямі, становіцца ў іх любімай. Чаму? Не ведаю! Ніхто не зможа адказаць на гэтае пытанне. Можа, таму, што ў мяне агні правільна міргаюць па тэхніцы бяспекі. (Усміхаецца.) Я нават будову самалёта вывучала, каб усё было правільна.
— Праўда?
— Так, мяне кансультаваў камандзір ТУ-134. Гэта вам здаецца: мульцікі-мульцікі! А за імі стаіць сур’ёзная праца. Ты павінен за ўсё адказваць, нават за тое, як міргаюць агеньчыкі. (Усміхаецца.)
— Я вось нядаўна пераглядзела «Легенду пра лэдзі Гадзіву». І так мне гэта нагадала наш час, хоць легендзе больш за тысячу гадоў, ды і мультфільму ўжо шаснаццаць.
— Дарэчы, так. (Задуменна.) Мой сын, зноў жа (усміхаецца), працаваў у Англіі і спецыяльна паехаў у Ковентры, на радзіму лэдзі Гадзівы. Там цяпер прамысловы гарадок, засталіся толькі рэшткі сабора. Так, гэты фільм вельмі накладаецца на сёння. Прычым гэта рэальная гісторыя.
— Вы шмат здымалі па сусветнай класіцы, але ніколі не краналі беларускія казкі. Чаму?
— Беларускія казкі... Я думала пра гэта. Але, разумееце, ёсць выдатная рэжысёрка Таня Кубліцкая, якая добра іх адчувае і здымае. Дык няхай яна гэта робіць! Я зраблю горш. Трэба ведаць, да чаго ты прызначаны. Не трапілася мне пакуль нічога Такое кіно. Спецпраект Кадр з мультфільма «Легенда пра лэдзі Гадзіву» Прататып лэдзі Гадзівы такога з беларускіх казак, што б я вельмі хацела зрабіць. Я, у прынцыпе, зняла ўсё, што хацела. Яшчэ з універсітэта ў мяне быў запаветны аркушык, на якім я пісала фільмы-мары, а потым выкрэслівала. Не ажыццявілася ўсяго пара пунктаў, і тое толькі таму, што ідэі выліліся ў іншыя праекты. Хаця я ўсё ж вырашыла зрабіць цалкам глядацкае кіно.
— Раскажаце пра што?
— Ды калі ласка. (Усміхаецца.) Мінулым летам я з’ездзіла ў Іспанію, была ў Альгамбры. Вельмі люблю ўсходнія казкі, і якраз перад ад’ездам мне падарылі кішэнны асобнічак «Казак Альгамбры» Вашынгтона Ірвінга, які я ў дарозе пачала чытаць. Я ўразілася, наколькі твор надзённы, хоць сярэдзіны XIX стагоддзя, а гумар — цалкам сучасны. Казка пра прынца Ахмета мне спадабалася так, што, вярнуўшыся дадому, я за тыдзень напісала сцэнарый, седзячы на дачы. Гэта вельмі лёгкая, смешная казка пра каханне. Канечне, канечне пра каханне! Гэта будзе не столькі асветніцкі, колькі радасны фільм. Сцэнарый ляжыць ужо на «Беларусьфільме». У снежні меўся быць запуск, але я думаю, што нічога не будзе — студыя ляжыць у руінах... Так, грошы на кіно даюць, але да мультыплікатараў яны не даходзяць. Таму мой сцэнарый там ляжыць на ўсялякі выпадак. Я ўжо атрымала кайф проста ад яго стварэння. А пра анімацыю я і так усё ведаю.
— Хочацца чагосьці новага?
— Так, хочацца паспрабаваць нешта новае. Мяне апошнім часам пачалі цікавіць тэатр, інсцэніроўкі. Акрамя таго, я ж выкладаю. Студэнты заўсёды даюць поле для новых ідэй. Я вельмі рада, што яны ў мяне ёсць. Мы прыдумляем нейкія сінтэтычныя рэчы, гэта неверагодна цікава. (Натхнёна.) А потым, гэта вельмі трымае ў тонусе — пастаянна прыдумваеш нешта, крэатывіш.
— Вы доўгі час здымалі на плёнку, да 2012-га здаецца. Чаму?
— Таму што плёнка нашмат лепш! Гэта глыбіня кадра, зусім іншае паветра ў кадры. Пачынала «Фініст — ясны сокал» яшчэ на плёнцы, але зразумела, што ўжо не выцягнем — спецыялісты сыходзяць. І прыйшлося перайсці на лічбу. Але я з усіх сіл стараюся цягнуць свае плёначныя веды і прыё мы, спрабую здымаць з тымі ж ярусамі, складаным асвятленнем. Праўда, цяпер няма аператараў, якія маглі б рабіць такую працу. Хоць аднаго нядаўна знайшла. Напісаў мне малады чалавек, мае фільмы — прадмет яго магістарскай. (Здзіўлена.) Мяне гэта ўзрушыла! А потым высветлілася, што ён яшчэ і кінааператар па першай адукацыі. Плёнка — гэта складана, а ўсім цяпер хочацца прасцей і хутчэй. Практычна няма спецыялістаў, якія б здымалі ў тэхніцы ручной перакладкі. Акрамя таго, старыя плёначныя фільмы патрабуюць павагі. Колькі я ні ўгаворвала кіраўніцтва студыі адсканіраваць нармальна старыя стужкі, яны замарочвацца не жадаюць — толькі адной кнопкай згаджаюцца гэта зрабіць. А так нельга, трэба пакадрава перакладаць. І я ведаю як. Мы да такога бляску даводзілі кадры ў Маскве! Але тут нікому да гэтага справы няма.
— У фільме «Брат і сястра» казлянятка малявалі з Вудзі Алена. І ён нават пра гэта ведае! Як так атрымалася?
— Я адразу ведала, калі збіралася рабіць фільм «Брат і сястра», што мне патрэбная мастачка Наташа Навоенка. У тым, што кіно атрымалася менавіта такое, велізарная заслуга Наташы! Без яе я б такой смелай не была. Яна імгненна думае і гэтак жа імгненна малюе. Я, калі першы раз убачыла Алёнушку, гэтую сіротку Хасю, ледзь не ўпала! (Смяецца.) А потым неяк прыходзіць Наташа, зыркае вачыма і гаворыць: «Я ведаю, з каго мы будзем рабіць казлянятка! З Вудзі Алена!» У мяне проста аўт быў на месцы. (Усміхаецца.) Паказвае фота Алена, потым малюе казляня. Калі паставіць разам — адзін твар! І самае цікавае, яна сустрэлася з Вудзі Аленам на канцэрце ў Піцеры, куды ён прыехаў граць на саксафоне. І яму расказала. (Смяецца.) Насамрэч, у любога персанажа ёсць прататып — знешнасць, характар. «Дзяўчынка з запалкамі» хадзіла ў адну групу ў дзіцячым садзе з маім сынам. Клікалі яе Танечка, а яе маму-прадавачку — Анжэла. У Танечкі былі тоненькія такія ножкі, блакітныя вочы і слабенькія валосікі-пёркі. А мой сын заўсёды быў вельмі жаласлівы, апекаваў яе, вадзіў за ручку — было вельмі кранальна. У гэтай гісторыі надзвычайны фінал! Праз шмат гадоў сустракаю Анжэлу, яна кажа: «А Таня замуж выйшла і дзіця нарадзіла!» Ес! Андэрсэн! Дзяўчынка з запалкамі вырасла і нарадзіла дзіця! А вобраз лэдзі Гадзівы — з майго школьнага фотаздымка з дошкі гонару, там я з косамі і піянерскім гальштукам. Калі дойдзе да фільма паводле казкі пра прынца Ахмета, я таксама ведаю, хто будзе прататыпам. Яшчэ ў школьныя гады я да вар’яцтва закахалася ў партрэт Залатарэўскага пэндзля Зінаіды Серабраковай ў Нацыянальным мастацкім. Я і цяпер прыходжу да яго як на спатканне, так смешна. (Летуценна усміхаецца.) Гэта будзе помнік таму дзіўнаму першаму каханню — цёмныя вочы, хлопчык у матросцы. Я закахалася да тэмпературы! Заўсёды павінна быць адпраўная кропка ў стварэнні героя. Гэта неабходна, каб не рабіць абагульнены вобраз, як у «Халодным сэрцы», а ствараць сапраўды ўнікальных герояў.
Ганна ВАРОНКА