Да канца шляху заставалася няшмат. Думкі пра гэта падбадзёрвалі, нібы прадчуванне хуткага свята. З-за хворага калена верхавая язда нават на кароткія адлегласці давалася яму з цяжкасцю, а далёкая дарога страшыла не менш за катаванне. Таму, чым далей, тым часцей Персусу даводзілася спыняць каня, каб расцерці левую нагу і крыху адпачыць.
У суправаджэнні Эгала — свайго дзядзькі і заступніка — ён нарэшце пераадолеў першы роў, які атачаў сталіцу і па перыметры ахоўваўся салдатамі. Апынуўшыся ў межах горада, можна было не баяцца за сваю бяспеку. Пражыванне, як і знаходжанне тут, дазвалялася грамадзянам не ніжэй за трэцюю катэгорыю. Паміж першым і другім ровам знаходзіліся дамы гандляроў, рамеснікаў, навукоўцаў і творцаў, амфітэатр, вайсковыя казармы, парк, гарадскі кірмаш і некаторыя адміністрацыйныя пабудовы. Гэтая частка сталіцы заўсёды кішэла людзьмі, рэзкімі гукамі і назойлівымі пахамі.
Пасля аднастайнай дарогі вочы тут разбягаліся. Горад зусім не змяніўся, але ўвага Персуса стала больш пільнай, ён заўважаў і разглядаў у дэталях кожнага мінака, хоць раней многіх не ўдастоіў бы і погляду: маладая сямейная пара заклапочана нешта абмяркоўвае, бацька цягне за вуха вінаватае дзіця, згорблены сівы стары павольна падымаецца ўгару, гандляр махае рукамі і звонка зазывае да сябе. Персус і Эгал спыніліся каля бліжэйшай крамы, каб перакусіць пасля знясільваючага шляху. Затым, каб у апошні раз усё паўтарыць, яны схаваліся ў цень і ў дастатковай аддаленасці ад помніка Імператару.
Сталіца ўвасабляла структуру сусвету. Яе межы акрэслівалі роўнае кола. У самым цэнтры знаходзіўся палац-сонца, ад якога ў розныя бакі разыходзіліся, як прамяні, помнікі Імператару. Яны размяшчаліся раўнамерна, па адным на кожныя два плетры. Акрамя таго, па ўсім горадзе, як зоркі на небе, знаходзіліся так званыя «прывітанні Імператара»: мазаікі, іконы, статуі, барэльефы з яго выявай. Але нягледзячы на назву, іх шанавалі не менш, чым самога Імператара.
Так, адзін гандляр адправіўся на катаргу за тое, што ён перш за ўсё пачаў хаваць тавар, а не затуліў, хай хоць бы і сваім целам, бюст Імператара ад дажджу. А аднаму з самых паважаных майстроў быў вынесены смяротны прысуд, бо ягоная мазаічная выява найвялікшага з кіраўнікоў разбурылася разам са сценамі храма падчас землятрусу. Здаралася, каралі і цэлыя сем’і: закон абавязваў мець у кожным доме імператарскую ікону, і вышэйшую меру атрымлівалі бацькі, што падчас пажару ратавалі дзяцей, а не выяву Імператара ў першую чаргу.
Таму Персус з дзядзькам размясціліся так, каб помнік Імператару і зусім хавала ад позірку гандлёвая лаўка. Перш малады чалавек прамаўляў: «ленэзімія», «оатал», «жуфтсешк», «зектакомбь», «зектамбыло», «агузія», «аземія»... Пасля ён пачаў адпрацоўваць рухі. Ступню правай нагі перанёс за левую і сагнуў саму правую нагу ў калене, але не згінаючы пры гэтым левае калена (на гэтым руху ён заўсёды дзякаваў шчасліваму выпадку, што не прыходзіцца так рабіць). Выгнуў спіну, каб левым мезенцам дацягнуцца да вялікага пальца правай нагі і павольна пачаў разгінацца, разгортваючы корпус цела ўлева, адначасова падымаючы ў неба далонь у спецыяльным жэсце — вялікі палец і мезенец у бакі, безназоўны — складзены, сярэдні — цягнецца ўверх, а ўказальны яго абвівае.
Эгал уважліва сачыў за пляменнікам, час ад часу даючы рэкамендацыі, а мінакі са здзіўленнем разглядалі незвычайных мужчын. Адзін маленькі хлопчык нават палічыў, што Персус дурэе, падбег да яго, і, смеючыся, пачаў паўтараць за незнаёмцам, але бацькі адразу ж павялi дзіця за руку. Здзіўленне гараджан было зразумела Персусу і Эгалу, бо пабываць у палацы Імператара даводзілася толькі адзінкам, астатнія не мелі ўяўлення аб прыдворным ладзе, мове і этыкеце. Каб падрыхтавацца, у Персуса было не так шмат часу — усяго год. Эгал, якога выклікалі ў палац двойчы, вучыў пляменніка ўсяму, што ведаў сам.
Дольш за ўсё вывучалася мова імператарскага палаца. Чым бліжэй да яго, тым разнастайнейшым рабіўся свет і тым складаней станавілася мова яго апісання. Калі па-за межамі сталіцы было дастаткова, напрыклад, слоў «дрэва», «сліва», «груша», «ствол», «лісце», любое дрэва называлася «дрэвам», а любая галінка называлася «галінкай», то ў самім палацы ўсё мела ўласнае імя. Так, крэсла каля ложка Імператара называлася «элонія», крэсла каля акна — «пунтус», крэсла для дарадцы — «зіканерыя». Правая пярэдняя ножка зіканерыя мела назву «алеол», а левая задняя — «суліна». Кожны плод, які з’яўляўся на імператарскай яблыні, атрымліваў уласнае імя. Але адрозненне ўзнікала не проста са слоў. Любыя дзверы жытла любога селяніна ў імперыі былі такімі ж, як іншыя. У палацы Імператара — ніводных аднолькавых дзвярэй, ані па форме, ані па колеры, ані па ўзорах, ані па ручках і завесах. Ніводнаму прадмету немагчыма было адшукаць копіі ва ўсім свеце. Калі б падобнае дазвалялася і калі б просты грамадзянін трапіў у імператарскі палац, то яму здавалася б гэта перамяшчэннем у іншы свет.
Прэтэндаваць на сустрэчу з гэтым светам мелі права толькі найгоднейшыя. Бо нават спасцігнуць прыдворны этыкет здольны не кожны. Любая дэталь, любы лёгкі рух або імгненная ўсмешка, — усё мела важнае значэнне. Погляд у кірунку «пяткі-калені-падлога» азначаў павагу. Погляд на ўласныя грудзі азначаў пакору. Паварот падбародка да свайго левага пляча сімвалізаваў гонар за імперыю, а да правага — адданасць ёй. Выпадковасці ў палацы не дапускаліся.
Персус атрымаў ад дзядзькі апошнія ўказанні, пасля чаго іх шлях працягнуўся. Сонечныя прамяні пачыналі прыпякаць, і падарожныя рушылі праз гай. Сам сабе Персус працягваў вымаўляць найбольш складаныя словы, адначасова рэпеціруючы рухі рукой, пакуль нарэшце не ўсвядоміў, што варта зрабіць перапынак. Мужчыны павярнулі да Юбілейнай аркі, якую ўзвялі да васьмідзесяцігоддзя Імператара. Неўзабаве яны мінулі другі роў, што ахоўвала сталічная гвардыя. Варта было перасекчы гэтую мяжу, як люднасць, мітуслівасць і шум нібы пераставалі існаваць у адно імгненне.
У гэтай частцы горада знаходзіліся палацы міністраў, дарадцаў, военачальнікаў, царкоўных саноўнікаў і імператарскіх намеснікаў. Самым гучным тут было чырыканне птушак і гул ветру, а прыемныя водары кветак і дрэў не заглушалі тхліна, пахі кухні, смурод жывёл або людзей. Палацы размяшчаліся на значным аддаленні адзін ад аднаго, а іх памеры пераўзыходзілі любую пабудову, якую калі-небудзь у жыцці бачыў Персус. Мясцовыя насельнікі ўсяляк імкнуліся перагнаць сваіх суседзяў. Адзін палац быў падобны на піраміду і цягнуўся да самых аблокаў, другі красаваўся мудрагелістай каляровай ляпнінай і незвычайнымі калонамі, трэці атачалі мноства фантанаў, статуй, сад-лабірынт…
Сталіцу за другім ровам Персус ведаў толькі па аповедах дзядзькі. Той маляваў самымі яркімі фарбамі, але, як цяпер выявілася, любыя словы былі занадта цьмянымі. Ён і раней марыў, што хоць калі-небудзь здолее заслужыць права сюды перабрацца, а пасля ўбачанага жаданне стала невыносна прыпякаць і казытаць дзесьці ўсярэдзіне паміж жыватом і шыяй.
Захоплена вывучаючы наваколле, Персус усё больш паглыбляўся ў разважанні, пакуль Эгал не ўказаў на адну з пабудоў. Палац кубічнай формы вянчаў гіганцкі чырвоны купал. Ля падножжа доўгай лесвіцы гасцей сустракалі мармуровыя статуі герояў імперыі. На вяршыні каля ўвахода размяшчаліся высокія калоны ў выглядзе ствалоў дуба, якія быццам абвіваў хмель. Персус ненадоўга спыніўся, каб у поўнай меры нацешыцца сузіраннем выдатнага палаца Арыплота. Ён служыў маладому чалавеку галоўным героем, прыкладам, якім хацелася кіравацца. Народжаны на ўскраіне імперыі ў сям’і сялян, да старасці Арыплот здолеў даслужыцца да пасады міністра. Дасягненні яго натхнялі Персуса на працягу ўсёй кар’еры, і хлопец быў асабліва рады, што ўбачыў гэты палац у такі адказны і хвалюючы для сябе дзень.
Перш чым пераадолець апошні роў, Персус і Эгал спыніліся каля даздэміі — прасторнага драўлянага будынка, дзе любому, незалежна ад займаемай пасады, прадпісвалася пакінуць каня і зброю. Трэці роў быў самым шырокім і глыбокім, а мост праз яго — самым маленькім і недаўгавечным. Па гэты бок перыметр ахоўвалі вартаўнікі з сабакамі, па той — салдаты Імператарскай аховы стаялі шчыльным колам уздоўж рова, дно якога насялялі алігатары. Трапіць бліжэй да Імператара магчыма было толькі праз масток, які будавалі пры неабходнасці кожны раз наноў, пасля чаго адразу ж разбуралі.
Стражнікі абшукалі мужчын і, пераканаўшыся, што яны пакінулі ўсё лішняе ў даздэміі, дазволілі ім перайсці роў. Персус мінуў мост і толькі пасля гэтага ўсвядоміў у поўнай меры, што перасек мяжу, што падзяліла ягонае жыццё на «да» і «пасля». Мяжу, якую ён пераадолее, бы гэты роў, або праваліцца, проста вярнуцца назад па мосце ўжо не будзе магчымасці. Яго кар’ера апынулася імклівай. Мабыць, нават занадта імклівай.
Заступніцтва дзядзькі паспяхова спалучалася з уласнымі здольнасцямі Персуса і яго стараннасцю. Дзякуючы Эгалу — аднаму з гарадскіх магістраў — ён атрымаў пасаду памочніка сакратара намесніка гарадскога магістра. Затым даслужыўся да сакратара намесніка гарадскога магістра, памочніка сакратара самога магістра і за два гады сам стаў сакратаром гарадскога магістра. Яшчэ за тры гады ён прайшоў той жа шлях на ўзроўні гарадскога прэфекта, і за пяць гадоў — на ўзроўні прэфекта правінцыі, які ў выніку рэкамендаваў Персуса міністру на пасаду гарадскога магістра забеспячэння. Пасля разгляду ягонай кандыдатуры і службы за гэтыя гады, міністр хадайнічаў аб прызначэнні перад Імператарам.
Хваляванне павольна, але ўпэўнена брала верх над вытрымкай. Як бы Персус ні намагаўся, яму не ўдавалася даць рады сабе. Сённяшняя аўдыенцыя ў Імператара была не толькі і не столькі знакам асаблівых заслуг, колькі неабходнай умовай прызначэння на такую важную пасаду. Працэдура ўхвалення Імператарам хоць і насіла фармальны характар, але ад таго не станавілася менш адказнай.
Удалечыні на гары было відаць палац. Пасля рова Персус і Эгал прайшлі праз густы парк з незвычайнымі дрэвамі і велізарнымі фантанамі. Доўгае ўзыходжанне забрала ў іх амаль усе сілы, але, мінуўшы складаны шлях, захоплены ўбачаным Персус забыўся на стомленасць і кволасць. Перад імі распасціралася доўгая мармуровая лесвіца, а яе шырыня змясціла б дзесяць вазоў. Высокія прыступкі даходзілі яму амаль да калена, таму, каб падняцца, даводзілася задзіраць ногі да грудзей. Уздоўж лесвіцы цягнуліся круглыя з разьбой калоны. Лесвіцу вянчала арка з надпісамі, узорамі і скульптурай Імператара.
Персуса і Эгала сустрэла ахова. Калі салдаты расступіліся, перад імі адкрылася прастора даўжынёй і шырынёй у тысячы конных крокаў. У самым цэнтры размяшчаўся палац, а перад ім залатая статуя Імператара, ад якой ва ўсе бакі адбіваліся сонечныя прамяні. Палац меў Н-падобную форму: да асноўнай пяціўзроўневай часткі з двух бакоў прымыкалі каланады.
Каб патрапіць унутр, Персус з дзядзькам у суправаджэнні салдата прайшлі амаль да сярэдзіны левай каланады, дзе справа быў уваход у сам палац. Мужчыны ўвайшлі ў прыёмную. Там ужо чакала каля дзесяці чалавек.
Час ад часу да іх выходзіў адзін з памочнікаў імператарскага сакратара, які па адным запрашаў на аўдыенцыю. Персус хоць і быў захоплены ўласнымі думкамі, але здолеў заўважыць, што да прыёму ўсе госці былі аднолькавыя ў сваім чаканні — засяроджаныя, у большай ці ў меншай ступені ўсхваляваныя, з няўклюднымі рухамі і застылымі выразамі твараў, але калі людзі выходзілі ад Імператара, эмацыйная і мімічная палітра пачынала граць тут усімі адценнямі. Выраз твару з аднаго боку сведчыў пра зыход справы, але з іншага — і пра ўласныя асаблівасці рэакцыі, якія ў секунды, калі наведвальнік яшчэ не паспеў даць рады ўласным эмоцыям і іх цялесным праявам, раскрывалі без астачы нутро «госця».
Нарэшце памочнік сакратара запрасіў Эгала з пляменнікам. Персус здрыгануўся, нібы да яго нечакана дакрануліся. Ён хутка пачаў паўтараць сам сабе асноўныя словы і паслядоўнасць рухаў. З прыёмнай яны прайшлі ў хол, дзе памочнік сакратара асаблівым чынам пагрукаў у дзверы. Хтосьці па той бок адамкнуў замок, і яны апынуліся ў зале. Яна была настолькі вялікая, што нават калі крыкнуць у адным яе канцы, у іншым наўрад ці пачулі б. Столь была ўпрыгожана роспісам і мазаікай з каштоўных камянёў, якія адлюстроўвалі трынаццаць подзвігаў Імператара. На сценах майстры намалявалі герояў Імперыі і сцэны са Свяшчэннай кнігі.
На крэслах каля сцяны з левага боку сядзелі міністры і царкоўныя саноўнікі, з правага — намеснікі і дарадцы. Насупраць дзвярэй на ўзвышшы ў адну прыступку знаходзіліся памочнікі імператарскага сакратара, крыху далей, у цэнтры, на ўзвышшы ў некалькі прыступак, на крэсле сядзеў сакратар, а амаль у самым канцы залы, на ўзвышшы ў дзясяткі прыступак, на троне быў сам Імператар. Персус крадком спрабаваў яго разгледзець, але гэта яму ўдавалася з вялікай складанасцю.
Імператар кіраваў ужо больш за восемдзесят гадоў, а ўзышоў на пасаду ў пятнаццаць. Мабыць, на гэтым свеце не засталося ніводнага падданага, хто б здолеў прыгадаць той час. За гэтыя гады паспела змяніцца некалькі пакаленняў. Людзі нараджаліся, старэлі і паміралі, а Імператар сустракаў, спадарожнічаў ім і праводзіў.
Нягледзячы на ўзрост, ён выглядаў досыць дужым і выпраменьваў жыццёвую сілу. Яго кучаравыя рудыя валасы нібы гарэлі агнём. На квадратным васпаватым твары з падвоеным падбародкам, як камень на зямлі, выступаў буйны нос... Шырокі рот з тлустымі вуснамі... Вялікія круглыя вочы... Густыя бровы... Прадаўгаватыя выразныя мочкі вушэй... Глыбокія маршчыны па ўсім твары... Нібы паміж асобай Імператара і ягоным палацам існавала непасрэдная сувязь. Таму, калі некаторых дэталяў не ўдавалася разгледзець, убачанае Персусам у палацы і ваколіцах дазваляла ўяўленню дамаляваць адсутныя рысы. Раней на кожным пальцы Імператар насіў пячаткі, на руках і нагах залатыя бранзалеты, а яго сандалі і пояс былі аздобленыя каштоўнымі камянямі. Такія ўпрыгажэнні надзвычай ускладнялі рухі чалавека ў гадах. Таму цяпер Імператар быў апрануты толькі ў лёгкае белае адзенне — нікому іншаму не дазвалялася насіць гэты колер.
Па зале разнесліся воплескі. Першым належала выступіць прэфекту правінцыі. Ён адстукаў далонямі мелодыю і зрабіў некалькі складаных рухаў, адпаведных яго пасадзе і пратаколу падобнага прыёму. Пасля гэтага падышоў памочнік сакратара, праз якога прэфект звяртаўся да Імператара з просьбай аб прызначэнні Персуса. Ніхто, акрамя асабістага сакратара, не мог мець зносін з Імператарам наўпрост, і чым ніжэй статус грамадзяніна, тым больш звёнаў дадавалася ў гэты ланцужок. Памочнік сакратара перасек усю залу, каб перадаць прашэнне сакратару, які перадаў яго самому Імператару. Затым падняўся міністр, што са свайго боку павінен быў ухваліць прашэнне падначаленага. Гэтым разам, каб прыняць і перадаць адабрэнне, наблізіўся сакратар Імператара.
Надышла чарга Персуса. На адной назе ён прысеў, нахіліўся наперад, а другую адставіў назад, каб усім целам распластацца на падлозе, пасля чаго ў зваротнай паслядоўнасці падняцца. Такім чынам Персус павітаў Імператара і засведчыў яму сваё шанаванне, якое перадалі па ланцужку ад прэфекта і памочніка сакратара да сакратара. Калі прывітанне было прынята, Персус праз прэфекта звярнуўся да Імператара па прызначэнне на пасаду гарадскога магістра забеспячэння, пасля чаго ішла самая складаная частка палацавага цырыманіялу. Персус хутка зрабіў дзесяць абаротаў вакол сябе ў адзін бок і столькі ж у другі. Затым ступню правай нагі перанёс за левую і сагнуў саму правую нагу ў калене, але не згінаючы пры гэтым левае калена. Выгнуў спіну, каб левым мезенцам дацягнуцца да вялікага пальца правай нагі і павольна пачаў разгінацца, разгортваючы корпус цела ўлева, адначасова падымаючы ў неба далонь у спецыяльным жэсце — вялікі палец і мезенец у бакі, безназоўны — складзены, сярэдні — цягнецца ўверх, а ўказальны яго абвівае. Затым ён хутка выраўнаваўся, пасля чаго ў завяршэнне яму мелася паднесці далоні да грудзей і, зводзячы рукі крыж-накрыж, зрабіць узмах на ўзроўні плячэй. Але, робячы чарговы рух, левае калена працяў востры боль, нібы туды трапіла страла, і Персус зрабіў узмах не на ўзроўні пляча, а крыху вышэй.
Усхвалявана ён абвёў позіркам прысутных, спадзеючыся пераканацца, што яго хібу ніхто не заўважыў. Сакратар адышоў ад Імператара. Ад яго праз памочніка сакратара, міністра і прэфекта Персусу перадалі адмову. «Але ён памыліўся ўсяго толькі на дактыль...» — не здолеўшы стрымаць парыў, паспрабаваў апраўдаць пляменніка Эгал. Напалоханы такім свавольствам, прэфект хуткім жэстам загадаў яму змоўкнуць.
Ад Імператара зноў адышоў сакратар, каб перадаць па ланцужку ўдакладненне: «куды яму кіраваць дзяржавай, калі ён не здольны даць рады нават уласнай руцэ», пасля чаго памочнік сакратара паведаміў, што прэфекта разжалуюць да гарадскога магістра, а Эгала і яго пляменніка пазбаўляюць усіх імператарскіх пасад. Каб канчаткова не пагоршыць сваё становішча, Эгал і Персус падзякавалі Імператару за прыём, пасля чаго здзейснілі шэраг адпаведных цырыманіялу рухаў. Затым, у суправаджэнні аднаго з памочнікаў сакратара Імператара, а потым салдата, яны пакінулі палац.
Персус з Эгалам спусціліся з гары і, абмінуўшы парк, дабраліся да рова. Усю дарогу яны ішлі моўчкі. Галовы былі нібы спустошаныя. Толькі на імгненне Персус успомніў, што згубіў магчымасць паглядзець на Арыплота. Вечарэла, і праход каля моста ўжо асвятлялі паходнямі. Мужчыны прайшлі ў даздэмію, каб забраць коней і зброю, але ў гэтым ім было адмоўлена. Мець зброю грамадзянам дазвалялася толькі на імператарскай службе. Коні ж ім таксама не належалі, бо іх выдавалі ў адпаведнасці з займаемымi пасадамі.
Яны пакорліва адышлі, пакінуўшы тут больш, чым цяпер мелі.