Гарбуз — гэта свайго роду прыродны вітамінна-мінеральны комплекс, неабходны ўсім нам з надыходам халадоў. Ён цікавы не толькі разнастайнасцю памераў, формаў і колераў, смакавымі якасцямі, але і ў першую чаргу, сваёй карысцю для здароўя. У прыватнасці, як і ўсе прадукты аранжавага і жоўта-аранжавага колеру, гарбуз утрымлівае бэта-карацін — рэчыва, якое з'яўляецца папярэднікам вітаміну А. Той, у сваю чаргу, асноўны вітамін, які абараняе слізістыя верхніх дыхальных шляхоў ад пранікнення вірусаў і бактэрый.
Ды і ўвогуле гарбуз — скарбніца вітамінаў, мінералаў і карысных рэчываў.
— У яго склад уваходзяць вітаміны групы В, C, A, E, D, PP, K, мікраэлементы F, Mg, K, Cu, Ca, Zn, Mn, P, І, амінакіслоты, пекцін, бялкі, клятчатка, глюкоза і іншыя рэчывы. За здольнасць садзейнічаць лячэнню розных захворванняў яго называюць «аранжавым доктарам». Пры рэгулярным ужыванні ён зніжае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, мае слабіцельны эфект, станоўча ўплывае на работу стрававальнай сістэмы, стымулюе дзейнасць нырак і печані, выводзіць з арганізма халестэрын і шлакі, спрыяе паляпшэнню зроку, павышае імунную рэакцыю арганізма, мае мачагонныя ўласцівасці і аказвае спрыяльны ўплыў на нервовую сістэму, — расказвае памочнік урача-гігіеніста Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна Ляшкевіч.
Мякаць гарбуза ўжываюць у сырым выглядзе, смажаць, тушаць, вараць, запякаюць... Пры жаданні можна знайсці велізарную колькасць разнастайных рэцэптаў. Насенне (гарбузікі) — не менш каштоўны складнік плода, чым мякаць. Гэта бадай найлепшая крыніца цынку, які надзвычай карысны для рэгенерацыі скуры і падтрымання мужчынскага здароўя. У ім утрымліваецца трыптафан — амінакіслата, якая прымае ўдзел у вытворчасці сератаніну — так званага гармона шчасця. Таксама гарбузікі здаўна славяцца супрацьгельмінтнымі ўласцівасцямі.
Але важна ведаць, што пры цукровым дыябеце, сур'ёзных парушэннях у рабоце страўнікава-кішачнага тракту і індывідуальнай непераноснасці гарбуз варта ўжываць з асцярожнасцю, а, магчыма, і зусім ад яго адмовіцца.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/garbuz
[5] https://zviazda.by/be/tags/karysc
[6] https://zviazda.by/be/tags/garbuzy
[7] https://zviazda.by/be/tags/vitaminy