Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС сталіцы была затрымана цяжарная жанчына, якая здзейсніла крадзеж парфумерыі і касметыкі з адной з гарадскіх крам.
Пра крымінальнае здарэнне правахоўнікам паведамілі супрацоўнікі гандлёвага аб’екта. Вывучыўшы запісы з камер відэаназірання, сышчыкі ўстанавілі, што да крадзяжу датычная раней судзімая 29-гадовая жыхарка Мінска.
Як патлумачыла дзяўчына, яна, зайшоўшы ў краму, дачакалася, пакуль побач з ёй не будуць знаходзіцца іншыя пакупнікі, і выкрала тавар. Узяўшы са стэлажа крэмы і туалетную ваду, схавала іх у кішэні курткі і сумачку, пасля чаго пакінула краму. Па інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, агульная сума шкоды склала больш за 900 рублёў.
Вядома, што затрыманая датычная да здзяйснення аналагічных крадзяжоў з крамы, размешчанай у Першамайскім раёне сталіцы. Устаноўлена, што выкрадзеную маёмасць яна прадала, а атрыманыя грошы выдаткавала на асабістыя патрэбы.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh