Беларусь выступае супраць надуманага выкарыстання асобнымі дзяржавамі — удзельніцамі АБСЕ ўстарэлых палітызаваных механізмаў. Аб гэтым заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей 3 снежня на 27-й сустрэчы Савета міністраў замежных спраў АБСЕ, якая прайшла анлайн, расказалі [1] БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
На пленарным пасяджэнні СМЗС кіраўнік беларускай дэлегацыі падкрэсліў неабходнасць пераадольваць дэфіцыт узаемнага даверу і блокавае мысленне, што захаваліся на прасторы АБСЕ, захоўваць прынцыпы суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ва ўнутраныя справы.
Уладзімір Макей акцэнтаваў увагу на недапушчальнасці прыняцця дзяржавамі-ўдзельніцамі аднабаковых абмежавальных мер, а таксама адзначыў контрпрадукцыйны характар санкцый, асабліва эканамічных, якія ніколі не дасягаюць сваіх мэт і толькі паглыбляюць бездань недаверу паміж краінамі.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў уклад Беларусі ва ўрэгуляванне зацягнутых канфліктаў на прасторы АБСЕ, намаганні па процідзеянні транснацыянальным выклікам і пагрозам. Міністр заклікаў засяродзіцца на рэальных пагрозах бяспецы і шукаць шляхі выхаду з інстытуцыянальнага крызісу, з якім сутыкнулася арганізацыя.
Прэв’ю: minsknews.by
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/politics/view/makej-na-pasjadzhenni-smzs-abse-vystupiu-suprats-nadumanaga-vykarystannja-ustarelyh-palityzavanyh-94402-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/abse