У 2021 годзе на тэрыторыі рэгіёну будзе здадзена больш за 16 тысяч квадратных метраў электрадамоў. Аб гэтым падчас работы ў грамадскай прыёмнай пры Гомельскім аблвыканкаме паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Дзмітрый Гайкевіч.
Ён нагадаў, што ў рэгіёне электрадамы ўжо пачалі ўзводзіць сёлета. Першы дом з аўтаномнай электракацельняй адкрылі ў пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна 7 лістапада. Да канца года яшчэ адзін падобны дом увядуць у эксплуатацыю ў абласным цэнтры. Агульная плошча такога жылля складзе больш за 7 тысяч квадратных метраў, гаворыцца на сайце [1] аблвыканкама.
Старшыня камітэта ўдакладніў, што на будучы год плануецца ўвесці электрадамы ў Тураве, рабочым пасёлку Хваёвы Бор, што ў Светлагорскім раёне, а таксама ў Калінкавічах, Петрыкаве, Брагіне і Гомелі.
«Агульная плошча такіх дамоў складзе не менш за 16,2 тысячы квадратных метраў, — удакладніў Дзмітрый Гайкевіч. — Будаўніцтва ўжо пачалося ў Тураве, Хваёвым Бары, Петрыкаве, Калінкавічах і Гомелі. Вызначаюцца таксама пляцоўкі і ў іншых раёнах».
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Спасылкі
[1] http://gomel-region.by/ru
[2] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[3] https://zviazda.by/be/tags/elektradom