У Індыі па-ранейшаму неспакойна: у краіне ўжо больш чым тры тыдні працягваецца шматтысячны пратэст фермераў. На гэтым тыдні маніфестанты нават зладзілі масавую галадоўку, паведаміў tass.ru. Фермеры такім чынам імкнуліся прыцягнуць увагу грамадскасці да свайго пратэсту, які, па іх словах, «носіць мірныя формы — па ўзоры Махатмы Гандзі». Адметна, што да сімвалічнай галадоўкі далучыўся і галоўны міністр нацыянальнай сталічнай акругі Дэлі (куды ўваходзіць індыйская сталіца Нью-Дэлі) Арвінд Кеджрывал. Што ж узрушыла індыйскіх фермераў?
Рыс і малако
Індыя — адна з найбуйнейшых сусветных сельскагаспадарчых дзяржаў. Паводле прагнозаў ААН, у сярэднетэрміновай перспектыве яна выйдзе на першае месца ў свеце па колькасці насельніцтва, апярэдзіўшы Кітай. Па плошчы ворных земляў Індыя з'яўляецца безумоўным сусветным лідарам: каля 160 мільёнаў гектараў. Па водных рэсурсах — 7-е месца. Галоўная крыніца вады для ірыгацыі ў Індыі — грунтавыя рэсурсы. У многіх рэгіёнах краіны сітуацыя з імі становіцца крытычнай: спажыванне значна апярэджвае аднаўленне з натуральных крыніц, узровень вод паніжаецца, адбываецца іх засаленне.
У Індыі найбольш паспяхова і стабільна развіваецца вытворчасць агародніны і садавіны. Па вагавых паказчыках гэтая галіна апярэджвае вытворчасць зернебабовых. Індыя займае другое месца ў свеце пасля Кітая па вытворчасці агародніны і садавіны і лідзіруе па аб'ёме сабранага ўраджаю такіх культур, як бананы, манга, зялёны гарошак. Галоўнымі збожжавымі культурамі ў краіне з'яўляюцца рыс (гадавы ўраджай — больш за 100 мільёнаў тон) і пшаніца (80—90 мільёнаў тон).
Індыя найбуйнейшы ў свеце вытворца малака. Галоўная культура індыйскага харчовага экспарту — рыс, які складае каля траціны ад усяго харчовага экспарту Індыі. Улічваючы крытычны стан запасаў грунтавых вод і хуткі рост насельніцтва, можна спрагназаваць, што вытворчасць і экспарт гэтай культуры з Індыі будзе скарачацца. Акрамя рысу, краіна экспартуе значную колькасць мяса, рыбнай прадукцыі і вострых спецый.
Цяжар даўгоў
Сельскагаспадарчы сектар складае амаль 15 працэнтаў эканомікі Індыі, якую ацэньвалі ў 2,9 трыльёна, але ў ім занята каля паловы з 1,3 мільярда жыхароў краіны. Гэта значыць, больш за 50 % працоўнай сілы залежыць ад сельскай гаспадаркі, пры гэтым па меншай меры 70 працэнтаў вясковых хатніх гаспадарак атрымліваюць сродкі для існавання толькі ад сельскагаспадарчага сектара, паведаміў tass.ru.
У той жа час значная частка фермераў аказваецца ўсё глыбей уцягнутай у даўгі з-за неўраджаяў і немагчымасці забяспечыць канкурэнтаздольныя цэны на сваю прадукцыю. Самагубства ў сялянскім асяроддзі — не рэдкасць. У 2018-м Нацыянальны банк сельскай гаспадаркі і развіцця сельскай мясцовасці заявіў, што больш за палову фермераў у даўгах. У 2018—2019 гадах пакончылі з сабой звыш 20 тысяч работнікаў сельскай гаспадаркі.
Доўгі час урады, якія змянялі адно аднаго, не хацелі брацца за рэформы ў гэтым адчувальным сектары: занадта шмат праблем. Індыйская эканоміка, якая многія гады пакутавала ад завышанага дзяржаўнага кантролю, дамаглася лібералізацыі ў 1991 годзе. Тагачасны прэм'ер Нарасімха Раа пайшоў на рэформы: яго ўрад адкрыў краіну для замежнага капіталу, палегчыў правілы ліцэнзавання бізнесу, дазволіў свабоднае канвертаванне рупіі, стварэнне прыватных банкаў з удзелам замежных партнёраў, вываз прыбытку за мяжу і гэтак далей. У выніку ўжо да канца 1990-х гадоў у свеце загаварылі аб «індыйскім цудзе» — усяго за некалькі гадоў краіна ўвайшла ў лік дзяржаў з самымі хуткімі тэмпамі эканамічнага росту. Але гэты працэс амаль не закрануў сельскую гаспадарку.
І вось цяпер, упэўнены эксперты, мы становімся сведкамі пачатку радыкальных перамен у індыйскай сельскай гаспадарцы. І ад таго, хто выйдзе пераможцам у гэтай спрэчцы фермераў з дзяржавай, залежыць тое, як зменіцца ўся аграрная Індыя ўжо ў найбліжэйшы час. У верасні гэтага года ўрад Нарэндры Модзі нарэшце пайшоў на перамены ў гэтай праблемнай галіне. Былі прыняты тры новыя законы. Яны дазваляюць буйным кампаніям закупляць прадукцыю ў сельгасвытворцаў напрамую, без пасрэднікаў, адзначае ТАСС. Законы таксама адкрылі магчымасці фермерам і сялянам прадаваць прадукцыю на любым рынку, а не толькі ў сваім штаце, а таксама моцна зніжаюць дзяржаўнае рэгуляванне сельгасрынкаў.
«Рэформы дапамогуць прыцягнуць інвестыцыі ў сельскую гаспадарку і прынясуць карысць фермерам», — заявіў Нарэндра Модзі на штогадовым сходзе Федэрацыі індыйскіх гандлёва-прамысловых палат у Нью-Дэлі, паведаміла Reuters.
Пандэмія і рэцэсія
Аднак замест падзякі ў адказ фермеры распачалі масавыя пратэсты. У асноўным пратэстуюць выхадцы з шасці штатаў: Пенджаб, Утар-Прадэш, Хар'яна, Утаракханд, Раджастан і Керала. Гэта важныя сельгасрэгіёны Індыі (толькі Пенджаб і Хар'яна вырабляюць амаль 18 мільёнаў тон рысу ў год, забяспечваючы Паўночную Індыю).
Насамрэч гэта ўжо не першы пратэст вытворцаў супраць сельскагаспадарчай палітыкі ўрада краіны. Як вядома, у лістападзе 2018 года тысячы фермераў прайшлі па Нью-Дэлі маршам да будынка парламента. Летась па ўсёй Індыі таксама ўспыхнулі масавыя пратэсты фермераў, у асноўным у штатах Мадх'я-Прадэш і Махараштра. Тады таксама былі сутыкненні з паліцыяй: па даных мясцовых СМІ, шэсць фермераў былі забітыя. Летам не менш за 35 тысяч фермераў прыйшлі, пратэстуючы, у эканамічную сталіцу Індыі Мумбаі. А цяпер яны яшчэ маюць намер пачаць акцыю «Гаон бандх» («Закрый вёску»), спыніўшы пастаўкі садавіны, агародніны і малочных прадуктаў у гарады, згадаў tass.ru.
Напрыканцы лістапада ў Індыі пачалася, напэўна, самая маштабная забастоўка ў гісторыі. Паводле падлікаў прафсаюзаў і СМІ, у ёй узялі ўдзел чвэрць мільярда чалавек. «Марш на Дэлі», арганізаваны галоўнымі прафаб'яднаннямі краіны, пачаўся адразу пасля таго, як прэзідэнт Рат Нат Кавінд ухваліў новыя законы. Тры з іх «фермерскія», і яшчэ чатыры закранаюць інтарэсы работнікаў прамысловасці.
«Мы хочам перамен. Але іншых!» — патлумачыў tass.ru ўдзельнік пратэстаў Равіндэр Сінгх. Ужо некалькі гадоў у ходзе маршаў пратэсту сяляне дамагаюцца павышэння мінімальнай дзяржаўнай закупачнай цаны на сельгаспрадукцыю, якая ў Індыі вызначаецца кожны сезон. Фермеры звычайна прадаюць сваю прадукцыю на мясцовых зарэгістраваных дзяржавай рынках, якія забяспечваюць ім мінімальны кошт. Гэта абараняе вытворцаў ад цэнавых узрушэнняў у выпадку неўраджаю.
Эксперты нагадваюць, што пандэмія заганяе краіну ў сапраўдную рэцэсію, яшчэ больш паглыбляючы няроўнасць і галечу. Так ВУП Індыі за гэты год рэкордна зваліўся на 23,9 працэнта, а ўзровень беспрацоўя рэкордна вырас — да 27 %. Удзельнікі акцый пратэсту патрабуюць ад урада спынення палітыкі прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, адмены законаў, накіраваных «супраць работнікаў і фермераў». Прафсаюзы патрабуюць гарантый занятасці сельскім рабочым не менш за 200 дзён у год, а таксама павышэнне зарплаты і распаўсюджванне гэтых мер на гарадскіх працоўных.
Новы закон дае магчымасць прадпрыемствам, у штаце якіх працуе менш за 300 чалавек, праводзіць скарачэнні без спецыяльнага дазволу ўлад. Пры гэтым, піша Hіndustan Tіmes, у Індыі да 90 працэнтаў працоўнай сілы занята ў нефармальным сектары, пераважная большасць прадпрыемстваў маюць менш чым 300 работнікаў. А значыць, кадравая палітыка бізнесу застанецца без кантролю.
Перадзел рынку
Эксперты адзначаюць трывожныя тэндэнцыі. «Насамрэч мы становімся сведкамі сур'ёзнай барацьбы за перадзел індыйскага сельскагаспадарчага рынку ў выніку таго, што дзяржава хоча аслабіць кантроль над ім. З зямлі паступова выцясняецца традыцыйны гаспадар — сельская абшчына, дробны вытворца — фермеры, сяляне», — заўважыў tass.ru эканамічны аглядальнік Пардзіп Гапала.
Фермеры ўпэўнены, што ў адсутнасць дзяржаўных рэгулятараў іх будуць эксплуатаваць вялікія карпарацыі. Яны асцерагаюцца поўнай адмены закупных цэн, якія хоць неяк гарантавалі ім выжыванне ў вельмі цяжкім клімаце Індыі, дзе многія рэгіёны адчуваюць недахоп вады, а іншыя рэгулярна заліваюць паводкі. Новыя законы адкрыта заахвочваюць кантрактнае земляробства, і фермеры асцерагаюцца, што буйныя кампаніі павыкупляюць іх зямлю за даўгі, а яны ператворацца ў рабочых па кантракце, адзначае эксперт.
«Урад пераконвае, што захавае закупачныя цэны. Але прафсаюзы фермераў і апазіцыйныя партыі сцвярджаюць, што законы паступова прывядуць да паэтапнай адмовы ад закупачных цэн і традыцыйнай сістэмы збожжавых рынкаў і, такім чынам, знішчаць дробных фермераў. Галоўным на рынку становіцца не селянін і нават не дзяржава, а перакупшчыкі, у якіх ёсць транспарт, структуры, склады. Перавагу атрымаюць і буйныя сельгаскарпарацыі», — лічыць Пардзіп Гапала.
Вядомы індыйскі палітолаг Нандан Унікрышнан мяркуе, што прычынай з'яўлення новых законаў стала значная цікавасць замежных і мясцовых буйных кампаній і алігархаў да індыйскага рынку сельскагаспадарчай зямлі. «Пачнём з таго, што ў Індыю прыйшлі замежныя гульцы, мультыбрэндавыя сеткі, якія пачалі сур'ёзна разглядаць інвестыцыі ў аграрны рынак. Гэта і PepsіCo, і Amazon, і Walmart. Яны гатовы закупляць прадукцыю наўпрост — абыходзячы мясцовыя рынкі. Індыйскія алігархі таксама ажывіліся: у краіне чакаюць вялікіх перамен у гандлі з прыходам мультыбрэндавых сетак. А гэтым гульцам нявыгадныя нормы дзяржкантролю ў індыйскай сельскай гаспадарцы, якія стрымліваюць рынак. Да таго ж ім прасцей мець справу з буйнымі вытворцамі прадукцыі», — адзначыў tass.ru Нандан Унікрышнан.
Тым часам стала вядома, што фермеры сямі штатаў, якія ўваходзяць у дзесяць прафсаюзаў, пагадзіліся з прапановай індыйскага ўрада выправіць тры новыя аграрныя законы, паведаміла індыйскае інфармацыйнае агенцтва ІANS. Яны лічаць, што новыя законы прынясуць карысць фермерам усёй Індыі і пазбавяць іх «ад кіпцюроў пасрэднікаў», якія дыктуюць умовы продажу ўраджаю. На іх думку, законы забяспечаць фермерам свабоду выбару пры продажы і куплі сельгаспрадукцыі. Прафсаюзы змянілі меркаванне пасля сустрэчы іх лідараў з міністрам сельскай гаспадаркі Індыі Нарэндрам Сінгхам Тамарам. У спецыяльным мемарандуме яны заявілі аб сваёй згодзе з прапанаванымі ўрадам папраўкамі.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/indyya-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/fermery-0