Да самага чароўнага свята года застаецца зусім няшмат. Калі вы яшчэ не паспелі падрыхтавацца, для вас карэспандэнт «Звязды» прабеглася па розных гандлёвых пунктах сталіцы, каб ацаніць асартымент ёлак і цацак, а разам з тым даведацца аб запытах пакупнікоў.
Зляпіць Снягурку сваімі рукамі
Зайшоўшы ў адзін з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў, адразу затаіла дыханне: усё зіхаціць. Адусюль відаць высокая ёлка з яркімі шарамі і рознакаляровымі агеньчыкамі. Да таго ж чутны калядныя песні, што, безумоўна, стварае патрэбную атмасферу. У адной з крамаў падарункаў наведвальнікаў дастаткова, хоць і будні дзень. Касір, заўважыўшы маю зацікаўленасць, вырашыла дапамагчы.
— У нас ёсць усё, што патрэбна для Новага года. Актыўна купляюць ёлкі, свечкі, гірлянды і іншае. Самае таннае ўпрыгажэнне каштуе рубель — гэта магніт з прадказаннямі, самае дарагое — снежны шар з быком за 120 рублёў. Папулярныя статуэткі шчаўкунка, якія каштуюць крыху больш за 10 рублёў, шкляныя навагоднія шары ручной работы — ад 7 да 23 рублёў за экзэмпляр, маленькія сувеніры, асабліва ў форме быка за 2-3 рублі, а таксама календары з сімволікай наступаючага года — ад 5 да 20 рублёў (яны, дарэчы, штогод добра прадаюцца). Сёлета многім вельмі спадабаліся спрэі з трафарэтамі, з дапамогай іх можна рабіць малюнкі на вокнах. А яшчэ тыя падарункі, якія трэба дарабіць самастойна: сшыць, зляпіць, звязаць і іншае. Напрыклад, набор для творчасці «Чароўны шар» можна набыць за 10—15 рублёў у залежнасці ад памеру, пластыкавы шар для дэкарыравання — за 3,19 рубля.
Набор ёлачных шароў з дваццаці штук каштуе тут 6,75 рубля, з дваццаці чатырох — 19,19 рубля, за сорак адзінак аддасце 24,4 рубля. Чатыры шкляныя шышкі абыдуцца ў 8 рублёў, а сэрцы — у 6,5. Свечкі розных пахаў і колераў каштуюць ад 3 да 5 рублёў, а вось гелевыя ў наборы з трох штук — крыху больш за 20 рублёў. Мішура — амаль за 3 рублі, а гірлянда — без малога 59. Галоўны атрыбут свята — ёлку — тут можна купіць ад 100 рублёў.
— Лічу, што ў першую чаргу трэба выбіраць нешта для душы, — кажа пакупніца Людміла. — Пры выбары навагодніх упрыгажэнняў аддаю перавагу толькі беларускім гандлёвым цэнтрам. Зайшла сюды, каб «быць у курсе», што нам прапаноўваюць іншыя прадаўцы. Але для мяне відавочна: па якасці і асартыменце выйграе айчынная вытворчасць. Большасць ёлачных шарыкаў, якія выкарыстоўваю ў святочныя дні для дома цяпер, засталіся яшчэ з 50-х гадоў, але часам хочацца набыць нешта новенькае. А ёлку стаўлю штучную, бо так больш практычна: купіў прыгажуню, — і гадоў 15 можна не турбавацца.
«Апельсін у цукры» і «Зімовы лес»
Зазірнулі ў іншую краму падарункаў, дзе таксама вельмі адчуваецца надыходзячае свята. Хтосьці выбірае абрусы, хтосьці — цацкі.
— Чаго ў нас толькі няма! — паказвае навагодні асартымент загадчыца. — Сёлета шмат навінак: ад сувеніраў да посуду з навагоднімі арнаментамі. Асноўны вытворца — Кітай. Напрыклад, дэкаратыўны вянок абыдзецца ў 18,18 рубля (дыяметрам 44 сантыметры), чырвоная зорка (49 на 49 сантыметраў) — у 15,5 рубля, але ёсць і танней — за 10,75 (дыяметрам 37 сантыметраў). «Дожджык» у залежнасці ад колеру і даўжыні каштуе ад 2 да 6 рублёў. Навагодні фартух дыяметрам 60 на 65 сантыметраў — 20 рублёў. Абрус са стапрацэнтнай бавоўны (149 на 220 сантыметраў) — ад 39 да 71 рубля, прыхоп-рукавіцы — ад 3 да 12 рублёў, вязаныя пледы — ад 23 да амаль 82 рублёў. Свечкі ад 7 да 11 рублёў за набор. Аромасашэ па 10 грамаў за 3,49 рубля, у іх, дарэчы, вельмі прыгожыя назвы: «Апельсін у цукры», «Зімовы лес», «Калядны кірмаш». А што датычыцца ёлак, то бяруць рознага памеру, высокія нават у прыярытэце, часцей за ўсё — белага колеру. Па кошце дыяпазон даволі шырокі: ад 100 да 420 рублёў.
Шышкі, снегавікі, быкі, гномы... Праўда, найбольшым попытам карыстаюцца звычайныя шкляныя шары. Вытворцы прапануюць камплекты ў сінім, чырвоным, залатым, зялёным і іншых колерах. Напрыклад, за набор з дванаццаці штук аддасце амаль 5 рублёў, а за шаснаццаць — ад 6 да 12. Самыя запатрабаваныя тыя, што патанней. Вось і студэнтка Паліна зайшла ў краму паглядзець на сталічны навагодні асартымент, кажа, што купляць асабліва нічога не збіраецца, бо прывыкла рабіць гэта ў іншым месцы.
— Сама са Смалявічаў, таму набываю ўсё там, — і ехаць далёка нікуды не трэба, і па цане выгадна. Напрыклад, тыдзень таму купіла гірлянду за 7 рублёў, а тут у гандлёвых цэнтрах яна каштуе мінімум 20. Я студэнтка, таму пакуль няма вялікіх сродкаў на дарагія ўпрыгажэнні для дома. Але каб зрабіць свой куточак асаблівым, лічу, што трэба ўмець часам вылучыць час на пошук «самага-самага», бо з першага разу можа не атрымацца, і гэта нармальна. А таксама можна зрабіць нешта сваімі рукамі. Напрыклад, у мінулым годзе мы з мамай зрабілі вянок з яловых пухнатых галінак і вяроўкі: павесілі на яго шышкі, маленькія цацкі, нацерлі паралон, быццам снег. Атрымалася вельмі прыгожа!
16 рублёў за «Бычка» і 4 — за «цукеркі»
Штогод на навагоднім кірмашы ў адным са сталічных універмагаў робяць пакупкі тысячы мінчан і гасцей сталіцы. Знайсці святочнае дрэва і падарункі тут атрымаецца лёгка. Шэрагі зялёных прыгажунь сустракаюць наведвальнікаў на самым уваходзе. Прыкладна палова ёлак — айчыннай вытворчасці. Астатнія пераважна з Польшчы і Кітая. Кошт на іх залежыць ад памеру і якасці. Напрыклад, за польскую хвою на 1,2 метра аддасце без малога 79 рублёў, «сібірскую» той жа вытворчасці на 1,8 метра можна набыць за 225 рублёў, «цёмна-зялёную» на 1,95 метра — за 355,9 рубля, дрэва на 1,8 метра абыдзецца ў 837,9 рубля, на 2,2 метра — 691,9, на 2,5 — 359,9, а самая высокая на 3 метры каштуе амаль 800 рублёў (усе апошнія — Беларусь).
Прадавец-кансультант расказаў, што попыт зараз ёсць на ўсе прапанаваныя тавары.
— Больш за ўсё пытаюцца пра тыя ёлкі, што з сіліконавымі галінкамі. Самыя маленькія дрэвы звычайна набываюць людзі сталага ўзросту, бо іх лягчэй данесці. Сярэдняга памеру бяруць уладальнікі ўласных дамоў і тыя, хто жыве ў кватэры. Самыя высокія ў большасці купляюць прадпрыемствы і кампаніі. Што датычыцца іншых упрыгажэнняў, дык, напрыклад, агеньчыкі на ёлку бяруць часцей за ўсё ў цэнавым дыяпазоне ад 15 да 40 рублёў, яны адрозніваюцца колерам, формай, даўжынёй шнура, памерам, колькасцю святлодыёдаў, усе яны — з Кітая. Цацкі ў форме быка, статуэткі, скарбонкі — таксама топ продажу. Напрыклад, за керамічную скарбонку «Бычок» аддасце ад 16 да 23 рублёў у залежнасці ад памеру. Навагоднія наборы шарыкаў з шасці штук — ад 6 да 9,4 рубля, па дзевяць штук — ад 7 да 10 рублёў. Дэкаратыўная галінка — 4,5 рубля. Ёсць тавары са зніжкамі. Напрыклад, чатыры шкляныя «цукеркі» абыдуцца ў 4,14 рубля.
Дзед Мароз ці Санта Клаус?
А што прапаноўваюць сталічныя гіпермаркеты? У адным з іх, што ў Серабранцы, навагоднія атрыбуты сабраны побач.
— Бяруць гірлянды, мішуру, цацкі, шары, агеньчыкі, сувеніры, свечкі. Зразумела ж, купляюць цукеркі, шампанскае, мандарыны, — кажа таваразнаўца. — Сёлета амаль увесь асартымент новы. Напрыклад, статуэтка «Шчаўкунок» каштуе без малога 200 рублёў, 15-сантыметровая свечка «Гном» — 8,99 рубля, сувенір «Санта» — 39,98, Дзед Мароз — 69,99, статуэтка быка — 5,89 рубля. Калядны вянок з белымі кончыкамі і шышкамі — за амаль 50 рублёў, з
ягадамі — за 54,99 рубля. «Дожджыкі» можна набыць па кошце ад рубля і вышэй, наборы ёлачных шароў — ад 7 рублёў за тры штукі да 70 рублёў за 94 адзінкі. Свечкі ёсць як за 6 рублёў, так і за 12. Посуд са святочным арнаментам — ад 20 да 34 рублёў. Электрагірлянды на 400 лямпачак — 82,9 рубля, а, напрыклад, на 576 — 127,99, самая танная — амаль 10 рублёў. Штучныя ёлкі каштуюць ад 90 рублёў за метровую да 600 рублёў за двухметровую.
Прадстаўлены і навагоднія касцюмы. «Маскарадны пудзель» для хлопчыкаў дашкольнага ўзросту можна набыць за 39,99 рубля, «Снегавік» для дзяўчынкі — за 18,79. Касцюм Дзеда Мароза абыдзецца ў 179,99 рубля, Снягуркі — у 169,99. Таксама тут шмат салодкіх падарункаў у коштавым дыяпазоне ад трох рублёў і вышэй. Напрыклад, за ледзянцовую карамель «Ялінка на палачцы» аддасце 3,9 рубля, за набор цукерак на 115 грамаў — 4,29, «Навагоднія хлопцы» на 700 грамаў каштуюць 8,99 рубля, «Мішкавы прысмакі» — 11,99, а маленькі набор «Монстрык» на 380 грамаў — 7,99 рубля. Усё абазначанае — беларускіх вытворцаў.
— Мне больш падабаецца знаёмы з дзяцінства Дзед Мароз, а не Санта Клаус, — падзялілася наведвальніца крамы Таццяна. — Угаварыла мужа купіць менавіта яго. Акуляры, бародка, кій, валёнкі знаёмыя нашаму пакаленню, хоць ён нават даражэйшы, чым замежны. Шкада, што тыя ўпрыгажэнні на ёлку, якія былі ў дзяцінстве, цяпер амаль не сустрэнеш. Кожнае — як твор мастацтва, а зараз быццам без душы. Не хапае эксклюзіўнасці. Гатова пераплаціць, але каб было не так, як ва ўсіх.
Іглічны пах і перадсвяточны настрой
На адным з вядомых сталічных рынкаў з самай раніцы ўсё кіпіць: прадаўцы развешваюць тавар, узнімаюць адно аднаму настрой, разглядваюць упрыгажэнні, якія прывезлі іншыя калегі. «Дожджыкі» і мішуру тут прадаюць па 2—5 рублёў за штуку, вялікія зоркі і сняжынкі, што свецяцца, — па 55—80 рублёў, магніцікі і статуэткі з быком — па 2—5 рублёў, хлапушкі будуць каштаваць столькі ж, бенгальскія агні — 1,5—3, агеньчыкі — ад 6 да 20 рублёў. Цацкі ў выглядзе Дзеда Мароза — ад 50 рублёў.
— Колькі ў цябе каштуе гэты чароўны шар? — цікавіцца адзін прадавец у іншага, уважліва разглядаючы яго ў руках, паварочваючы то ўправа, то ўлева, каб атрымліваўся прыгожы «снегапад».
— 120 рублёў, толькі сёння прывёз, — адказвае ўладальнік. — Зараз якраз пішу на таблічцы «не чапаць рукамі» (усміхаецца), вы ўжо парушылі гэта правіла.
Прадавец Пётр расказаў, што зараз актыўна купляюць усё тое, што танней.
— Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца папяровыя календары, ды і пластыкавыя бяруць, а таксама тавары, звязаныя з навагодняй сімволікай. Заўсёды імкнуся прывозіць штосьці эксклюзіўнае. Сёлета гэта шары са снегам, якія свецяцца, — па 100 і 120 рублёў. Большасць прадукцыі з Кітая, але ёсць і з Расіі. За якасць адказваю з упэўненасцю, бо працую не першы год. Невялічкія штучныя елкі набываюць з ахвотай, асабліва белага колеру. Вось гэтая, напрыклад, каштуе 50 рублёў (паказвае на пухнатую прыгажуню). Мішуру бяруць розную: ружовага, зялёнага, чырвонага, сіняга колераў. Пра сімвал года — Дзеда Мароза — пытаюцца, але купляюць рэдка, тое ж самае датычыцца іншых вялікіх цацак. Зразумела, больш пакупнікоў прыходзяць у суботу, а калі ў будні, то бліжэй да вечара. Упэўнены, што ўжо праз пару дзён продаж пойдзе нашмат лепш.
Наталля пачала продаж з першага снежня. Адзначае, што многія завітваюць сюды, каб проста ўзняць навагодні настрой. «Гандлюю тут ужо пяць гадоў. Кожны выбірае штосьці зыходзячы з патрэб і магчымасцяў. Заўсёды кажу: з пакупніком важна знаходзіць кантакт, выслухаць, нешта падказаць. Наведвальнікам заўсёды жадаю здароўя і дабра, лічу, што, калі хочаш, каб да цябе нешта прыходзіла, умей аддаваць. Якое б ні было жыццё, трэба глядзець на яго з пазітывам. Таму, калі да мяне падыходзяць нават адзін раз за дзень, ужо вельмі прыемна».
Дар'я ШЛАПАКОВА, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/navagodni-kirmash
[4] https://zviazda.by/be/tags/kirmash
[5] https://zviazda.by/be/tags/yolachnyya-cacki