Ці лёгка спускацца з гары?
Падборкай вершаў Насты Кудасавай «Ззяць найсвяцейшай з музык» пачынаецца снежаньскае «Полымя». Назва падборкі настройвае на ўзнёсла-рамантычна-любоўна-лірычны лад, але ў саміх творах нерв, які «ззяе» ярчэй ад астатніх, — гэта нерв болю: ад нераздзеленасці не кахання, а таго ўнутранага стану і свету, у якім яно месціцца і патрабуе выйсця — а выйсця быццам і няма...
Боль страты: адзін з вершаў прысвечаны памяці Ігара Канановіча (1983–2016) — паэта, які, згодна з адной з версій, праз цяжкае матэрыяльнае становішча скончыў жыццё самагубствам. Немагчыма дарэшты зразумець і ўсвядоміць: сёння ты бесклапотна дзелішся з сябрам уражаннямі і планамі, абмяркоўваеш прачытаныя кнігі, а заўтра палосы навін стракацяць жудаснай весткай: адбылася трагедыя, уратаваць не здолелі. Боль ад немагчымасці ахапіць чалавечым розумам, абмежаваным фізіялагічнымі рамкамі ўспрымання, працяг фізічнага існавання ці хаця б пераканацца ў яго наяўнасці:
мёртвым не баліць, а мне — баляць,
баляць мае мёртвыя,
колькі ні замоўчвай, ні выкрэслівай,
ні перагортвай,
колькі ні спрабуй трымацца верай
у паняверцы...
мёртвыя мае, ну як там? пішацца вам?
пяецца?
ці хапае крылаў анёльскіх —
без рук рукацца?
Нізка вершаў Анатоля Зэкава пад агульнай назвай «Жыць і марыць» запомнілася ўдалай метафарай: «душы адтаюць у храме // і мякчэюць, // быццам воск у свечках». Рытмы некаторых твораў А. Зэкава быццам наўмысна адсылаюць да класікаў. Чытаеш: «І гулкае зязюльчына „ку-ку“, // і гром з маланкай, і дугу-вясёлку, // і сонца, што садзіцца за раку...», а ўваччу — Купалава «Спадчына»: «І тое нуднае ягнят // Бляянне-зоў на пасьбішчы, // І крык вароніных грамад // На могілкавым кладзьбішчы». А аўтарскае сцвярджэнне «Нялёгка пад гару ісці, // з гары спускацца ўсё ж лягчэй...» дык і ўвогуле падаецца спрэчным. Альпіністы ведаюць: чым больш стромая гара, тым складаней па ёй спусціцца. Найбольш удалымі падаюцца лаканічныя чатырохрадкоўі, дзе сканцэнтравана думка без зацягнутых разважанняў:
Прачынаюся раніцай
і адно непакоіць:
як балюча мне раніцца
кожны дзень аб былое.
Заслугоўвае ўвагі і нізка вершаў Зінаіды Дудзюк пад назвай «Зоркі свецяцца ў вачах». Філасофскі роздум і асэнсаванне быцця — асноўныя матывы паэзіі З. Дудзюк, прадстаўленай на старонках выдання.
Проза ў нумары таксама разнапланавая: заканчэнне рамана Міколы Адама «Адаптацыя», апавяданне Алеся Бычкоўскага «Замарочча» і апавяданні Арыны Гардзей, падобныя на прытчы.
Мікола Адам распавядае пра жыццё ў вёсцы (вонкавы ўзровень) і пра тое, як змяняўся ўнутраны свет героя, адаптаваўся (адкуль і назва твора), трапіўшы на шлях супрацьстаяння з тым адмоўным, што сімвалізуе вобраз Вёскі (сутнасны ўзровень). Расповед паглынае з першай старонкі. Аўтарскі стыль не падобны ні на чый іншы: словы кладуцца ў канву апавядання як цагліны ў сцяну: жорстка, важка, без кроплі вады, кожнае — на сваім месцы, без ценю самалюбавання, калі хочацца падаць сябе ў найлепшых адценнях. Тут не знойдзеш апісанняў лагодных вясновых краявідаў ці замілавання бярозкамі ды васількамі. Замест гэтага цябе ўсмоктвае змрочная багна ў свядомасці людзей, апісаная аўтарам з псіхалагічнай дакладнасцю.
Апавяданне Алеся Бычкоўскага таксама не расчаруе: з першых старонак яно падаецца фантастычным, і толькі бліжэй да завяршэння разумееш, што ў ім няма нічога звышнатуральнага.
Невялікія расповеды Арыны Гардзей паказваюць унутраны свет юнай рамантычнай асобы, што дапамагае зірнуць і на сябе з крыху іншага ракурсу, іншымі вачыма.
Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з прозай Арамбілета, сучаснага пісьменніка з Дамініканскай Рэспублікі. У апавяданні «Зусім іншая Алейда» (перастворанае з іспанскай мовы на беларускую Рыгорам Лешуком) пісьменнік спалучае аповед пра паўсядзённае жыццё простай жанчыны, мясцовай актрысы, з экскурсам у гісторыю каланізацыі Амерыкі іспанскімі канкістадорамі.
Яна БУДОВІЧ
Аднойчы шчасце…
Па традыцыі ў канцы года «Нёман» прадстаўляе творы даволі сур’ёзныя і задуменныя. І для пісьменнікаў, і для чытачоў надышла пара падводзіць вынікі, вызначаць арыенціры, што, магчыма, апошнім часам пахіснуліся, прымусіўшы сумнявацца нават у самым надзейным ды трывалым. Аўтары часопіса звяртаюцца да вечных каштоўнасцей, у якіх знаходзяць адзінае выратаванне:любові, свабоды, прыгажосці.
Найлепш гэта ілюструе першы празаічны твор нумара пад назвай «Ікар» — аўтар Анатоль Андрэеў пазначыў як раман-развітанне. У цэнтры ўжо звыклага сюжэта — адораны чалавек, пісьменнік. Яго віна толькі ў тым, што дазволіў сабе свабодна думаць: «воляй ці няволяй» творца разгадвае нешта значнае ў сваім тэксце. Перад чытачом і антыўтопія, і міф, і дэтэктыў, і любоўны раман — у гэтым аб’яднанні хаваецца пэўны намёк на постмадэрнізм. Спрыяе таму і яшчэ адна асаблівасць, якая заўважаецца ў самым пачатку, — поўная безапеляцыйнасць высноў героя, яго іронія (сюды ж — звароты кшталту «шаноўныя», «спадары харошыя», «паважаныя», заўвагі «калі хто не зразумеў», «я вас малю», «ці ведаеце»). Пазней становіцца зразумела: мэта — дыскусія з рускімі класікамі.
Што тычыцца стылю, то гэта Фёдар Дастаеўскі, які згадваецца ў разважаннях такога плана: «Аднойчы... ох ужо гэтае праславутае аднойчы (або „жылі-былі“, або „неяк раз“, „даўным-даўно“ і гэтак далей), няўжо ніяк нельга абысціся без абрыдлага, зацяганага, нібы Біблія, „аднойчы“... мабыць, нельга, таму што ўсё калі-небудзь пачынаецца аднойчы... Аднойчы я абсалютна выпадкова... (а то яшчэ „раптам“, ці не жадаеце? — ау, Фёдар Міхайлавіч, вы грашылі гэтым выклічнікам у сваім вядомым Злачынстве), яшчэ больш зацяганае, чым „аднойчы“, ужо нават з адценнем пошласці, засаленасці, нячыстага налёту, якія ўзніклі ад неапраўданай частаты выкарыстання...» Што тычыцца зместу, то гэта Антон Чэхаў. Разумных людзей, сцвярджае герой, пісьменнік не матывуе, а дэмаралізуе: маўляў, гуманіст Чэхаў здраджвае чалавеку, бо прызнае яго права быць шчаслівым, але адмаўляе гэтаму праву з мары ператварацца ў рэальнасць. Герой жа Анатоля Андрэева — разумны чалавек, які можа быць шчаслівы насуперак усяму. Твор атрымаўся арыгінальны, але. даволі штучны.
Апавяданне Анатоля Казлова «Тралейбуснае шчасце» ў перакладзе з беларускай мовы Алега Пушкіна, наадварот, падаецца натуральным і вытрыманым. Класічная гісторыя аб няўдачлівай жанчыне за 50, нягледзячы на ўсю складанасць абставін, у якіх яна апынулася, не выглядае сумнай ці трагічнай. Гэтаму паспрыяў лёгкі стыль, красамоўныя дэталі і па-майстэрску створаныя жаночыя вобразы. Аўтару, відаць, уласцівы фаталізм, але ў дадзеным выпадку ён выглядае не як жорсткі прысуд, а як згода з наканаванасцю, нібы засцераганне ад нягод.
Друкуецца ў «Нёмане» і «Доўгі шлях да прызнання» Алены Чыжэўскай — фрагмент мастацка-дакументальнай аповесці «Роднай зямлі музыкант». Твор прысвечаны нацыянальнаму кампазітару Станіславу Манюшку, урывак жа — перыяду з 1848 па 1858 год у жыцці творцы.
Паэтычная частка апошняга ў годзе нумара прадстаўлена вершамі чытырох аўтараў — Казіміра Камейшы («Імкнецца ўдалячынь запаветная вярста» ў перакладзе на рускую мову Міхаіла Кулеша), Андрэя Скарынкіна («Я дзіўны храм у душы сваёй узвёў...»), Сяргея Белазёрава («Бачыш, як бывае ў людзей...», з прадмовай Андрэя Каровіна) і Таццяны Курмазіі («Вецер у спіну»). Найбольш цэласнай атрымалася падборка першага з пераліку паэта, якую завяршаюць вершы з летнімі, а часцей вясновымі матывамі, што прыхоўваюць не толькі надзеі, але і сумненні:
Ласточки перед дождем тревожат.
Что же значит низкий их полет?
Предвкушенье счастья — или,
может,
Будет всё как раз наоборот?
Між тым Казімір Камейша нібы сцвярджае: трывога — хай і неабходнае, але часовае пачуццё, якое не перашкаджае ўбачыць наперадзе новыя дарогі.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Цуд-ёга па-над белымі палямі
У мінулым годзе на гэтым самым месцы даводзілася рассейваць скептычны антыкалядна-антыінерцыйны настрой, гэтым жа разам нават не ведаеш, наколькі не толькі каляднае, але і абсалютна любое святочнае пачуццё легітымна і які орган гэтую легітымнасць раздае (а таксама ці можна выенчыць яе недзе па адпаведнай зніжцы). Штосьці мяняецца, штосьці не хоча мяняцца, але адзіны з пазітыўных астраўкоў стабільнасці — каляндарна-часавы сімулякр, згодна з меткай «снежань» на якім можна зноўку нядоўга паспадзявацца на ірацыянальна добрае.
Але «Маладосць» у прадмове вымалёўвае сваю карціну сусвету шырэй за паняцце дабра і разам з гэтым наракае «цудам жыцця» любую нечаканасць, незалежна ад яе знака, станоўчага ці адмоўнага.
Калумністыка гэтага часопіса, на мой суб’ектыўны погляд, звычайна не самы цікавы раздзел з не самымі яркімі і інфармацыйна насычанымі тэкстамі, і дзякуючы гэтаму так прыцягвае ўвагу Зміцер Кузменка. У сваёй «Каляднай песні» ён праз спляценне мастацкага і публіцыстычнага стыляў расказвае пра гісторыю аднайменнага твора Чарльза Дыкенса. Публіцыстычная частка матэрыялу складаецца з невялікіх невідавочных факцікаў і заканчваецца, сярод іншых пытанняў-няўпэўненасцяў-спадзеваў, той спасылкай на сучаснасць, якія заўсёды прыемна знаходзіць у месцах, дзе такіх авантур не чакаеш.
Паэтычны блок распачынаецца падборкай Дзіяны Ганчарык. Падыход да любоўнай лірыкі і ўвогуле дыялагічна-кінестэтычны: спалучэнне зваротаў і кароткіх радкоў дае адчуванне маўленчай інтымнасці сяброўскага кшталту. І на кантрасце з гэтым — апошні верш, які асобна ад астатніх надрукаваны на наступнай старонцы. «Цуд нараджэння», быццам у палеміцы з прадмовай да нумара часопіса, набывае сваю афарыстычную і змрочную трактоўку. Увесь верш, у адрозненне ад астатніх, з большага будуецца за кошт аповеду ад трэцяй асобы, што, з аднаго боку, дазваляе пагуляць з моцнымі фармулёўкамі быцця, а з другога — робіць такой вострай дыялагічную канцоўку. Усяго дзве рэплікі, пытанне і адказ, паміж якімі за кошт драбязы ўзнікае моцнае напружанне.
Адразу супраць сябе настройвае Аксана Гаджыа, да чыёй вершаванай падборкі дастасоўваецца яе ліст, у якім яна расказвае сваю гісторыю сутыкнення з Беларуссю і беларускай культурай (нарадзілася аўтарка ў Малдове). А напрыканцы і ўвогуле прызнаецца, што не лічыць «сябе паэтам, хутчэй жанчынай, якая ўмее кахаць, якая ўся і ёсць каханне». Вершы цалкам адпавядаюць такой аўтахарактарыстыцы. Застаецца запытацца: ці не забыліся ў часопісе на імгненне, што такога кшталту інклюзія — крышачку нефармат выдання пра літаратуру?..
Наста Дадонава ні ў чым асабліва не прызнаецца (акрамя таго, што раней «не пісала вершаў на тэму кахання, прыроды»), але сітуацыя з тэкстамі амаль тая ж: юнацкая павярхоўнасць і вобразная трывіяльнасць. І нават эпіграф з Анатоля Сыса не ратуе — няўжо ён цяпер настолькі ў мэйнстрыме, што адно яго згадванне не сведчыць ні аб чым наогул?..
Вядома ж, не абысціся без каляднай прозы. Дзмітрый Рубін лампава гуляецца з асацыятыўнымі сувязямі імені «Чарлі», Маргарыта Латышкевіч друкуецца НЕ з «Векам людзей». Акрамя гэтага, у калабарацыі з Інстытутам журналістыкі БДУ надрукавана некалькі апавяданняў студэнтаў кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі — таго ж каляднага напрамку.
Данііл ЛЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] http://zviazda.by/be/edition/polymya
[4] http://zviazda.by/be/edition/nyoman
[5] http://zviazda.by/be/edition/maladosc
[6] https://zviazda.by/be/tags/chasopisy
[7] https://zviazda.by/be/tags/anonsy
[8] https://zviazda.by/be/tags/aglyad
[9] https://zviazda.by/be/tags/nyoman-2
[10] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2
[11] https://zviazda.by/be/tags/polymya