У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі днямі прэзентавалі самую вялікую і комплексную працу ў найноўшай гісторыі нашай дзяржавы — выданне «Рэспубліка Беларусь: 25 гадоў стварэння і здзяйснення», якое ўбачыла свет сёлета ў выдавецтве «Беларуская навука». І вялікую ролю ў арганізацыі па падтрыхтоўцы і выпуску кнігі адыграла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
— Нацыянальная акадэмія навук, наш даўні партнёр, стварыла сапраўдны шэдэўр! Гэта своеасаблівая, багатая і ілюстраваная энцыклапедыя і яна з’яўляецца працягам існуючых навуковых традыцый і той значнай працы, якую зрабіла НАН. І гэта ўсё ў пэўнай ступені датычыцца кожнага жыхара нашай краіны, — сказаў на прэзентацыі генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.
Гэтае фундаментальнае і наватарскае выданне адлюстроўвае сучасны погляд на Беларусь і станаўленне нашай суверэннай дзяржавы. Гісторыю нашай краіны ўдалося аб’яднаць у сямі ярка ілюстрыраваных тамах, дзе кожны том адлюстроўвае вынікі умацавання нацыянальнай дзяржаўнасці: інстытуты ўлады і ўпраўленні, правы і свабоды грамадзян, эканамічную мадэль, развіццё прамысловасці, ахову здароўя і адукацыі, фізічную культуру і спорту, архітэктуру і градабудаўніцтва, мову і літаратуру, мастацтва.
У сваім уступным слове старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў вялікі аб’ём праведзенай аўтарамі працы і іх уклад у аналіз працэсу станаўлення сувярэннай Рэспублікі Беларусь. Вялікім даследаваннем займаліся больш за 400 аўтараў, сярод якіх былі і супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі. Творчы калектыў арыентаваўся на навукова-папулярны выклад матэрыялу і яго даступнасць для чытачоў розных узростаў.
Усе, хто мае цікавасць і жаданне азнаёміцца з гэтай фундаментальнай даследчай працай, могуць зрабіць гэта ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Алена ДРАПКО
Фота прадастаўлена НББ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-navuk-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/chverc-stagoddzya